Эстафету прыняў Нясвіж. 21.by

Эстафету прыняў Нясвіж

13.12.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У горадзе над Сожам адбылася значная падзея: Гомель урачыста перадаў эстафету культурнай сталіцы Беларусі

Мерапрыемства ў культурна-спартыўным комплексе Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі сабрала не толькі шматлікіх гамяльчан, сярод яго ганаровых гасцей былі прадстаўнікі выканаўчай дырэкцыі Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў СНД, міністэрстваў культуры і інфармацыі нашай краіны, заслужаныя дзеячы культуры і мастацтва.

Прызнацца, дзея не абмежавалася толькі перадачай паслядоў-нікам ад горада над Сожам сімвала сталіцы ў выглядзе статуэткі з выявай рысі (гэту місію выканалі старшыня Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Іван Барадзінчык і кіраўнік нясвіжскай раённай “вертыкалі” Іван Крупко). Яна ўключала творчую справаздачу музычных, цыркавых і тэатральных калектываў, выканаўцаў, навучальных устаноў мастацкага ўхілу абласнога цэнтра. Немалаважная дэталь: сама ўстанова культуры, дзе адбывалася падзея, адкрыла свае дзверы пасля рэканструкцыі менавіта ў 2011 годзе. Дарэчы, свой ганаровы статус Гомель адзначыў уводам не толькі названага сацыяльна значнага аб’екта. Новыя магчымасці для правядзення культурных мерапрыемстваў з’явіліся пасля капітальных рамонтных работ таксама ў гарадскім Цэнтры культуры, выставачнай зале карціннай галерэі Гаўрыла Вашчанкі і ў іншых грамадска-культурных установах. Між тым гэты год стаў для горада асабліва багатым і значным у справе развіцця беларускай нацыянальнай культуры. Апрача таго, гамяльчане і госці горада ў рамках праекта “Гомель — культурная сталіца Беларусі і СНД-2011” змаглі далучыцца і да лепшых узораў сусветнага мастацтва.

— За гэты год тут праведзена больш за 240 канцэртаў, выстаў, іншых міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх культурных акцый, якія сваёй навізной, шматжанравасцю парадавалі жыхароў рэгіёна, — адзначыў ў сваёй прамове на мерапрыемстве Іван Барадзінчык. — На канцэртных пляцоўках горада паказвалі сваё майстэрства 27 творчых калектываў, што носяць статус нацыянальных: Нацыянальны тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны народны хор Імя Цітовіча, Нацыянальны балет Грузіі Сухішвілі-Рамішвілі, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча… У пераліку адметных культурных падзей — правядзенне ў Гомелі Дзён культуры Расіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы. Новыя абсягі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва адкрылі рэалі­заваныя ў горадзе музычныя праекты «Галандыя—Беларусь», канцэртныя праграмы з удзелам сімфанічнага аркестра Херарда Эстрады з Венесуэлы, Нацыянальнага акадэмічнага ансамбля танца Украіны імя Паўла Вірскага, славянскі пленэр мастакоў «Зямля беларуская», выставы сучаснай французскай мастачкі Франсуазы Лімузі і народнага мастака СССР Вітольда Бялыніцкага-Бірулі…

Без сумнення, вялікі інтэграцыйны і эстэтычны ўклад ўнеслі і 12 фестываляў і конкурсаў, для ўдзельнікаў якіх распасціраў сёлета сваё гасцінныя абдымкі горад над Сожам. Гомель па-сапраўднаму стаў фестывальным. Дзевяць, а ў іх ліку найбольш маштабныя «Сожскі карагод», «Музыка на­дзеі», «Славянскія тэатральныя сустрэчы», «Рэнесанс гітары» і іншыя, мелі міжнародны ўзровень. І што асабліва важна: у нетрах некаторых з гэтых маштабных мерапрыемстваў нарадзіліся новыя цікавыя культурныя ідэі. Так, ператвораны ў захапляючае культурнае палатно «фірменны» міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» сёлета бліснуў новымі гранямі, адной з якіх стаў Усебеларускі фэст цыркавых калектываў.

— Ужо прынята рашэнне Міністэрства культуры аб правядзенні ў наступным годзе ў Гомелі І Рэспубліканскага фестывалю цыркавога мастацтва, які, на нашу думку, стане відовішч­най і цікавай культурнай з’явай у краіне, — адзначыў «Р» намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Не выключана, што шыкоўны культурны комплекс Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі з яго цудоўнымі сцэнай і глядзельнай залай неўзабаве можа стаць філіялам Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Што да Гомеля, то ён апраўдаў сваё высокае званне. Вопыт гамяльчан падчас рэалізацыі праекта «Культурная сталіца Беларусі і СНД» важны і для саміх гараджан, якія больш патрабавальна стануць падыходзіць да наступных культурных мерапрыемстваў у гора­дзе, і тых, хто будзе іх наступнікамі, бо культурная сталіца 2011 года ўзняла даволі высокую культурную планку. Нясвіжу пацвердзіць гэты статус бу­дзе няпроста: каб паказаць свой «культурны твар», трэба шукаць адметныя формы, самабытныя сродкі…

Урэшце, не толькі падтрымаць тую планку, але і ўзняць яе на новую вышыню горад на Міншчыне з адметнай гісторыяй і культурнымі традыцыямі мае сур’ёзны намер, аб чым расказаў журналістам і ўдзельнікам гомельскага мерапрыемства старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко:

— Планы на 2012 год зараз актыўна «вярстаюцца», — адзначыў кіраўнік раёна. — Значнай падзеяй для нас стане поўнае адкрыццё нашай жамчужыны — Нясвіжскага замка. Будаўнічыя работы тут завершаны, чатыры залы ўжо дзейнічаюць, зараз вядзецца насычэнне 40 памяшканняў абсталяваннем, мэбляй і экспанатамі. Менавіта ў сценах замка ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя з’явіўся першы прыдворны тэатр, яго традыцыі працягвае сённяшні калектыў імя Уршулі Радзівіл раённага Цэнтра адпачынку. Не застануцца незаўважанымі для турыстаў і нясвіжцаў і нашы традыцыйныя святы «Музы Нясвіжа», вечары оперы і балету ў Нясвіжскім замку, тыдзень з канцэртным аркестрам Міхаіла Фінберга. На красавік запланаваны «Нясвіжскі фэст». Апрача таго, шмат увагі надаём развіццю інфраструктуры культуры і турызму. На наступны год запланавана рэканструкцыя аўтавакзала, капітальны рамонт РДК з павелічэннем глядзельнай залы з 480 да 800 месцаў. У поўнай меры ў рамках праекта «Культурная сталіца Беларусі» будзем скарыстоўваць нашы пабрацімскія сувязі: сёння у Нясвіжа 19 гарадоў-пабрацімаў, мастацкія калектывы іх ахвотна прымаюць удзел у нашых святах і мерапрыемствах...

У творчай справаздачы культурнай сталіцы 2011 года прынялі ўдзел, выступіўшы на сцэне КСК чыгуначнікаў, навучэнцы Гомельскай дзіцячай харэаграфічнай школы, эстрадны і цымбальны аркестры каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага, скрыпічны дуэт «Свэй» абласной філармоніі, двойчы лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі спявачка Дзіяна Пашук і іншыя калектывы і выканаўцы.

На здымку: старшыня Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў Іван БАРАДЗІНЧЫК (злева) перадае сімвалічную статуэтку культурнай сталіцы старшыні Нясвіжскага райвыканкама Івану КРУПКО.

Фота: БЕЛТА

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гомель урачыста перадаў Нясвiжу эстафету культурнай сталіцы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика