Шлях з Крынак — у вялікі свет. 21.by

Шлях з Крынак — у вялікі свет

06.10.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Неўтаймаваны “польскі беларус” Сакрат Яновіч правёў свой ХІІ трыялог
Неўтаймаваны Сакрат Яновіч Спачатку, як узяў у рукі дасланы ў рэдакцыю салідны том “Выбраных твораў” Сакрата Яновіча (Крынкі, 2011), адчуў пэўную разгубленасць — ад таго, што выдаўцы зрабілі з аўтарам. Ці, можа, ён сам так захацеў? На вокладцы юбіляр крочыць з кіёчкам у руках па гравійцы ў асеннюю далеч, прычым зняты спіною да чытача. О, я пазнаў спадара Сакрата і са спіны! Але ж ніколі раней не сустракаў на вокладках аўтараў у такім ракурсе. А зборнік жа выдадзены да 75-годдзя яго стваральніка.
У выхадных звестках чытаю: графічны праект кнігі зрабіў знакаміты беластоцкі мастак Лявон (Лёнік) Тарасэвіч, а сам здымак — фатограф, таксама знакаміты, бо незнакамітыя да выдання, мусіць, дачынення не мелі, Павел Гжэсь. Прабегшы толькі беларускі і польскі (у залежнасці ад крыніцы) змест, дзе ўвесь тэкст набраны... прапіснымі літарамі і звярстаны па цэнтры, я зразумеў: а вокладка кнігі тут сімвалічная! Гэта Сакрат Яновіч рушыў па роднай Беласточчыне ў вялікі свет. Ставілася, пэўна, і яшчэ адна мэта: здзівіць будучага чытача, прымусіць яго ўзяць кнігу ў рукі.
Пачынаюцца “Выбраныя творы” прадмовамі вядомага польскага празаіка, нашага земляка з Ваўкавыска Эўгеніюша Кабатца і беластоцкага публіцыста Ежы Хмялеўскага. Першы з іх называе Сакрата Яновіча “самым слаўным у Польшчы беларусам”, што, на маю думку, не зусім дакладна.
Я назваў бы яго самым слаўным у Польшчы беларускім празаікам, бо ў паэзіі рэй вядуць Алесь Барскі (ён жа літаратуразнавец Аляксандр Баршчэўскі) і Ян Чыквін, кіраўнік літаб’яднання “Белавежа”, а ў жывапісе — не менш знакаміты Лёнік Тарасэвіч. Выклікала ў мяне разгубленасць і назва прадмовы Кабатца: “Гэты несамавіты чарнарус”. Як тлумачыцца далей, “чорны”, маўляў, ад таго, што нібыта ў Яновіча паднябенне ажно чорнае ад зласлівасці… Таксама і слова “niesamowity” мае ў польскай мове значэнне, неадпаведнае для юбіляра. Глянуў для пэўнасці ў польска-беларускі слоўнік: сапраўды, гэта “жудасны, страшны, страшэнны”… З Сакратам я знаёмы гадоў мо сорак, былі між намі і згода, і нязгода, але спрэчкі насілі не асабісты, а дзелавы характар. Таму я назваў бы юбіляра не жудасным і зласлівым, а — неўтаймаваным у сваёй пісьменніцкай і грамадскай дзейнасці, зацятым у адмаўленні старога і сцвярджэнні новага. А доказам таму — яго аповесці “Сцяна” і “Самасей”, нашумелае эсэ “Беларусь, Беларусь”, якое прыцягнула ўвагу да патрэб беларусаў у Польшчы.
У тым, што Сакрат Яновіч менавіта такі — не зласлівы і не жудасны ў апантанасці, а неўтаймавана патрабавальны ў паўсядзённай дзейнасці — сведчаць і міжнародныя трыялогі (трыенале), якія штогод ладзяцца ім. Што важна: не ў Варшаве ці “вялікім горадзе Беластоку” (іранічную назву пазычаю ў самога пісьменніка), а ў мястэчку Крынкі і яшчэ меншай вёсцы Лапічы, амаль на беларуска-польскай мяжы. Прысвечаны ж форумы лёсаноснай тэме: пашырэнню беларускай культуры ў свеце.
Да “эпохі Яновіча”, заўважу, пашырэнне тое ішло шаблонна: у аўдыторыі збіраліся вучоныя розных краін ды на адной і той жа беларускай мове пераконвалі адзін аднаго, што Беларусь ужо шчодра “нясе свой дар” чалавецтву. А Яновіч прымусіў “трыяложнікаў” самім несці нашы здабыткі іншым народам. Мала таго, што ўдзельнікі едуць з розных краін ды выступаюць на розных мовах, адрозных ад сваёй. На тых жа “еўрамовах”, але ўжо іншых у параўнанні з мовай выступлення, яны прадстаўляюць свае тэксты для друку ў штогодніку “Annus albaruthenicus” (“Год беларускі”).
Наперакор скептыкам і як знак неўтаймаванасці арганізатара сёлета выходзіць дванаццаты такі разнамоўны гадавік. І дзе? У мястэчку, амаль пры беларуска-польскай мяжы, у драўляным, але старанна адрамантаваным аднапавярховым доме (праўда, “на два канцы”). Гэта дом мясцовага напаўселяніна (меў тры гектары зямлі), напаўрамесніка (займаўся шавецтвам), у якога 75 год таму, у верасні 1936-га нарадзіўся сын Сакрат. Будучы пладавіты беларускі і польскі празаік, драматург і эсеіст, а яшчэ і актыўны грамадскі дзеяч.

Адам Мальдзіс

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неўтаймаваны “польскі беларус” Сакрат Яновіч правёў свой ХІІ трыялог
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика