Так гасцінна і сардэчна нам бывае толькі тут!... 21.by

Так гасцінна і сардэчна нам бывае толькі тут!..

05.08.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першымі на сцэну новага амфітэатра ў Маладзечне выйдуць удзельнікі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі

Не менш за тысячу гасцей і ўдзельнікаў збярэ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які адбудзецца ў Маладзечне 26—28 жніўня. Сёлета ўпершыню яго гледачоў запросіць новая сцэнічная пляцоўка — Летні амфітэатр, які пабудаваны ў гарадскім парку імя Перамогі і разлічаны на 2600 пасадачных месцаў.

Як расказала “Р” намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінабл­выканкама Святлана Баранок, сёлетні фестываль прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, таму адгалоскі музычнай спадчыны славутага Песняра будуць прыкметнымі ў многіх мерапрыемствах маладзечанскага свята, і перш за ўсё ў трох асноўных вячэрніх імпрэзах, якія пройдуць ў амфітэатры.

Адкрыюць новую сцэну ў першы фестывальны дзень айчынныя рок-музыканты. У канцэрце прымуць удзел групы “Без білета”, “J: Морс”, “Drum ecstasy”, “Стары Ольса”, “У нескладовае”, Пётр Ялфімаў, Аляксандр Патліс, дуэт “Аляксандра і Канстанцін”. Рэпертуар — выключна беларускамоўны.

У амфітэатры пройдуць таксама гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю. Першы прадставіць праграму “Лепшыя песні ХХ стагоддзя. Уладзімір Мулявін”, падрыхтаваную Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. У выкананні салістаў гэтага калектыву прагучыць каля 40 кампазіцый легендарнага музыканта. Гала-канцэрт закрыцця свята падорыць прыхільнікам папулярнай музыкі сустрэчу з многімі вядомымі выканаўцамі беларускай эстрады: Ірынай Дарафеевай, Вольгай Плотнікавай, Ганнай Шаркуновай, Вікторыяй Алешка, Аляксеем Хлястовым, Германам, ансамблямі “Свята”, “Харошкі”, “Верасы”, Лесяй Кодуш і Славам Нагорным...

Хвалюючая падзея ў праграме фестывалю — рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які адбудзецца ў гарадскім Палацы культуры. Ён пройдзе ў два туры, удзельнікі выступяць пад фанаграму “мінус адзін” і ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, прычым адзін з выконваемых канкурсантамі твораў павінен быць звязаны з творчасцю Уладзіміра Мулявіна. За перамогу будзе змагацца 21 саліст – па тры спевакі ад кожнай вобласці краіны і горада Мінска, якія ўжо прайшлі папярэдні адбор і былі прызнаны лепшымі ў сваіх рэгіёнах.

Дарэчы, сёлета ў два разы павялічаны прызавы грашовы фонд конкурсу. Так, уладальнік Гран-пры і прыза імя Уладзіміра Мулявіна атрымае суму ў 120 базавых велічынь, а лаўрэаты першай, другой і трэцяй прэмій — 100, 80 і 60 базавых велічынь адпаведна.

Цікавая праграма падрыхтавана для прыхільнікаў акадэмічнай музыкі: канцэрт “Чатыры постаці ХХ стагоддзя”. Творы славутых беларускіх кампазітараў Дзмітрыя Лукаса, Рыгора Пукста, Пятра Падкавырава, Аляксея Туранкова прагучаць у выкананні камерных калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і заслужанага аматарскага калектыву сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага.

Пазнаёміцца бліжэй з творчай кухняй сучасных беларускіх кампазітараў можна будзе ў час сустрэчы і майстар-класаў, якія правядуць Алег Елісеенкаў і Алена Атрашкевіч, абое, дарэчы, землякі маладзечанцаў.

Яркай старонкай фестывалю стане святочны канцэрт «Пад небам сонца і дзяцінства» з удзелам юных спевакоў, танцораў, музыкантаў і аматараў паэтычнага слова Міншчыны.

Запрошаны на фестываль і прафесіяналы беларускага вершаванага радка са сталіцы і вобласці. Яны паспаборнічаюць у паэтычным марафоне, сустрэнуцца з мясцовымі самадзейнымі аўтарамі, наведаюць Вязынку і Ракуцёўшчыну — памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю айчынных класікаў Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, дзе прымуць удзел у літаратурных чытаннях.

Размова пра сённяшні стан сучаснай беларускамоўнай папулярнай песні і яе недастатковую запатрабаванасць у айчыннай медыя­прасторы пойдзе на пасяджэнні круглага стола, абмеркаваць праблему збяруцца кампазітары, прадзюсары, паэты, праграмныя дырэктары FM-радыёстанцый і тэлебачання.

Фінальны акорд у насычанай праграме трох фестывальных дзён прагучыць у начным джазавым канцэрце біг-бэнда Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Маладзечне адбудзецца фестываль беларускай песні і паэзіі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика