Выцягнуць стогадовы помнік з Віліі
14.12.2011
—
Новости Культуры
|
Арганізаваць суботнік на могілках у Вязыні, зрабіць абмер старога касцёла ў Давыдках, выцягнуць помнік са старога рэчышча Віліі − вось чым вырашылі заняцца ў наступным годзе ў Вілейскім раёне ўдзельнікі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (таварыства). Гэтыя рашэнні яны прынялі падчас вандроўкі, якая адбылася ў суботу, 3 снежня. Да вілейскіх актывістаў на чале з кіраўніком мясцовага “Таварыства аховы помнікаў” Дзянісам Канецкім далучыліся і госці з Мінска. Вандроўка пачалася са старых могілак у Вязыні, дзе пахаваны род Гіцэвічаў. Удзельнікі вырашылі вясной арганізаваць на іх суботнік, а таксама заняцца дакументамі, каб надаць могілкам статус помніка мясцовага значэння. Арганізаваць суботнік вырашылі і на былым панскім маёнтку Багдановічаў у Старынках. У Сцешыцах гаварылі пра ўтоплены помнік. − У канцы 60-х гадоў тут разабралі касцёл, − расказвае Дзяніс Канецкі. − А помнік у гонар салдат, якія тут загінулі ў 1915 годзе з надпісам “За веру в царя и Отечество”, утапілі ў старым рэчышчы Віліі. Таму мы запланавалі, што, як будзе вясной спрыяльны ўзровень вады і знойдзем фінансаванне, пачнём яго выцягваць. Старшыня таварыства, сябра навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры Антон Астаповіч прапанаваў зрабіць абмер рэшткаў касцёла у Давыдках. Гэты касцёл сюды перавезлі з Вялікай Сэрвачы, а ў савецкі час у ім размясцілі клуб. Працэдура дазволіць зафіксаваць архітэктурныя замеры будынка, каб, калі з’явіцца фінансаванне, яго можна было аднавіць. Удзельнікі вандроўкі агледзелі стан архітэктурных аб’ектаў і ў іншых вёсках, але ацанілі іх стан задавальняючым. Гэта старая праваслаўная капліца ў Лёпаўшчыне, былая сядзіба Багдановічаў і фамільная капліца ў Абадоўцах, касцёл ў Касцяневічах, млын на ўскрайку Людвінова, драўляная капліца ў Выглавічах Мядзельскага раёна. У вандроўцы таксама прынялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Беларусі па Мінску і Мінскай вобласці Вячаслаў Васіленка, які адначасова з’яўляецца краязнаўцам родам з Вілейскага раёна, а таксама сябра прэзідыума рэспубліканскага савета таварыства Зміцер Каспяровіч. Удзельнікі вандроўкі па Вілейшчыне, арганізаванай Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры. Злева направа: Антон Астаповіч, Вячаслаў Васіленка, Зміцер Каспяровіч, Дзяніс Канецкі, Зміцер Хаценчык, Пятро Мамай. Дзяніс Канецкі, Антон Астаповіч і Вячаслаў Васіленка. Зоя ХРУЦКАЯ. Фота Наталлі БАЛЬ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Арганізаваць суботнік на могілках у Вязыні, зрабіць абмер старога касцёла ў Давыдках, выцягнуць помнік са старога рэчышча Віліі − вось чым вырашылі заняцца ў...
|
|