Скарбы з глыбіняў душы
02.06.2011
—
Новости Культуры
|
Прэзентацыя кнігі “Беларускае замежжа” стала змястоўнай размовай пра лёсы многіх суайчыннікаў, якія дзякуючы талентам і працавітасці здолелі праявіць сябе з самага лепшага боку ў іншых краінах
![]() “У кнігі “Беларускае замежжа” — не проста годнае знешняе аблічча, але і салідная містычная аснова”, — падзяліўся меркаваннем на імпрэзе ў навукова-метадычным цэнтры “ПРэзентацыя” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пісьменнік Валерый Казакоў. Ён, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, змагаўся за сваё месца пад сонцам, працуючы ў газеце “Красная звезда”, на іншых адказных пасадах. Развіваючы думку, наш зямляк заўважыў, што ў Расіі “дзе кіпіць жыццё, добра ідуць справы — там абавязкова ёсць выхадцы з Беларусі”. А біяграфіі людзей, што праславілі сябе, а значыць, і Бацькаўшчыну ў блізкіх і далёкіх краінах, яскрава сведчаць: уся гэта зямля надзвычай багатая на таленты. Падзякаваўшы выдавецтву, аўтарам за “вельмі патрэбнае ўсім нам выданне”, В. Казакоў паабяцаў: працяг будзе, новая кніга рыхтуецца. Велізарная праца архівістаў, энцыклапедыстаў пад час падрыхтоўкі “Беларускага замежжа” вялася амаль дзесяць гадоў. Як адзначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Мінюста Уладзімір Адамушка, упершыню ўключаны ў том дакументы з ХІV стагоддзя, якія тычацца праблем міграцыі. Ён назваў том другім па значнасці пасля кнігі “Беларусы” Яўхіма Карскага выданнем падобнага роду. Архітэктар Галіна Левіна, якая пісала ў кнігу артыкулы пра выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі, прызналася, што “ўлюбілася ў кожнага з тых, пра каго пісала”. Бо гэта вельмі моцныя духам людзі. Шмат цёплых слоў пачула ў свой адрас на прэзентацыі аўтар-складальнік кнігі, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. Яна займаецца праблемамі беларускай дыяспары з 1987 года. Ганарыцца, што рыхтавала пастанову Савета Міністраў наконт Першага з’езда беларусаў свету, ведае яе на памяць. Працавала і над дзяржпраграмай “Беларусы ў свеце”. “Беларуская дыяспара — гэта ідэалагічна ўнікальны пласт для развіцця нашага эканамічнага, гуманітарнага супрацоўніцтва з самымі рознымі краінамі”, — упэўнена Наталля Аляксандраўна. Дарэчы, на прэзентацыю былі запрошаны адказныя работнікі шэрагу гар- і райвыканкамаў Беларусі, якія праходзяць курсы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Для іх кніга можа стаць добрым дарадцам у развіцці ўсебаковых рэгіянальных кантактаў з землякамі ў замежжы. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзентацыя кнігі “Беларускае замежжа” стала змястоўнай размовай пра лёсы многіх суайчыннікаў, якія дзякуючы талентам і працавітасці здолелі праявіць сябе з... |
|