Адкрытая «Панарама»
17.11.2011
—
Новости Культуры
|
Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва здзівіць шматнацыянальным супрацоўніцтвам Калектывы з Расіі, Польшчы, Літвы, Венгрыі і Беларусі збярэ ў Мінску з 20-га па 27 лістапада V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва «Панарама». Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства культуры Ганна Смольская, сёлетні форум аб’яднае драматычныя, харэаграфічныя, лялечныя спектаклі. Яго адметнасцю стане шчыльнае шматнацыянальнае супрацоўніцтва: майстры тэатральнага мастацтва адной краіны прымуць удзел у пастаноўках іншай краіны. Юозас Будрайціс, Уладас Багдонас і Рэгімантас Адамайціс, мэтры літоўскага тэатра і ўлюбёнцы шматлікіх пакаленняў гледачоў савецкага, расійскага кіно, выступяць у сумесным праекце «Чайка» Санкт-Пецярбургскага тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом». Пастаноўшчык спектакля — патрыярх літоўскай рэжысуры Ёнас Вайткус. Віктар Рыжакоў, мастацкі кіраўнік Цэнтра імя Меерхольда ў Маскве, адзін з найцікавейшых расійскіх рэжысёраў свайго пакалення, двойчы лаўрэат прэміі «Залатая маска», ажыццявіў пастаноўку п’есы Сяргея Мядзведзева «Цырульніца» ў тэатры імя Міхая Чаканаі (г. Дэбрэцэн, Венгрыя). Летась гэты спектакль быў прызнаны лепшай пастаноўкай у Венгрыі. Польскі тэатр «Рампа» прадставiць у Мінску спектакль «Пінская шляхта» ў пастаноўцы беларускага рэжысёра Мікалая Пінігіна з беларускай зоркай у галоўнай ролі — народным артыстам краіны Віктарам Манаевым. У праграме фестывалю два літоўскіх праекты — тэатр «Мена Фортас» з арыгінальнай пастаноўкай «Ідыёт» паводле Ф.М. Дастаеўскага ў інтэрпрэтацыі знакамітага майстра рэжысуры Эймунтаса Някрошуса і тэатр танца Анжэлікі Холінай, які пакажа на фестывалі пастаноўку «Ганна Карэніна» з унікальным спалучэннем балета, пластычнага спектакля і драмы. Акцёры тэатра імя Вахтангава з Масквы прывязуць спектакль «Прысвячэнне Еве» з Васілём Ланавым і Яўгенам Князевым у галоўных ролях. З беларускага боку ў фестывалі бяруць удзел калектывы, ушанаваныя сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміяй. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіць пастаноўку Аляксандра Гарцуева «Не мой». Беларускі дзяржаўны тэатр лялек пакажа спектакль «Драй швэстэрн». Закрые «Панараму-2011» спектакль «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» у пастаноўцы мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна . У рамках фестывалю запланаваны шэраг творчых сустрэч, адкрытых лекцый, семінараў з вядомымі гасцямі фестывалю. Спектаклі будуць праходзіць на сцэнах Цэнтральнага дома афіцэраў, Палаца культуры прафсаюзаў, канцэртнай залы «Мінск», Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра. Заснавальнікамі V Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва «Панарама» з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Генеральны партнёр — «Белзнешэканамбанк». На здымку: сцэна са спектакля «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Панарама» здзівіць шматнацыянальным супрацоўніцтвам
|
|