Панямонне ў дыяментах. 21.by

Панямонне ў дыяментах

21.12.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Панямонне ў дыяментах.

7 месцаў Навагрудчыны, якія варта наведаць.

“З кожнай мясцінкі Зямлі можна пачаць дарогу. А калі гэтая мясцінка была б недаступнай для людской нагі, то па ёй пройдзе хоць думка чалавечая і ўсё ж такі пакіне свой слядок і нейкую дарожку праложыць”, — пісаў Якуб Колас у казцы “Ноч, калі папараць цвіце”. Шмат цікавых мясцін мае наша краіна, да многіх з іх турысты ўжо даўно праклалі дарогу. Аднак акрамя вядомых многім па падручніках помнікаў нашай культуры ёсць не такія папулярызаваныя, але між тым не менш цікавыя і таемныя. Ці шмат мы ведаем пра іх? Імкнёмся ў падарожжа за мяжу, каб захапляцца архітэктурай іншых народаў, а сваіх дзівосаў не ведаем.  Маўляў, у нас паглядзець няма на што. Але ж гэта не так. Яшчэ раз упэўнілася ў гэтым, павандраваўшы па Навагрудчыне. Завочную экскурсію па ваколіцах славутай зямлі прапаную і вам.

З гісторыі ўсім вядома, што Навагрудак быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, нават пасля таго, як сталіца была перанесена ў Вільню, горад заставаўся вызначальным у палітычным жыцці дзяржавы. Рускі гісторык і раманіст Валянцін Пікуль пісаў, што “калі б беларусы змаглі прыўзняць заслону мінулага, то свае гістарычныя цэнтры Полацк і Навагрудак па ўплыву ў Еўропе паставілі б на першае месца ў ХІ—ХV стагоддзях”.Сёння Навагрудак вабіць да сябе. Цікава, што сам цэнтр Навагрудка да нашых дзён захаваў гістарычную планіроўку, якая з’яўляецца помнікам гісторыі горадабудаўніцтва. Візітная картка Навагрудка — замак. Да нашых дзён ад яго засталіся толькі фрагменты трох вежаў і сцен. А раней ён меў сем вежаў і быў непрыступнай цвярдыняй на шляху іншаземных заваёўнікаў. Адправіцца туды можна на аўтамабілі ці аўтобусе. Праязджаеш ад Мінска 150 кіламетраў — і ты ў слынным горадзе. Пазнаёміцца з усімі помнікамі культуры, гісторыі і прыроды за адзін дзень немагчыма. Таму варта падумаць пра начлег. Лепш за ўсё размясціцца ў гасцініцы райцэнтра.

Каб пачуць рэха гісторыі і даведацца аб тым, як жылі прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства ў часы Вялікага Княства Літоўскага, варта з’ездзіць у вёску Шчорсы, што за 30 кіламетраў ад Навагрудка. Там знаходзіццаПалацава-паркавы ансамбль Храптовічаў. Пра яго былую веліч сёння мала што нагадвае. Знаходзячыся побач з такімі прыгажунамі, як Мірскі і Нясвіжскі палацава-паркавыя ансамблі, Шчорсаўскі значна саступае па відовішчнасці сваім суседзям. Чакае сваіх інвестараў. Для гэтага пэўныя захады ўжо робяцца.Палац прываблівае сваёй гісторыяй. Ён быў пабудаваны па загаду падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Іахіма Храптовіча на месцы старой драўлянай сядзібы. Распрацаваць праект даверылі італьянскім дойлідам. Побач з мураваным палацам заклалі пейзажны парк з 200 відамі розных парод дрэў. Як помнік прыроды да нядаўняга часу стаяў так званы дуб Міцкевіча, пад якім, паводле падання, паэт напісаў паэму “Гражына”.Гонарам Шчорсаўскага палаца была бiблiятэка. У ёй захоўвалася больш за 10 тысяч тамоў кнiг, старажытныя хронiкi i рукапiсы. У бiблiятэцы працавалi Адам Мiцкевiч, Уладзiслаў Сыракомля, Ян Чачот. На жаль, у пачатку XX стагоддзя знакамiтая Шчорсаўская бiблiятэка была вывезена з Беларусi. Яшчэ да нашых дзён захаваліся вяндлярня, аднапавярховы флiгель, у якiм раней жылi войт, чэлядзь, майстры.

Амаль у кожнай з памятных мясцін Навагрудчыны ў цэнтры ўвагі храмы. І гэта невыпадкова. У часы ВКЛ Навагрудак быў цэнтрам праваслаўнай Навагрудска-Літоўскай мітраполіі і прэтэндаваў на кананічную ўладу над усёй Кіеўскай мітраполіяй. Сведка тых гістарычных падзей — Свята-Барысаглебская царква. Размешчана яна на вуліцы Паштовай. Адзін з самых старажытных і ўнікальных храмаў у Беларусі пабудаваны на месцы царквы, закладзенай у ХІІ стагоддзі. Пры храме некалі дзейнічаў манастыр, які быў рэзідэнцыяй мітрапалітаў. Зараз знаходзіцца ў даволі добрым стане. Сёння там вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

Фарны касцёл, які быў заснаваны яшчэ вялікім князем Вітаўтам у 1395 годзе, захапляе сваёй велічнасцю і гісторыяй. Пяць стагоддзяў таму тут вянчаўся 70-гадовы кароль Польшчы Ягайла з шаснаццацігадовай князёўнай Соф’яй Гальшанскай. З іх шлюбу бярэ пачатак каралеўская дынастыя Ягелонаў, якія правілі ў розных краінах свету на працягу двух стагоддзяў. Менавіта ў гэтым храме быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.

Яшчэ адно славутае месца Навагрудчыны — Любчанскі замак. Мястэчка Любча знаходзіцца за 25 кіламетраў ад райцэнтра.Любчанскі замак разам з Мірскім і Навагрудскім адносяць да абарончага дойлідства. Гэта адзін з апошніх помнікаў традыцыйнага замкавага будаўніцтва. На працягу апошніх гадоў намаганнямі энтузіястаў у ім ідуць рэстаўрацыйныя работы, утвораны фонд “Любчанскі замак”. Узведзены на высокім беразе Нёмана, ён пяць стагоддзяў таму ўтвараў прамавугольнік з чатырма вежамі. Сёння іх толькі дзве. Зараз яны рэстаўрыруюцца. Як і ўсё мястэчка, замак належаў магнацкаму роду Кішкаў. Будавацца пачаў у 1581 годзе, і, калі быў закончаны, перайшоў у валоданне Радзівілаў.

Падарожнічаць па Навагрудчыне найлепш летам. Тады на сабе можна адчуць цудадзейныя якасці празрыстых вод Возера Свіцязь.Знаходзіцца яно за 25 кіламетраў ад Навагрудка. Славіцца чыстай вадой і мноствам легенд. Па сваёй прывабнасці для турыстаў возера нават перамагае “самую беларускую” з усіх вялікіх беларускіх рэк — Нёман. Вада ў Свіцязі значна больш цёплая. Вучоныя сведчаць, што катлавіна Свіцязі ўтварылася больш за 12 тысяч гадоў назад. Прыгажосць свіцязянскіх краявідаў зачароўвала паэта Адама Міцкевіча, якую ён апеў у сваіх творах.Не забудзьце, ад’язджаючы, завітаць у вёску Мотча, што за 4 кіламетры ад Навагрудка. Многія імкнуцца сюды, каб, спатоліўшы смагу сцюдзёнай крынічнай вадой, што б’е тут з зямлі, збавіцца ад шматлікіх хвароб.

За тры кіламетры ад Шчорсаў — вёска Лаўрышава, дзе размешчаны Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр.Першае пісьмовае ўпамінанне пра гэтую мясціну адносіцца да 1225 года. Іпацьеўскі летапіс сведчыць, што мужчынскі манастыр заснаваны сынам літоўскага князя Міндоўга Войшалкам. Першым ігуменам манастыра быў Елісей, які, паводле жыццяпісу, быў сынам князя Трайната і займаў высокую пасаду пры двары князя Міндоўга. З імем заснавальніка звязана шмат легенд, якія і зараз расказваюць насельнікі Лаўрышава. Кажуць, што Елісей быў забіты юнаком-вар’ятам. А калі забойца дакрануўся да мошчаў Елісея, адразу выздаравеў. Расказваюць і яшчэ пра адзін цуд. У 1505 годзе ў час набегу татар, што спустошылі наваколле Навагрудка, мошчы Елісея, якія да сённяшняга часу не знойдзены, збавілі манастыр ад знішчэння. Татары ўбачылі, што двор напоўніўся конніцай, і ў жаху былі вымушаны адступіць. Пасля гэтага прападобны Елісей быў кананізаваны як святы.

Далей на 25 кіламетраў ад Любчы — мястэчка Уселюб. Асаблівую ўвагу ў ім прываблівае касцёл Святога Казіміра. Збудаваў касцёл у 1433 годзе канюшы Вялікага князя вітаўта Ян Няміра. Як бачым, гэта самы стары касцёл у гатычным стылі ў Беларусі, які захаваўся да нашага часу. Некаторы час з’яўляўся кальвінскім зборам, пасля зноў стаў касцёлам. Храм быў значна перабудаваны ў ХІХ стагоддзі. Уселюбскі касцёл — найбольш ранні ўзор готыкі ў мураваным каталіцкім будаўніцтве ў Беларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
7 месцаў Навагрудчыны, якія варта наведаць.    
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика