Тадэуш Стружэцкі: Беларусь без беларускай мовы існаваць не можа
21.02.2012 19:46
—
Новости Культуры
|
— Яшчэ напачатку мінулага года вы падтрымалі ідэю абвяшчэння 2011-га Годам культуры і мовы. Чаму гэта ініцыятыва так і не была падтрымана на высокім узроўні? — Сапраўды, Міністэрства культуры ініцыявала гэта. На наш погляд, такое прыцягнула б дадатковую ўвагу да існуючых праблем у сферы карыстання беларускай мовай. Але ўрэшце было прынята рашэнне аб абвяшчэнні 2012 года Годам кнігі. Мы таксама падтрымліваем гэту ідэю, бо яна лагічна звязана з рэалізацыяй і першаснай нашай ідэі. Кніга — суб’ект нацыянальнай культуры і мовы. Гаварыць аб Годзе кнігі і не сказаць аб беларускай літаратуры немагчыма, адарваць літаратуру ад агульнанацыянальнай культуры таксама немагчыма. Я думаю, тут няма ніякіх супярэчнасцяў. — Ёсць меркаванне, што моўнае пытанне сёння занадта палітызаванае. Адсюль і псіхалагічныя праблемы, якія перашкаджаюць размаўляць па-беларуску нават тым, хто мову ведае... — У Міністэрстве культуры моўнай праблемы не існуе: справаводства, сустрэчы, практычна ўся дзейнасць апарату міністэрства і нашых арганізацый забяспечана якраз на беларускай мове. Большасць нашых супрацоўнікаў добра валодаюць беларуская мовай, мы звяртаемся і адказваем на запыты па-беларуску. А ў цэлым, безумоўна, праблема ўжывання беларускай мовы ў грамадстве ёсць. Яна існуе на розных узроўнях. У свой час Міністэрства культуры было ініцыятарам распрацоўкі плана мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы. І рэалізацыя гэтага плана дала магчымасць прыцягнуць увагу да праблемы на розных узроўнях кіравання. Сёння міністэрства ініцыюе вяртанне да гэтага плана, каб прааналізаваць, як ён выконваецца на розных узроўнях, у тым ліку і органамі ўлады. Часам некаторыя дзеячы моўнае пытанне пераносяць у сферу палітыкі. Хаця я асабіста як грамадзянін і прадстаўнік органа дзяржкіравання лічу, што беларуская мова сёння павінна выкарыстоўвацца менавіта як важны фактар кансалідацыі нашага грамадства. Не павінна быць падзелу на тых, хто размаўляе і хто не размаўляе па-беларуску, залічэння такіх груп насельніцтва да нейкіх палітычных плыняў. Думаю, мы гэты этап ужо перажылі. Сёння нам усім патрэбна зразумець, што беларуская мова — гэта важнейшы паказчык асабістых, грамадскіх і дзяржаўных адносін да Беларусі. Рэспубліка Беларусь як самастойная дзяржава без беларускай мовы існаваць не можа. Гэта аксіёма. — Што патрэбна зрабіць, каб кансалідуючы фактар беларускай мовы запрацаваў? — Па-першае, трэба як мага часцей карыстацца беларускай мовай і звычайным грамадзянам, і чыноўнікам. Беларуская мова павінна гучаць у паўсядзённым жыцці, вольна пачувацца ў сродках масавай інфармацыі. Больш шырока беларуская мова павінна выкарыстоўвацца ў сістэме адукацыі. Даследванні і аналіз паказвае, што большасць прадметаў у школе і іншых навучальных установах выкладаецца на рускай мове, — нават гісторыя Беларусі. На наш погляд, гэта няправільна. Беларуская мова павінна больш шырока прысутнічаць і ў рэкламе, у тым ліку вонкавай. Крытычныя заўвагі на гэты конт вельмі часта прыходзяць у міністэрства. Некаторыя грамадзяне патрабуюць унясення змен у адпаведнае заканадаўства. Мы ўжо зрабілі пэўныя захады ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў, звярнуліся з прапановамі да Нацыянальнага сходу. — У Беларусі — афіцыйнае двухмоўе. Тым не менш, нельга адмаўляць, што прыярытэт у паўсядзенным, афіцыйным і бытавым ужытку застаецца за рускай мовай. Што варта і можна зрабіць, каб павысіць статус беларускай? — Гэта — агульнаграмадская праблема. Толькі заканадаўчымі актамі забяспечыць, каб усе людзі карысталіся беларускай мовай, немагчыма. Чалавек мае права размаўляць і на любой з дзяржаўных моў, і на іншых па свайму выбару. Іншая справа, што баланс павінен быць або на карысць беларускай мовы, або з рускай хаця б на роўных. Гэта зусім не абмяжоўвае канкрэтных людзей у іх праве, ён па-ранейшаму будзе вольны сам выбіраць. Але дзяржаўныя ўстановы павінны абавязкова выкарыстоўваць беларускую мову. Калі грамадзянін звяртаецца да іх з заявай на беларускай мове, на ёй жа ён павінен атрымаць і адказ. Дарэчы, гэта ўсё прапісана ў нашым заканадаўстве. Павінна быць паўнавартасная сістэмная праца, скіраваная на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. Калі яна будзе, то можна спадзявацца, што беларуская мова стане важнейшым і абавязковым складнікам нашага жыцця. — Як вы лічыце, ці цалкам выконваецца сёння моўнае заканадаўства? — Не цалкам. Таму мы і ўздымаем гэтае пытанне, звяртаем увагу, што і рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы, і шыльды, і ўнутраная дакументацыя павінны базавацца на беларускай мове. Мы не дапускаем тут нейкіх перагібаў. Безумоўна, ёсць і рускамоўнае насельніцтва, якое можа патрабаваць, каб з імі мелі зносіны на рускай. Але ў маёй практыцы не было ніводнага выпадку, каб я недзе размаўляў на беларускай мове і мне зрабілі заўвагу. Я заўсёды ўпэўнена карыстаюся беларускай мовай і адчуваю, што многія людзі ставяцца да гэтага з сімпатыяй. — Калі прымусіць размаўляць на беларуская мове складана, то замяніць шыльды, нейкія назвы можна было б і дырэктыўна. Гэта падштурхнула б насельніцтва да больш свабоднага ўспрымання беларускай мовы... — Я думаю, што гэта — абавязак мясцовых органаў улады. Калі заканадаўствам прадугледжана двухмоўе, то давайце яго ў поўнай ступені і выкарыстоўваць. Назвы ўстаноў абавязкова павінны быць на беларускай і рускай мовах. Гэта нармальная практыка. Напэўна, трэба стымуляваць такое. Але ўжо настаў час, калі варта і проста патрабаваць выканання заканадаўства. — Пакуль выглядае, што мясцовыя ўлады дзейнічаюць як раз насуперак патрабаванням заканадаўства. Летась на адкрыцці цэнтральнага аўтавакзала Мінска выявілася, што там няма ніводнай шыльды па-беларуску. У Маладзечне кінатэатр «Радзіма» перайменавалі ў «Родину»... — На жаль, такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Думаю, у некаторых выпадках гэта адбываецца ад безадказнасці, у некаторых — проста элементарна ад няўважлівасці. Але тут якраз не павінна быць праблем, бо практычна кожны жыхар Беларусі зразумее ці не любое слова на беларускай мове. Мне здаецца, мы крыху ўскладняем праблему з беларускай мовай. Для кожнага нармальнага чалавека вывучыць беларускую мову зусім нескладана. У 1992 годзе абсалютная большасць супрацоўнікаў Міністэрства культуры не карысталася беларускай мовай. Але мы стварылі курсы, запрасілі кваліфікаванага настаўніка, і міністр разам са сваімі падначаленымі два разы на тыдзень пасля працы затрымліваўся і вывучаў беларускую мову. І практычна за тры месяцы большасць супрацоўнікаў стала вольна карыстацца беларускай мовай. Ніхто сёння не перашкаджае зрабіць гэтак жа у нейкім іншым міністэрстве, у любой арганізацыі. Павінна быць агульнае жаданне, фарміравацца любоў да роднага слова. Чалавек павінен адчуваць, што паняцце Радзімы непасрэдна звязана з роднай мовай. — Чаму, на Вашу думку, у апошні год знізілася колькасць жадаючых здаваць іспыты на беларускай мове? Чаму плануецца закрыццё навучання па некаторых спецыяльнасцях, якія маюць непасрэднае дачыненне да беларускай мовы і літаратуры? — Сёння беларуская моладзь дастаткова шырока выкарыстоўвае беларускую мову. Але, вы маеце рацыю, ёсць і практычныя праблемы: тэсціраванне можна здаць на беларускай мове, а заўтра навучальны працэс будзе арганізаваны толькі на рускай. Пакуль, на жаль, чалавек не заўжды адчувае запатрабаванасць мовы. — А як Вы ставіцеся да ідэі стварэння цалкам беларускамоўнага ВНУ? — Стварэнне такого ВНУ патрабуе часу і адпаведных сродкаў. Калі ўлічваць, што метадычная і навуковая літаратура па многіх накірунках выдадзена толькі на рускай мове, значыць, трэба будзе забяспечыць іх пераклад і выданне па-беларуску. А тое, што такая ВНУ патрэбна, — тут, напэўна, нікога не трэба пераконваць. Мы нядаўна сустракаліся з кіраўнітцвам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, і гаварылі, што ён павінен быць вышэйшай навучальнай установай, па форме і па сутнасці — беларускамоўнай. Гэта ідэя можа быць рэалізавана ў бліжэйшай перспектыве. — Гэтымі днямі ў розных гарадах Беларусі праходзіць агульнанацыянальная дыктоўка па беларуская мове. Чаму б Міністэрству культуры не далучыцца да такой штогадовай акцыі ў якасці суарганізатараў? — Калі гаварыць аб супрацоўніках міністэрства, то мы практычна кожны дзень пішам такія «дыктоўкі» — не толькі фармальныя лісты, але і творчыя праекты, дзе патрабуецца добрае веданне беларускай мовы. Таму я ўпэўнены, што многія супрацоўнікі такую дыктоўку напісалі б на «добра» ці на «выдатна». Напэўна, міністэрству можна і далучыцца да гэтай цікавай акцыі. Думаю, гэта было б карысна і цікава. — У Беларусі існуюць два саюзы пісьменнікаў, якія шмат у чым з'яўляюцца антаганістамі. Ці бычыце Вы магчымасці для іх прымірэння і аб'яднання? — Я думаю, такія магчымасці існуюць. Трэба рабіць крокі насустрач. Творчыя людзі павінны гэта рабіць. Тым больш, калі гэта тычыцца вельмі важных падзей, фактаў, праектаў. Напрыклад, выдатная магчымасць такога паяднання — сумеснае адзначэнне і святкаванне 130-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Не трэба дзяліцца, хто больш левы ці правы, а разам узяцца за папулярызацыю творчасці нацыянальных песняроў. — Ужо некалькі гадоў грамадскія арганізацыі прапаноўваць назваць адну з мінскіх вуліц імем Васіля Быкава. Ці падтрымлівае міністэрства культуры гэтую ініцыятыву? Калі ў Мінску нарэшце з'явіцца музей Быкава і помнік славутаму пісьменніку? — Мы лічым, што імя Быкава — адзін з сімвалаў не толькі нацыянальнай літаратуры, але і Беларусі ўвогуле. Спадчына Васіля Быкава павінна быць ушанавана, запатрабавана. Спецыяльная экспазіцыя, прысвечаная Быкаву, зараз размешчана ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Дарэчы, гэты музей зараз актыўна вывучае і збірае спадчыну Быкава. Думаю, у перспектыве (і яна не павінна расцягвацца на дзесяцігоддзі) музей Быкава з'явіцца. Для гэтага патрэбна дакладна вывучыць яго літаратурную спадчыну, мець дастаткова музейных прадметаў, знайсці адпаведнае памяшканне... — Пытанне наконт так званых чорных спісаў дзеячаў культуры. Хоць іх наяўнасць афіцыйна не пацвярджаецца, але факт застаецца фактам: шэраг гуртоў, музыкантаў, прычым пераважна беларускамоўных, не могуць даваць канцэрты не толькі на вялікіх пляцоўках, але і ў малых клубах у Беларусі, іх песні не пачуеш па тэлебачанні і радыё. У выніку яны змушаныя гастраляваць выключна па замежжы... — Магу только пацвердзіць, што ў Міністэрства культуры ніякіх чорных спісаў няма. Мы лічым, што творчыя калектывы, дзейнасць і творчасць якіх не супярэчаць заканадаўству, нацыянальным традыцыям і агульнапрынятым нормам грамадскіх паводзін і гэтак далей, павінны быць запатрабаваныя. Мы не бачым ніякай праблемы ў прадастаўленні пляцовак і эфіру беларускамоўным гуртам і музыкам. Калі недзе на месцах існуюць такія забароны, то патрэбна ў кожным канкрэтнымм выпадку высвятляць, хто гэта зрабіў і з якіх прычынаў. — Зразумела, што на выпраўленне сённяшняга стану беларускай мовы патрэбен час. Але ці ёсць яго дастаткова ў беларускага народа? Увогуле, на Вашу думку, які лёс чакае беларускую мову? Што трэба зрабіць, каб на ёй нарэшце загаварыў увесь беларускі народ? — Безумоўна, трэба на ўсіх узроўнях фарміраваць сістэму папулярызацыі і пашырэння выкарыстання беларускай мовы. А гэтая сістэма пачынаецца з самага ранку, калі гучыць нацыянальны гімн на беларускай мове, далей працягваецца тэле- і радыёперадачамі, дзе гучыць паўнавартасная беларуская мова. Калі кіраўнікі на ўсіх узроўнях карыстаюцца беларускай мовай, калі яна становіцца звычайнай у паўсядзённым ужытку, гучыць у грамадскім транспарце. Калі вонкавая рэклама, назвы дзяржаўных і іншых арганізацый маюць шыльды па-беларуску. Калі вучні, пачынаючы з першага класа, чуюць родную мову, чытаюць на ёй вершы. Калі ў радыёэфіры гучаць беларускамоўныя песні. Усё гэта мае важны выхаваўчы патрыятычны фактар. Ён нагадвае чалавеку, што ён жыве ў Беларусі — самастойнай краіне з багатымі культурнымі традыцыямі і адметнасцямі, якімі можна па праву ганарыцца. І я веру, што так яно ўрэшце й будзе. Сяргей КАРАЛЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інтэрв’ю намесніка міністра культуры Беларусі Тадэуша Стружэцкага інфармацыйнай кампаніі БелаПАН...
|
|