“На Міхалка ходзяць прыкалоцца. Такія рэчы шмат не жывуць”. 21.by

“На Міхалка ходзяць прыкалоцца. Такія рэчы шмат не жывуць”

13.01.2012 20:04 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

“На Міхалка ходзяць прыкалоцца. Такія рэчы шмат не жывуць”


Начальнік аддзела па справах мастацтва Мінгарвыканкама чуў пра "чорныя спісы" музыкаў, пайшоў бы на канцэрт Озі Осбарна і не верыць у Вольскага і Міхалка.
 
Даведаўшыся пра чарговы адменены канцэрт гурта з неіснуючага “чорнага спісу” Еўрарадыё паразмаўляла з начальнікам аддзела па справах мастацтва Мінгарвыканкама Уладзімірам Анціповічам і той патлумачыў, чаму музыкі “займаюцца троху не тым, чым трэба”

Еўрарадыё: Гледзячы па вашай пасадзе, ад вас моцна залежыць правядзенне канцэртаў...

Уладзімір Анціповіч: Асабіста ад мяне? Гэта залежыць ад арганізатараў канцэртаў.

Еўрарадыё: Але вы нейкім чынам уплываеце на тое, забараніць ці не забараніць канцэрт?

Уладзімір Анціповіч: Не, асабіста я не ўплываю! Ва Ўпраўленні культуры мы прымаем лісты-паведамленні на правядзенне канцэрту. Яны завяраюцца, але гэта паведамленні. Калі б гэта была ліцэнзія, ці пасведчанне, то была б іншая справа, але гэта звычайны ліст-паведамленне. Вось і ўсё! Уся адказнасць за правядзенне канцэрту, паводле ўказу прэзідэнта, на арганізатарах. Тут няма пра што асабліва размаўляць.

Еўрарадыё: У нас жа ў законе ёсць прапісаны артыкул, паводле якога гурты экстрэмісцкага характару ў нас забароненыя. А як гэтыя гурты адсочваюцца, як адбіраюцца?

Уладзімір Анціповіч: Ну, экстрэмізм – паняцце таксама вельмі адноснае... Калі чалавек займаецца акрамя музыкі незразумела якімі рэчамі, то тады гэта, вядома, ужо не добра. І так было б у кожнай краіне. У Мінску існуе вялікая камісія, куды ўваходзяць і Упраўленне культуры, і МУС, і гэтак далей. Клубы правяраюцца. Гэта калегіяльнае рашэнне, і гэта не залежыць ад аднаго чалавека. А ўлічваючы, што гэтыя лісты-паведамленні прыходзяць ва Упраўленне культуры, то мы іх захоўваем і бачым, што адбываецца.

Еўрарадыё: Добра, а ці чулі вы пра існаванне "чорных спісаў" музыкаў?

Уладзімір Анціповіч: Усе пра іх кажуць, але іх ніхто не бачыў. Я пра іх віртуальна чуў, але іх ніхто не вывешваў, ніхто не зацвярджаў.

Еўрарадыё: Тым не менш, гурты з гэтага спіса не могуць выступіць амаль год. Былі спробы, але канцэрты адмяняліся, ва ўсялякім выпадку ў Мінску.

Уладзімір Анціповіч: Магчыма, гэта і так, я на гэта адказаць не магу. Ва ўсялякім выпадку, Упраўленне культуры прымала паведамленні аб правядзенні гэтых канцэртаў. Калі вы маеце на ўвазе нейкія апошнія падзеі з "Крамбамбуляй" і г.д. Калі ўжо казаць адкрыта, то арганізатары нам прынеслі ліст-паведамленне, мы яго прынялі і ўсё! А што там далей адбываецца... Іншае пытанне, калі падчас самога мерапрыемства адбываюцца, мякка кажучы, беспарадкі. Гэтым ужо займаецца не Упраўленне культуры, а кампетэнтныя структуры. Упраўленне культуры ж не сілавое ведамства, таму я не бачу тут ніякіх іншых тлумачэнняў.



Еўрарадыё: Крыху адыдзем ад тэмы. А якую музыку вы любіце і слухаеце?

Уладзімір Анцыповіч: Класік-рок! Старыя добрыя гурты: Led Zeppelin, Queen і гэтак далей.

Еўрарадыё: Якіх канцэртаў, на ваш погляд, не хапае Мінску?

Уладзімір Анціповіч: Гледзячы па афішах, мне падаецца, што ў Мінску зараз вельмі развіваецца клубная сістэма. Шмат якія гурты я, магчыма, з-за ўзросту не ведаю, але гледзячы па палітры менавіта гэтага клубнага жыцця, там на ўсе густы. Пачынаючы ад розных дыск-жакеяў, не ведаю, хіп-хопу і заканчваючы стылем lounge, карацей, што пажадаеце. Я, як сучасны чалавек, з задавальненнем схадзіў бы на Озі Осбарна (смяецца). Культавыя гурты – заўсёды культавыя гурты.

Еўрарадыё: Можаце ўзгадаць, на які канцэрт, ці на якія канцэрты вы хадзілі апошнім часам?

Уладзімір Анціповіч: Ужо даўно не хадзіў. На Rammstein хадзіў, калі тыя прыязджалі, на Элтана Джона... Вы ж разумееце, што вельмі накладна хадзіць на ўсе канцэрты, таму выбіраў адпаведна густам. Дома я слухаю музыку, у машыне. Але на Озі Осбарна назбіраў бы грошай.

Еўрарадыё: А беларускія гурты слухаеце?

Уладзімір Анціповіч: Натуральна! "Беларускія песняры" мне вельмі падабаюцца. "Песняры" яшчэ тыя, мулявінскія. J:Морс – добры гурт, сучасны. Украінскі "Океан Ельзы" падабаецца, я лічу гурт вельмі своеасаблівым, недзе нават непаўторным. ДДТ слухаў.

Еўрарадыё: Узнікае пытанне наконт вашага стаўлення да Сяргея Міхалка і да Лявона Вольскага.

Уладзімір Анціповіч: Маё стаўленне да іх вельмі простае! Па-першае, я з Міхалком нават вучыўся калісьці, ён на два курсы маладзейшы. Гэтыя ж гурты ў свой час выступалі і на тэлебачанні, і на радыё, і г.д. Шмат хто з арганізатараў зараз ходзіць і кажа пра Міхалка: "Ну, што ён звар'яцеў, што ён нясе такую лухту? Займайся музыкай і не лезь туды, куды не трэба. Тым больш, непрафесійна, без вагі. Што ты хацеў гэтым усім сказаць?" Паверце, 90-95 адсоткаў арганізатараў гэтых канцэртаў так кажуць пра Міхалка.

І Вольскі таксама... Незразумелыя яго гэтыя заходы. Хлопцы займаюцца троху не тым, чым трэба. Тым самы правакуюць сваіх прыхільнікаў на шмат якія рэчы. Тым больш, рок-музыка заўсёды насіла правакацыйны характар, але зразумела, бо "рок" - гэта раскачвай... Але музыка музыкай, а вось што стаіць потым за музыкай, пачынае не падабацца шмат каму. За імі ніхто і не ірвецца асабліва, яны і ў клубах мала выступаюць, бо нікому гэта і не трэба.

Калі казаць пра экстрэмізм, нават не кажучы пра гурты, а пра тых, хто ходзіць на гэтыя канцэрты, адразу экстрэмісцкі настроеныя. І пасля канцэрту, падчас канцэрту могуць узнікаць розныя правакацыйныя рэчы. А калі падліваць алей у вогнішча, выкарыстоўваючы сваё імя, музыку, то...

А рабіць культавым гурт NRM, напрыклад... Гэта што такі еўрапейскі ўзровень, ці што? У Міхалка музыка блазенская, такі ж і праект "Крамбамбуля" - такія больш гумарныя. Я ўвогуле не лічу, што гэта такія вялікія музыкі. На Міхалка ходзяць прыкалоцца. Ну, збірае ён залы, але такія рэчы шмат не жывуць, яны надакучваюць. Тыя ж NRM развальваліся, у іх у гурце былі канфлікты з тым жа Вольскім, пад "Крамбамбуляй" яны збіраліся... Гэта ўсё несур'ёзна. Жадаеце каб я сур'ёзнае назваў сярод беларускіх гуртоў? Я з задавальненнем слухаю "Троіцу", з вялікім задавальненнем! Вось гэта вельмі сур'ёзны падыход, вялікі прафесіяналізм, гэта цікава. Вось такое маё асабістае стаўленне!
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Начальнік аддзела па справах мастацтва Мінгарвыканкама чуў пра "чорныя спісы" музыкаў, пайшоў бы на канцэрт Озі Осбарна і не верыць у Вольскага і Міхалка.  ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика