Перакладаючы "Слова пра паход Ігара", Гарэцкі прапускаў цьмяныя месцы?
14.12.2011 10:24
—
Новости Культуры
|
Перакладаючы "Слова пра паход Ігара", Гарэцкі прапускаў цьмяныя месцы? Берасцяныя граматы — пісьмовыя дакументы ХІ—ХV стст., выкананыя на бяросце. Такія граматы знаходзілі пры раскопках старажытнарускіх гарадоў. Першы экзэмпляр такой граматы быў выяўлены ў 1951 годзе ў Ноўгарадзе. У Беларусі берасцяныя граматы знаходзілі падчас раскопак двойчы: у 1957-м у Віцебску і ў 1980-м у Мсціславе. Усяго ж на тэрыторыі былога СССР вядома ўжо каля тысячы экзэмпляраў гэтых унікальных пісьмовых крыніц.
— Мы даведваемся адтуль не толькі пра новыя словы старажытнарускай мовы, але і можам сцвярджаць, што пісьменнасць у Старажытнай Русі была вельмі пашыраная, — заключае дацэнт БДУ Людміла Зарэмба, кандыдат філалагічных навук. — Гэта была найкультурнейшая краіна! Гэта быў час, калі нават любоўныя цыдулкі (а захаваліся і яны) пісалі на бяросце... Каштоўныя помнікі паўсядзённа-побытавага ліставання на старажытнай Русі слушна атрымалі сярод лінгвістаў азначэнне ўнікальнага эксперыментальнага палігона. Адтуль з'яўляецца і ўражвае нас усё новая лексіка з былых стагоддзяў. Больш за тое, гэтыя словы-імпульсы часта дазваляюць беспамылкова абвергнуць або прыняць пэўныя прачытанні і тлумачэнні такога помніка сусветнага значэння, як "Слова пра паход Ігара". Так, напрыканцы 2009 года лінгвісты Андрэй Залізняк і Валянцін Янін зрабілі сваю "папярэднюю публікацыю" леташніх раскопак у Ноўгарадзе. Сярод 12-ці новых аб'ектаў гісторыкаў-славістаў найбольш прыцягнуў фрагмент берасцяной граматы з тэкстам "(оби)доу говори". Зафіксаваны на бяросце на мяжы ХІІІ-ХІV стст., гэты выраз палічылі самай ранняй фіксацыяй слова "говорити" са значэннем "паведамляць, інфармаваць". — Няўжо раней навукоўцы не мелі пацвярджэння гэтаму ў іншых рукапісных крыніцах? — У тым і справа, што не мелі. З моманту адкрыцця "Слова..." прайшло ўжо больш за два стагоддзі. Аднак спатрэбілася шмат часу для таго, каб назапасіць шматлікую фактаграфію і тыя прадметы, якія былі літаральна выкапаныя з-пад зямлі — і ўсё для таго, каб сёння мы маглі з абсалютнай упэўненасцю прачытаць хоць бы некалькі радкоў старажытнага помніка. Асаблівую цікавасць да "Слова..." праяўлялі і беларускія перакладчыкі — перш за ўсё Янка Купала, які ў 1919 годзе апублікаваў першы беларускамоўны пераклад "Слова...". — Што адметнага было ў беларускіх перакладах "Слова..."? — Беларускія пераклады асабліва выразна акцэнтуюць паэтычную сістэму "Слова...". Увогуле, беларуская літаратура вельмі моцная сваім міфапаэтычным успрыманнем свету. Тут чалавек як мастацкі персанаж існуе не столькі на фоне і сярод прыроды, колькі ў самой прыродзе ў якасці яе часткі. Чалавек і прырода настолькі блізкія, што нібыта перацякаюць адно ў другое. Калі звярнуцца да тэксту "Слова...", то, напрыклад, выраз "галици свою речь говоряхуть" беларускія перакладчыкі прадставілі ў розных паэтычных фарбах. У купалаўскім вершаваным перакладзе: "Рэдка пеў аратай за сахою.../ А на ежу ляцеці збіраючысь, / Галкі гоман заводзілі й гулі". Я. Крупенька: "у тыя сумныя часы, / калі ў паміжусобных войнах/ на землях ураджайных вольных/ не красавалі каласы,.../ а галкі, гледзячы ўдаля, / вялі гамонкі з пахвальбою, што будуць і яны з ядою". І. Чыгрынаў: "рэдка аратаі голас свой падавалі..., а галкі сваё гаварылі". Р. Барадулін: "...пераклікаліся рэдка ратаі, .../ а галкі сваё гаварылі зычна".
— У сваіх публікацыях вы згадвалі і талент перакладчыка Гарэцкага. — Сапраўды, на сёння вядомыя два варыянты перакладу "Слова..." Максімам Гарэцкім — у 1922 і 1925 гг. Асабліва хачу звярнуць увагу на рэдакцыю 1922 года. Адзін з яе ўрыўкаў — "Тогда по русьской земли редко ратаеве кыкахуть, но чясто врани граяхуть, хотять полетети на уедие" — Гарэцкі пераклаў такім чынам: "Тады па рускай зямлі рэдка пяялі аратаі, а часта каркалі груганы, хацеўшы ляцець на пажыву". Варта адзначыць, што Гарэцкі перакладаў даслоўна. Таму незразумелыя — цьмяныя — месцы часта прапускаў. Аднак сэнс арыгіналу пры гэтым захоўваўся. Сапраўднае перакладчыцкае майстэрства! Напрыклад, фрагмент перакладу, у якім слова "галици" (як антонім да слова "соколы") у Гарэцкага прадстаўлены як "половцы" ("стая галак бяжыць", "галіцы грудам бягуць"), пазней гэтае значэнне падмацуе і Барадулін ("чароды галак спуджана ўцякаюць"). Гэтае значэнне Гарэцкі беспамылкова "ўгадаў"! Як і яго сучаснікі, ён не мог ведаць пра шматзначнасць слова "галици", аднак адчуў канцэнтрацыю сэнсаў у ім. Ён нібы прадказаў пазнейшыя прачытанні Дзмітрыя Ліхачова і Таццяны Мікалаевай. — Няўжо паміж перакладамі беларускай і рускай літаратурнай практыкай не было ніякіх узаемаўплываў? — Было ды яшчэ колькі! Тут адзін з найбольш цікавых момантаў у асаблівасцях маўлення беларусаў — аканні. Напрыклад, адметнае старажытнарускае слова "вороны". У рускіх перакладах сустракаем два варыянты націску ў графеме: "вОроны" і "ворОны". "ВорОна" стала такой адмысловай "вульгарызацыяй" гругана ("вОрона"). Гэта двухсэнсоўнасць была падтрымана і беларускімі перакладчыкамі з тае прычыны, што адзін з асноўных фанетычных законаў беларускай моўнай традыцыі — аканне. Тут відавочная ўзаемасувязь беларускіх перакладчыкаў з фальклорам і размоўнай дыялектнай гутаркай. Таму што паводле народных прыкмет, карканне вароны — нядобры знак для таго, хто выпраўляецца ў дарогу. То бок сітуацыя як бы незнарок праецыравалася літаратарамі-перакладчыкамі на ўчынкі князя Ігара, які вяртаўся на радзіму пасля паражэння і палону. Такім чынам, пераклады беларусаў, якія прачыталі выраз "вороны не каркалі" праз аканне — адмысловая нацыянальная адметнасць. Адным словам, беларускія пераклады — багатая глеба для вывучэння, якая яшчэ чакае сваіх удумлівых даследчыкаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Берасцяныя граматы — пісьмовыя дакументы ХІ—ХV стст., выкананыя на бяросце. Такія граматы знаходзілі пры раскопках старажытнарускіх гарадоў. |
|