Пасля з’яўлення “чорнага спісу” ганарар Вайцюшкевіча знізіўся ў 100 разоў
27.05.2011 17:37
—
Новости Культуры
|
Пасля з’яўлення “чорнага спісу” ганарар Вайцюшкевіча знізіўся ў 100 разоў Калі раней музыка атрымліваў ад пракруткі песень на радыё па 14 мільёнаў за год, то цяпер зарабляе ўсяго... па 9 тысяч за месяц.
Пасля з'яўлення "чорнага спіса" музыкаў колькасць канцэртаў беларускіх гуртоў, якія ў яго трапілі, відавочна скарацілася. Не чуваць іх і на радыё. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці скараціліся за апошнія месяцы аўтарскія адлічэнні музыкам-"ізгоям" за пракрутку іх песень. Яшчэ летась Зміцер Вайцюшкевіч атрымліваў каля мільёна рублёў за месяц. Праўда, тады ўсе 13 ягоных альбомаў актыўна круціліся на ФМ. Цяпер жа аўтарскія адлічэнні скараціліся больш чым у 100 разоў! Зміцер Вайцюшкевіч: "Апошнія тры месяцы я атрымліваў па 9 беларускіх тысяч, так што было вельмі весела за імі прыходзіць. А было больш. Было чатыры гады такія, калі я па чатырнаццаць мільёнаў у год атрымліваў". Менш грошай атрымаў ад "Беларускага Аўтарскага Таварыства" і лідар “Крамы” Ігар Варашкевіч. Але музыка бачыць у гэтым аб'ектыўную прычыну. Ігар Варашкевіч: "Перад выбарамі было 300 тысяч два разы, і пасля выбараў 300 тысяч. Потым увогуле нічога не было, а ў гэтым месяцы 150 тысяч. Але мне здаецца, што не залежыць нічога ад таго, што адбылося, бо калісьці было ўсяго толькі 8 тысяч. Але пойдзеш да іх разбірацца, яны пачынаюць плаціць, былі і такія гісторыі. Убачым, што будзе далей, але я думаю, што будзе менш грошай, бо закрылі "Аўтарадыё". Лявон Вольскі, аўтар адразу некалькіх праектаў, таксама адчуў значнае памяншэнне ганарараў за выкарыстоўванне сваіх песень, але для яго гэта не стала нечаканым. "Знізіліся памеры. Недзе ў разы тры-чатыры. Напэўна, ёсць нейкае распараджэнне, якое тычыцца FM-станцый, – усміхаецца Лявон Вольскі. – Але я не магу судзіць пра гэта. А можа, у "Аўтарскага таварыства" папросту няма грошай, дык яны вырашылі паменш плаціць. У прынцыпе, у маім выпадку, усё павольна і ішло да здрабнення". У Аўтарскім таварыстве распавялі, што, калі музыкі пачалі атрымліваць менш, то, хутчэй за ўсё, яны сталі менш гучаць у эфіры, але і гэта не факт. "Фіксаванай стаўкі няма. Аўтарскія ўзнагароды адлічваюцца, як адсотак ад прыбытку радыёстанцыі, – патлумачыў намеснік кіраўніка аддзела збору аўтарскага ганарару РУП "БелАТ" Уладзімір Сямянько. – Адпаведна, яны пералічваюць зусім розныя сумы аўтарскіх узнагародаў. Нават пры аднолькавай ратацыі на радыёстанцыях могуць быць абсалютна розныя грошы. Лепш за ўсіх плацяць "Русское Радио", радыё "Сталіца", "Радиус FM" - гэта самыя грашовыя станцыі. Але на адной песні вы мільёнаў не заробіце". Разам з часткай прыбытку радыёстанцыі перадаюць аўтарскаму таварыству плэйлісты. Грошы дзеляць на колькасць пракрутак, і вылічваецца ганарар. Дарэчы, апроч радыё ды тэлебачання свае ганарары музыкам плацяць і месцы грамадскага харчавання. Але звычайна грошы ад рэстаранаў ды кавярняў прыходзяць без указання выканаўцаў і аўтараў выкарыстаных песень, таму яны размяркоўваюцца паводле спецыяльнага рэйтынгу. Уладзімір Семянько: "Рэйтынг складаецца паводле таго, якія творы, якога аўтара і ў якім аб'ёме гучалі за квартал, напрыклад. То бок, гэта даволі дынамічная сітуацыя, але яна хоць неяк дазваляе больш-менш аб'ектыўна размяркоўваць грошы, якія прыйшлі без указання аўтарства. Гэта, у прынцыпе, сусветны досвед, бо, як правіла, танцуюць ды п'юць алкагольныя напоі пад тыя песні, якія зараз найбольш папулярныя. Таму рэйтынгі, складзеныя радыё і тэлебачаннем, пакладзеныя ў аснову таго, якім чынам размяркоўваць грошы ад кавярняў, бараў ды рэстаранаў". То бок, калі музыка не гучыць на радыё ды тэлебачанні, але яго запісы актыўна слухаюць у рэстаранах, то цалкам магчыма, што ён амаль не атрымае сваіх аўтарскіх. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі раней музыка атрымліваў ад пракруткі песень на радыё па 14 мільёнаў за год, то цяпер зарабляе ўсяго... па 9 тысяч за месяц. Пасля з'яўлення "чорнага спіса" музыкаў...
|
|