15 ліпеня - 135 год з дня нараджэння беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі)
15.07.2011 09:42
—
Новости Культуры
|
15 ліпеня - 135 год з дня нараджэння беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі)
Хто на Беларусі не ведае светлае імя Цёткі?! Гэта ж трэба было выбраць такі псеўданім – поўны цеплыні, пяшчоты, блізкага сваяцтва з кожным... Яна, вялікая дачка беларускага народа, і была такой па жыцці – простай, зычлівай, вельмі сваёй. Пра тое вам і сёння ахвотна раскажуць на яе малой радзіме – у вёсцы Стары Двор, дзе жывуць людзі, якія аберагаюць магілу Алаізы Пашкевіч і захоўваюць у сваёй памяці мноства гісторый пра дачку мясцовага працавітага селяніна, моцнага гаспадара Сцяпана Пашкевіча. Тыя згадкі-ўспаміны старэйшага пакалення перадаюцца па ланцужку радавода і даходзяць да дня сённяшняга, расказвае Цётка – пачынальніца беларускай літаратуры, палымяная рэвалюцыянерка, змагарка за адраджэнне роднага слова – нарадзілася 15 ліпеня (3 ліпеня па новым стылі) 1876 года ў фальварку Пешчына. Напярэдадні слаўнай даты мы пабывалі ў родных мясцінах легендарнай Пашкевічанкі, паспрабавалі за ваколіцай Бакштаў адшукаць прыкметы былой Пешчыны. Дарэмна... Час няўмольны. А вось у Старым Двары, дзе таксама стаяў дыхтоўны дом Пашкевічаў, усклалі на магілу пясняркі букеты палявых кветак, у думках узгадваючы радкі-пасвячэнне: Без песень тваіх пабяднела зямліца, Па Цётцы і зараз сумуе наш край. Ідзём да магілы тваёй пакланіцца За лёс, за душу, адляцеўшую ў рай. ... Дык як жа ўздымалася на свой паэтычны алімп простая сялянская дзяўчынка Алаіза Пашкевіч? Навучэнка прыватнай вучэльні ў Вільні, вясковая настаўніца, слухачка Вышэйшых агульнаадукацыйных курсаў П.Ф.Лесгафта ў Пецярбургу, фельчарка Нова-Вілейскай псіхіятрычнай лячэбніцы, а падчас імперыялістычнай вайны ў 1915 годзе сястра міласэрнасці ў ваенным шпіталі ў Вільні – усё гэта яна, Алаіза. А яшчэ... А.С.Пашкевіч удзельнічала ў выданні газеты “Наша доля”, выдавала для дзяцей і моладзі часопіс “Лучынка”, які павінен быў “свяціць братам і сёстрам у вёсцы беларускай”, арганізоўвала тайныя і легальныя беларускія школы ў Вільні і Лідзе. Гэта яна, Цётка, выступала ў друку са сваімі творамі раней за Янку Купалу і Якуба Коласа. І хоць яе літаратурная дзейнасць абмежавана ўсяго пятнаццаццю гадамі, але паэтычная спадчына пясняркі з трох кніг – “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду” і “Вершы” – з’яўляецца сапраўдным духоўным скарбам нашага народа. “Жыве мая ліра нанова!” – прадбачыла неўміручая аўтарка “Скрыпкі беларускай”. І сапраўды, землякі захоўваюць і множаць памяць пра Алаізу Пашкевіч. На магіле Цёткі 2 ліпеня ўсклалі вянкі, і ўшанавалі светлую памяць паэтэсы, патрыёткі, змагаркі за лепшы лёс свайго народа. Тут, дзякуючы астрынскім энтузіястам з Дома культуры, бібліятэк і цэнтра пазашкольнай работы, адбылася ўрачыстасць – тэатралізацыя па творах Цёткі. І не выпадкова! Сама Алаіза да ўсяго таксама была актрысай, іграла ў тэатральных пастаноўках, удзельнічала ў спектаклях батлейкі, запальвала сэрцы іншых агеньчыкам творчасці. Дарэчы, цікава прайшлі ў Астрынскай дзіцячай бібліятэцы “Цёткінскія чытанні”, а ў шчучынскіх гарадской і цэнтральнай бібліятэках запланаваны літаратурныя гасцёўні “Яна з намі сёння” і “Жыццё крылатае, як песня”. Дый увогуле ў кожнай з бібліятэк раёна з нагоды 135-годдзя славутай зямлячкі арганізаваны літаратурныя святы, выставы або кніжныя паліцы. – Па добрай традыцыі мы напярэдадні юбілею Алаізы Пашкевіч аб’яўляем творчы конкурс, – гаворыць загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі імя Цёткі Галіна Станіславаўна Мацюк. – Прыхільнікі творчасці нашай зямлячкі і на гэты раз даслалі на суд журы багата вершаў, нарысаў, аповедаў, сцэнарыяў. Пераможцы будуць вызначаны ўжо ў ліпені. Памяць пра Цётку жыве ў сэрцах землякоў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фото: wikisource.org 15 ліпеня (3 ліпеня па новым стылі) спаўняецца 135 год з дня нараджэння нашай знакамітай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Хто на Беларусі не ведае...
|
|