Віртуальнае вяртанне да сапраўднай радзімы. Свята “Ружанская брама” запрасіла прыхільнікаў духоўнай спадчыны ў невялічкі пасёлак
09.06.2011
—
Новости Культуры
|
Нагодай для ўрачыстасцей стала падзея насамрэч неардынарная: выхад у свет электроннага выдання “Кнігазбор роду Сапегаў”, прэзентацыя якога і адбылася ў Ружанскім палацавым комплексе, адной з трох рэзідэнцый магутнага магнацкага роду, цесна звязанага з гісторыяй нашага краю. Лютня і рамантычны настрой Прыгожым і трагічным быў лёс рэзідэнцыі Сапегаў у Ружанах. Хто быў тут досыць даўно, сёння прыемна здзівіўся: “беларускі Версаль”, непаўторная веліч-насць якога ўгадваецца нават у руінах, пакрысе аднаўляецца. Сама ўязная брама і ўсходні флігель сустрэлі былой прыгажосцю. У фае гучыць лютня — музыкі ў старадаўніх беларускіх строях ствараюць адмысловую атмасферу і рамантычны настрой.Па драўлянай лесвіцы падымаемся на другі паверх — і мы нібы ў адной з тых залаў, дзе некалі за важнымі справамі бавіў час гетман Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, палітык, юрыст, пісьменнік, патрыёт. На працягу жыцця ён стварыў і перадаў нашчадкам вялікую духоўную спадчыну, апекаваўся над мастакамі і літаратарамі, сабраў багатую бібліятэку, будаваў храмы. Адна з найбольш яскравых старонак жыцця Льва Сапегі — стварэнне і выданне на ўласныя сродкі Статута Вялікага Княства Літоўскага.Тут, у Ружанах, месцілася самая вялікая частка сямейнай бібліятэкі, якая, сцвяр-джаюць спецыялісты, па сваёй каштоўнасці не саступае бібліятэцы Радзівілаў.Сам кнігазбор існаваў у трох мясцінах. Яшчэ — у мястэчках Дзярэчын і Кодань (цяпер тэрыторыя Польшчы). У розныя часы многія кнігі ўладальнікамі былі перададзены ў Вільню, Варшаву, Санкт-Пецярбург, дзе і цяпер захоўваюцца, некаторыя асобнікі прадстаўлены ў Эрмітажы. Адраджэнне спадчыны Ідэя стварэння віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі роду Сапегаў нарадзілася яшчэ ў 2008 годзе, падчас правядзення ў Брэсцкай абласной бібліятэцы міжнароднай канферэнцыі па берасцейскіх кнігазборах — першай спробы сабраць інфармацыю аб знакамітых бібліятэках Беларусі.Кампакт-дыск стаў плёнам працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Расійскай нацыянальнай бібліятэкі і Брэсцкай абласной. Работа вялася пры фінансавай падтрымцы Бюро ЮНЕСКА ў Маскве. Электроннае выданне ўтрымлівае матэрыялы па гісторыі кнігазбору роду Сапегаў, каталог кніг, якія належалі сям’і, і паўнатэкставыя копіі некаторых найбольш каштоўных выданняў з калекцыі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, а таксама матэрыялы па генеалогіі і бібліяграфію па гісторыі роду Сапегаў ды іх бібліятэк. І гэта толькі першы крок на шляху вяртання бібліятэкі цалкам. Машына часу — Кожны горад, кожнае мястэчка маюць свае гістарычныя адметнасці, якія ўласнай непаўторнасцю ствараюць агульную карціну культуры краіны. Такім мястэчкам з’яўляюцца і Ружаны, вядомыя нам з 1552 года, — адзначае старшыня Пружанскага райвыканкама Аляксандр Юркевіч. У адноўленым усходнім флігелі размясціўся невялічкі музей, які перадае сёння дух даўно мінулых часоў. Работа працягваецца на заходнім. Тут плануецца стварыць невялічкі тэатр, дзе будуць таксама ладзіцца масавыя мерапрыемствы, кавярню, стылізаваную пад канец XVIII стагоддзя таверну, гатэль.Госці, што завіталі на свята “Ружанская брама”, перанесліся на некалькі стагоддзяў назад і трапілі на багаты кірмаш (дарэчы, у свой час Казімір Леў Сапега, нашчадак Льва, здолеў дабіцца ад караля не толькі магдэбургскага права, але і беспрэцэдэнтнага дазволу на правядзенне двух кірмашоў у год). Сюды прыехалі лепшыя майстры-ўмельцы не толькі з бліжэйшага наваколля. Потым усіх чакаў шляхецкі баль. Сваю непаўторную нотку ў сярэдневяковы настрой унеслі лепшыя мастацкія гурты. А калі старажытныя муры ахінула цемра, плошча палаца зазіхацела-зайграла агнямі — шыкоўнымі вогненнымі прадстаўленнямі ды феерверкамі, мабыць, і тады цешыліся заможныя асобы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нагодай для ўрачыстасцей стала падзея насамрэч неардынарная: выхад у свет электроннага выдання “Кнігазбор роду Сапегаў”, прэзентацыя якога і адбылася ў... |
|