Кодэкс аб культуры пачне працаваць у краіне праз тры гады
10.02.2012
—
Новости Культуры
|
Пра гэта паведаміў на выніковай калегіі Міністэрства культуры міністр Павел Латушка. Канцэпцыя Кодэкса ўжо вынесена на грамадскае абмеркаванне. Мяркуецца, гэты дакумент дазволіць скараціць колькасць існуючых нарматыўных норм і ўкараніць інавацыйныя механізмы арганізацыі дзейнасці ў сферу культуры. А гэта, у сваю чаргу, дапаможа пазбавіцца ад тых недахопаў, якія існуюць у галіне сёння і пра якія так шмат гаварылі на калегіі. Як аказалася, нягледзячы на досыць аптымістычныя вынікі працы арганізацый культуры ў мінулым го-дзе (адкрыццё новых аб’ектаў, заснаванне музычнай і тэатральнай прэмій, удзел у міжнародных праектах, прыняцце новых нарматыўных актаў і многае іншае), засталося яшчэ вельмі шмат нявырашаных праблем. Вось, напрыклад, заснавалі летась Нацыянальную тэатральную прэмію. Добрую справу зрабілі. Гэтай падзеі чакалі не адзін год. Але што мы ўбачылі? З 12 спектакляў-намінантаў толькі два спектаклі былі пастаўлены па творах беларускіх аўтараў, што сведчыць аб неадпаведнай рабоце нашых тэатраў з беларускім матэрыялам. Шмат надзей у гэтым кірунку ўскладваецца на Цэнтр беларускай драматургіі. Але яго дзейнасць, як і работа тэатраў з беларускім рэпертуарам, патрабуе значнага ўдасканалення. Па-ранейшаму актуальнай для тэатральнага мастацтва з’яўляецца падрыхтоўка рэжысёрскіх кадраў. Няма галоўных рэжысёраў у Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа, Мінскім абласным драматычным тэатры. Сёння з’явілася магчымасць ажыццяўляць стажыроўкі спецыялістаў за кошт бюджэтных сродкаў. Летась у вядучых установах адукацыі і тэатрах Расіі і Германіі пабывалі 16 чалавек — прадстаўнікі таленавітай моладзі. Аднак тэатры краіны пасіўна адносяцца да магчымасці скарыстаць вопыт лепшых труп розных краін. І не толькі яны. Напрыклад, ні адной заяўкі на атрыманне гранту на арганізацыю замежнай стажыроўкі на працягу года не паступіла ад устаноў культуры рэгіянальнага падпарадкавання, у той час калі менавіта ў рэгіёнах так не хапае кваліфікаваных кадраў.— Абвастрылася таксама праблема адтоку кадраў: артыстаў балета, артыстаў-салістаў-інструменталістаў, — паведаміў на калегіі Павел Латушка. — Так, за 2011 год у Вялікім тэатры звольнілася 15 артыстаў балета, з Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі — 14 артыстаў, з Дзяржаўнага ансамбля “Харошкі” — 6 чалавек. Кіраўніцтву нашых падведамных арганізацый неабходна прыняць тэрміновыя меры для змянення гэтай негатыўнай тэндэнцыі. Разам з тым існуе праблема тэхнічнага аснашчэння культурных устаноў, што перашкаджае рэалізацыі многіх праектаў. Вядома, што ў краіне распрацоўваецца Нацыянальная электронная бібліятэка. Аднак якім чынам будуць фарміравацца і выкарыстоўвацца яе інфармацыйныя рэсурсы, калі ў краіне камп’ютарызаваны ўсяго толькі 48 працэнтаў бібліятэчных устаноў, а падключаны да сеткі інтэрнэт наогул толькі 31 працэнт?Важным застаецца пытанне ўдасканалення сістэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Каб неяк актывізаваць мясцовыя ўлады і людзей, адказных за захаванне помнікаў культуры ў рэгіёнах, у 2012 годзе міністэрства плануе правесці конкурс на лепшы прыклад аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Ёсць і яшчэ некалькі прыемных навін, якія чакаюць сферу культуры ў бліжэйшай будучыні. Напрыклад, у Мінску пачалося стварэнне Музейнага квартала. Ёсць думкі заснаваць фестываль фальклору, які б “вандраваў” па абласных цэнтрах, а завяршыўся ў сталіцы. У Гомелі сёлета правядуць Беларускі фестываль аматарскага цыркавога мастацтва, а ў Мінску — першую ўсебеларускую выстаўку сучаснага мастацтва. Культурны патэнцыял нашага народа невычэрпны, толькі варта хацець і ўмець яго выкарыстоўваць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра гэта паведаміў на выніковай калегіі Міністэрства культуры міністр Павел Латушка.
|
|