Вядомы беларускі дыктар Алег ВІНЯРСКІ пра магнітафон “Грундзік”, конкурс у трыста чалавек на месца і спектаклі, якія ставяцца... на радыё
16.09.2011
—
Новости Культуры
|
Можа, бачылі гэтага чалавека нямногія, затое чулі дакладна мільёны. Ужо дваццаць пяты год Алег Вінярскі працуе на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Чытае сусветную класіку, вядзе духоўныя праграмы, ставіць радыёспектаклі... І сёння нават уявіць цяжка, што лёс чалавека з прыемным прыцягальным голасам мог скласціся па-іншаму. — Алег Аляксандравіч, вы скончылі тэатральна-мастацкі інстытут. Тое, што вы трапілі на радыё, лічыце шчаслівай выпадковасцю, лёсам ці чымсьці яшчэ? — Мабыць, провідам. Прызнацца, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве я не сутыкаўся з мастацтвам радыё. Адзінае, калі было мне гадоў пятнаццаць, я шчыра захапляўся магнітафонам “Грундзік” — дарэчы, рэдкай на той час рэччу. Мне пашчасціла яго набыць, калі я жыў у Польшчы. І вось на гэтым маленькім “Грундзіку” я пачаў... слухаць. Радыё, яно ў першую чаргу і ёсць мастацтва слухаць. Слухаць не проста музыку, слова... але ўсё тое духоўнае, што ёсць у чалавечай мове. Тады мне ўпершыню захацелася пачуць свой голас. І я пачаў начытваць на касету вершы. — Значыць, пачалося ўсё з “Грундзіка”? — Можна сказаць і так. Мне было цікава паслухаць, што ёсць адлучэнне голасу ад цела. Зразумець, як па голасу можна ўявіць чалавека, яго духоўны стан, узрост, звычкі... А паралельна з запісам свайго голасу я, будучы за мяжой, стаў цікавіцца фільмамі, перш за ўсё нямымі. Мяне вельмі хвалявала тое, што адбывалася на экране. Мне хацелася таксама ва ўсім гэтым удзельнічаць. Я задумаўся: што ж мяне цікавіць больш — запісы на магнітафоне ці гэтыя нямыя фільмы? І вырашыў, што ўсё ж такі мастацтва акцёра і рэжысёра. Скончыўшы школу, паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску, мяркуючы, што акцёрства стане маёй сталай прафесіяй. — Але аказалася, што працаваць наканавана было... на радыё? — Я скончыў інстытут, трапіў па размеркаванні ў Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Адпрацаваў сезон, і мяне забралі ў армію. У тэатр ужо не вярнуўся. Пачуў, што ў Мінску праводзяць дыктарскі конкурс, і вырашыў паспрабаваць. Конкурсы тады былі вельмі вялікія — па 300—400 чалавек на месца. Яно і нядзіўна. Па-першае, прафесія дыктара тады была вельмі прэстыжнай і сур’ёзнай. Ды і Беларускае радыё было адным з лепшых на тэрыторыі Савецкага Саюза. Так атрымалася, што я прайшоў конкурс і стаў дыктарам-стажорам. Мне пашчасціла працаваць побач з такімі карыфеямі, як Лілія Стасевіч, Леў Валодзін, Ілья Курган... Дзякуючы іх слову, жывому кантакту з імі я спасцігаў прафесію. Прызнацца, не думаў, што надоўга застануся на радыё. Увесь час марыў пра сцэну і тэатр. — Аднак адчуць сябе акцёрам у вас атрымалася і на радыё. — У 1986 годзе здарыўся цуд. Мне, чалавеку маладому і зусім нявопытнаму, даверылі галоўную ролю ў радыёспектаклі “Мой генерал” па творы Альберта Ліханава, за што я бясконца ўдзячны славутаму рэжысёру, майму настаўніку Ігару Лапцінскаму. Галоўнымі героямі спектакля былі генерал і яго ўнучак, які становіцца для дзеда сапраўдным суразмоўцам. — І вам, даросламу хлопцу, прыйшлося іграць гэтага маленькага ўнучка? — Уяўляеце, мне на той час было 24 гады. А майму герою — дванаццаць. Паспрабуй знайдзі ў сабе гэты танюткі дзіцячы галасок. Аднак Ігару Лапцінскаму ўдалося выцягнуць яго з мяне. Вядома, далёка не з першага дубля. Тады я ўпершыню адчуў, што значыць працаваць на радыё і ставіць спектаклі. Для мяне, маладога стажора, які толькі трапіў на радыё, гэта быў каласальны вопыт. Мастацтва слова спакусіла мяне. І я аддаўся яму, ніякім чынам не шкадуючы. Радыёспектаклі адкрылі для мяне вялікі свет, і мне больш нічога не хацелася, як іграць у іх. — Вы і трапілі ў літаратурна-мастацкую рэдакцыю радыё. Аднак толькі праз дзесяць гадоў. А да гэтага? — Я працаваў на радыё дыктарам. Быў вядучым літаратурных, музычных, інфармацыйных праграм... У асноўным чытаў навіны. Чытаў з дня ў дзень, суперажываючы тым падзеям, пра якія паведамляў у кожным інфармацыйным выпуску. А пасля мне захацелася праявіць сябе ў іншым. Я пачаў рабіць самастойныя працы. Запісваў інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, сюжэты з кнігарань, нават гумарыстычныя праграмы. А потым з цягам часу зразумеў, што трэба вярнуцца да пастановак. — У літаратурна-мастацкую рэдакцыю вы трапілі таксама праз конкурс? — Так, быў аб’яўлены конкурс на вакантнае месца рэжысёра-пастаноўшчыка. Я ўжо ставіў да гэтага некалькі спектакляў, паказаў плёнкі камісіі і быў прыняты. Праўда, мяне адразу папярэдзілі: “Не думай, Алег, што будзеш ставіць толькі гэта”. А там у мяне былі пастаноўкі па творах заходніх пісьменнікаў. “Трэба і пра наш час думаць, беларускіх пісьменнікаў ставіць, мы табе даверым нашы, айчынныя праблемы”. — І што ж вам “даверылі” ў самым пачатку? — Я працаваў адразу над двума спектаклямі. Першая п’еса была прысвечана Георгію Жукаву, славутаму военачальніку і маршалу СССР. Часу было мала, а складанасцей — шмат. Аднак усё атрымалася. А паралельна ставіў п’есу пра нашу сучасную армію. Для мяне было важна паказаць, што праблемы ў арміі ёсць і варта неяк вырашаць іх. Мяркуючы па тых лістах, якія прыходзілі ў рэдакцыю, праца аказалася плённай. — А якія спектаклі вы зараз ставіце? — Пэўны час на радыё не ставілася зусім нічога. Адраджэнне радыёспектакляў пачалося ў 2006 годзе, калі пасля пяцігадовага перапынку мы паставілі спектакль да сумнай чарнобыльскай гадавіны “Ігнатаў рубеж” па п’есе Васіля Ткачова на вельмі вострую тэму — пра людзей, якія жывуць у забруджаных вёсках і не хочуць адтуль з’язджаць, бо там іх зямля... А пасля пайшлі іншыя пастаноўкі нашай рэжысёрскай групы: п’еса Пятра Васючэнкі пра каханне Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі, “Пастка” паводле аповесці Васіля Быкава, “Крыж” Аляксея Дударава, “Тутэйшыя” Янкі Купалы... Мая апошняя работа — “Магнаты і сірата”, п’еса Уладзіслава Сыракомлі, прысвечаная лёсу беларускай князёўны Сафіі Слуцкай. — А наколькі запатрабаваны сёння радыёспектаклі? Гэта раней у хаце толькі і было, што радыёкропка на сцяне, а цяпер у кожнага тэлевізар, камп’ютар, інтэрэт... — Калі ў заходніх краінах ёсць радыёфестывалі, прысвечаныя спектаклям, калі яны ставяцца ў Дамах радыё Берліна, Лондана, Стакгольма, дык чаму нашаму знакамітаму радыё не адрадзіць гэтае важнае для чалавека слуханне драматычных і літаратурных твораў?! Гэта такая ж неабходнасць, як ежа ці сустрэча з сябрам. Спектаклі, і ў першую чаргу тыя, якія ставяцца на дзяржаўным радыё, адпавядаюць духу часу і народа, вучаць нас культуры слухання. — ...і культуры маўлення? — Вядома. Раней па радыё людзі адукоўвалі сябе. З новым часам паказчык культуры мовы падае. Звыклая справа, што чуеш ад людзей на вуліцы, у транспарце, крамах усялякія непрыстойнасці, вульгарызмы, бруд. Гэта час такі, людзі не могуць знайсці ні ў жыцці, ні ў мастацтве таго, з каго можна было б браць прыклад. Асаблівую ўвагу на гэту праблему павінны звяртаць сродкі масавай інфармацыі, і перш за ўсё — радыё і тэлебачанне. Гаварыць пра гэта. Вучыць людзей правільна паводзіць сябе... і добра размаўляць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Можа, бачылі гэтага чалавека нямногія, затое чулі дакладна мільёны. Ужо дваццаць пяты год Алег Вінярскі працуе на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё....
|
|