Сусвет Раісы БАРАВІКОВАЙ
04.02.2012
—
Новости Культуры
|
Літаратура не можа існаваць сама па сабе. Паэты і пісьменнікі ствараюць яе для таго, каб падзяліцца сваімі думкамі, марамі, светапоглядам, крануць мелодыяй твора душу таго, каму кніга трапляе ў рукі. Для паэткі і пісьменніцы Раісы Баравіковай задача гэта ўскладнена ў некалькі разоў — апошнія дзесяцігоддзі яна піша для дзяцей. Помніце, як казаў Максім Горкі: “Кнігі для маленькіх павінны быць, як для дарослых, толькі значна лепшыя”. З дзяцінства памятаю казкі пісьменніцы “Галенчыны “Я”, альбо Планета цікаўных хлопчыкаў”, якія гучалі па радыё. Калі вырасла і рашыла стаць журналістам, зачытвалася яе аўтарскімі калонкамі ў часопісе “Алеся”, дзе Раіса Андрэеўна працавала. “Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў”, якія сёлета ўбачылі свет, упэўнена, з задавальненнем будуць чытаць і сучасныя дзеці. Аб праблемах літаратуры сёння, крыніцах натхнення і сэнсе жыцця карэспандэнт “НГ” гутарыла з Раісай Баравіковай. Літаратура не можа быць хобі — Сёлетні год, аб’яўлены Годам кнігі, павінен паспрыяць папулярызацыі чытання. І дзяржава шмат што для гэтага робіць. Кожнае дзесяцігоддзе ў літаратуру прыходзіць новае пакаленне пісьменнікаў. І кожнае з іх нясе нешта сваё. І так важна, каб створанае было заўважана. Ва ўсе часы кожны пісьменнік, як і іншыя творцы, марыў, каб можна было займацца толькі творчасцю. Мне хацелася таксама мець больш вольнага часу, каб штосьці пісаць. Ды і не проста штосьці. У мяне, напрыклад, цэлы спіс над пісьмовым сталом вісіць. Спіс распрацаваных сюжэтаў. Зараз мне хочацца завяршыць дзве аповесці для падлеткаў: адна пра першае каханне, другая — казачна-прыгодніцкая. Калі літаратуру ці іншы від мастацтва лічыць хобі, то тады яны становяцца нізкапробнымі, а потым нікому не патрэбнымі. Літаратура — гэта талент, памножаны на няпростую працу. Існуе меркаванне, асабліва сярод літаратурнай моладзі, што праца літаратара не прафесія, а хобі. Што пісьменніку сёння патрэбна мець яшчэ адну спецыяльнасць, каб зарабіць сабе на жыццё. Не пагаджуся з гэтым. Калі літаратуру ці іншы від мастацтва лічыць хобі, то тады яны становяцца нізкапробнымі, а потым нікому не патрэбнымі. Літаратура — гэта талент, памножаны на няпростую працу. Раю ўсім, хто лічыць, што літаратура — хобі, прачытаць кнігу Яна Парандоўскага “Алхімія слова”. Літаратура — з’ява рэдкая. Каб у гэтым пераканацца, не трэба вынаходзіць аўтамабіль. Азірніцеся ў мінулае і ўбачыце, што ў кожным стагоддзі ўсяго тры-чатыры класікі. Ці маглі Анарэ дэ Бальзак або Леў Талстой сказаць, што літаратура хобі? Пісьменнік павінен быць прафесіяналам. Літаратуры трэба аддавацца цалкам, ёю трэба жыць! Некалькі месяцаў можаш абдумваць сюжэт. І калі едзеш у транспарце, і калі стаіш на кухні, і нават у сне. Не магу сказаць, што гэта стамляе. Гэта лад жыцця, сфера пачуццяў, натхнення...Нельга мець дарослага чытача, зацікаўленага літаратурай, не маючы чытача маленькага— Першая мая дзіцячая кніга напісалася выпадкова, калі нарадзіла дачку Алену. Я чытала ёй пра Бураціна, Беласнежку, а потым стала расказваць і свае сюжэты. І падумалася: “Гэта ж можа цікавая казка атрымацца!” Так з-пад пяра выйшла кніга “Галенчыны “Я”, альбо Планета цікаўных хлопчыкаў”. Думала, што на гэтым мая творчасць для дзяцей скончыцца. Але аднойчы давялося трапіць на святкаванне 100-годдзя вёскі Чашын, што на Уздзеншчыне. Мяне папрасілі выступіць з прамовай. Калі аб’явілі маё імя, раптам нейкі малады мужчына з дзяўчынкай на руках закрычаў: “Бяжым, бяжым, гэта — Раіса Баравікова. Яна піша казкі, я чуў іх па радыё”. Мне падумалася: тады, калі гэтыя казкі гучалі па радыё, ён быў маленькім хлопчыкам, а зараз чытае іх сваёй дачушцы. Гэта не магло не парадаваць, таму рашыла яшчэ пісаць для дзяцей. Бачу ў літаратуры для дзяцей вялікі сэнс. Напачатку патрэбна выхаваць чытача, прывучыць да літаратуры. Ён сам потым будзе шукаць той ці іншы твор. Дзе прызямліцца касмалёт пад назвай Дранік — Кожны дзень мяне нешта кранае. Калі пісала адну з апошніх кніг “Казкі астранаўта. Касмічныя падарожжы беларусаў”, уяўляла сабе шмат іншых планет. Так хочацца верыць, што мы — частка Сусвету! І вось некалькі месяцаў таму ў СМІ прайшла інфармацыя, што навукоўцы адкрылі новую планету. Яна знаходзіцца ў сузор’і Лебедзя і ляцець да яе трэба амаль трыста светлавых гадоў. Чымсьці нагадвае нашу Зямлю, толькі трошкі большая і цяплейшая. Мяне гэта незвычайна здзівіла! Значыць, я ў сваёй творчасці на правільным шляху. “І шпак малады на штыхеце...” — Вырасла я ў вёсцы ў сялянскай сям’і, а юнацтва маё прайшло ў горадзе Бярозе. Горад раскрывае магчымасці перад чалавекам. Там атрымліваеш адукацыю, працуеш. А ў сталым узросце разумееш: горад у нечым абмяжоўвае, пакідае ўяўленне замкнёнасці. Глядзіш у акно і бачыш сцяну іншага дома, а потым яшчэ і яшчэ адну. І каб неба пабачыць, трэба галаву ў фортку высоўваць. Гэта прыгнятае. Мне нават думаецца, што сардэчна-сасудзістыя хваробы больш распаўсюджаны сярод гараджан. А вось у вёсцы адваротная рэакцыя. Калі прачынаешся і бачыш перад сабою прасцяг палёў ільну або збажыны, далёка-далёка лес, за ім яшчэ вялікі абсяг, радуешся гэтай далечыні. Гэта — прасцяг жыцця. Гэта само жыццё! І хочацца жыць... Пісьменнік, як той спартсмен, не павінен страчваць сваю творчую форму. Калі перастае трэніравацца, сыходзіць з дыстанцыі. Таму творцу патрэбна заўсёды быць у цэнтры літаратурнага жыцця. Раней любіла пачатак восені, калі лісце пачынае скручвацца ад першых маразоў. А зараз любімая пара — лета. Вельмі люблю працаваць на агародзе. Якая ў нашых Сутках, што на Уздзеншчыне, маляўнічая прырода! Асабліва, калі сонца яшчэ не ўстала. У пяць раніцы — гэта не Зямля, а іншая планета. І паветра, здаецца, іншага колеру. Апошнім часам заўважыла, што вужоў перастала баяцца, хаця раней баялася вельмі. Лета ў вёсцы — гэта сонца, кветкі, мноства птушак. Нядаўна чытала аб’яву аб тым, што ў Мінску нейкае згуртаванне збірае людзей, якім калісьці даводзілася бачыць салаўёў. Быццам гэта такая рэдкая з’ява. У нас два салаўі парачкай летам ходзяць па разоры. А аднойчы прыйшла паліваць кветкі і раптам чую гук маленькага прапелера побач. Прыгледзелася, а гэта — агромністы жук! Потым мне сказалі, што гэта мог быць скарабей. Няма нічога больш цёплага і блізкага, як свая сям’я Я — аптыміст. З любой сітуацыі буду знаходзіць выйсце. Але бываю схільнай да смутку, жалю. Чаму? Гэта спрыяе творчасці. Дома стараюся настройвацца ўсё ж на пазітыў. Трэба выкарыстоўваць кожны момант для таго, каб дзеці адчувалі бацькоўскую дабрыню і клопат. Свет такі халодны, і няма ў ім нічога больш цёплага і блізкага, як сям’я. Бацькі павінны быць для дзяцей блізкімі сябрамі. Як муж і жонка ставяцца адзін да аднаго, так да іх будуць ставіцца і дзеці. “Літаратурная альтанка” збірае сяброў — Пісьменнік, як той спартсмен, не павінен страчваць сваю творчую форму. Калі перастае трэніравацца, сыходзіць з дыстанцыі. Таму творцу патрэбна заўсёды быць у цэнтры літаратурнага жыцця. Гэтым цэнтрам, спадзяюся, стане праект “НГ” “Літаратурная альтанка”, які распачынаецца на старонках выдання ў Год кнігі. Мы чакаем лістоў з творамі чытачоў з розных куточкаў краіны і найперш ад літаратурнай моладзі. У “Альтанцы” будуць не толькі вершы, апавяданні, гумарэскі, фельетоны, жарты, але і іх аналіз. Чакаем таксама і вершы для дзяцей. Лічылкі, загадкі, пацешкі аб’яднае рубрыка “Малышок”. Для пачаткоўцаў карыснымі стануць парады вядомых беларускіх пісьменнікаў. А ў конкурсе легенд і паданняў роднага краю могуць паўдзельнічаць і юныя творцы. У кожнай мясцінцы зямлі беларускай абавязкова ёсць свой цуд. І гэта яскрава пацвердзіў праект “НГ” “Сем цудаў Беларусі”. Цяпер дзякуючы дасланым на конкурс паданням і легендам мы яшчэ больш даведаемся пра таемныя цуды, на якія багата наша Радзіма. У адной вёсцы знойдзем Бабіну дарогу. Падумаем, чаму яна так называецца. Нехта напіша пра Антонаў камень і паразважае, адкуль пайшла гэта назва. Памятаю, як аднойчы мы з мужам пайшлі па грыбы. А ён мне кажа: “Ты ж глядзі, азірайся, а то нас можа сустрэць жоўценькі сабачка”. — “Які жоўценькі сабачка?” — спытала я і ўжо не адставала ад яго, пакуль ён мне не расказаў паданне. Тады вобраз таго жоўценькага сабачкі стаў прататыпам галоўнага героя маіх “Казак з гербарыя” — Мупсі з планеты ў сузор’і Гончых Псоў. А колькі неверагодных беларускіх легенд звязана з русалкамі, крыніцамі, ляснымі дарогамі, асабліва на Палессі! Лепшыя з іх, што дашлюць чытачы, будуць надрукаваны на старонках “НГ”, а потым выдадзены асобнай кнігай. Сустрэнемся ў “Альтанцы”! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Літаратура не можа існаваць сама па сабе.
|
|