І ў купалаўскіх Ляўках пройдзе Год кнігі
15.03.2012 09:58
—
Новости Культуры
|
І ў купалаўскіх Ляўках пройдзе Год кнігі У філіяле Літаратурнага музея Янкі Купалы – запаведніку "Ляўкі" Аршанскага раёна – распрацаваны змястоўны план мерапрыемстваў Года кнігі. У маі, сумесна з Копысскай бібліятэкай, чакаецца прэзентацыя ляўкоўскага цыкла вершаў класіка. Чытаць іх будуць мясцовыя школьнікі, а супрацоўнікі філіяла і бібліятэкі – расказваць, як пісаліся гэтыя творы, што натхняла народнага паэта на дняпроўскім узбярэжжы. "Мы плённа супрацоўнічаем з Копысскай імя Янкі Купалы і Зубаўскай сярэднімі школамі Аршанскага раёна, – заўважае малодшы навуковы супрацоўнік філіяла Лілія Упенік. – Штогод 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, запрашаем у запаведнік вучняў з настаўнікамі. Ля помніка Песняру гучаць вершы, песні". Загадчыца філіяла Тамара Крына распавядае пра бытнасць у Ляўках Купалы, іншых беларускіх класікаў, якія прыязджалі сюды пагасціць, а таксама гісторыю стварэння тутэйшай музейнай экспазіцыі. Будзе такое мерапрыемства ў маі і сёлета. А ў верасні ў абедзвюх школах мяркуецца правесці сустрэчы пад назвай "Чытаем Янку Купалу". Лілію Упенік запрашаюць выступіць і ў школах райцэнтра. Дзеці пасля яе расповеду ўспрымаюць Купалу амаль ці не сваім земляком. З вялікай цікавасцю слухаюць удзельнікі мерапрыемстваў, прысвечаных жыццю і творчасці Янкі Купалы, і ўспаміны мясцовых жыхароў. Пра вялікага беларускага паэта можа, напрыклад, расказаць колішняя настаўніца Копысскай СШ, зараз пенсіянерка Вольга Сяргееўна Марозава, якая сустракалася з ім у маленстве. Сумеснымі намаганнямі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аддзела культуры Аршанскага райвыканкама, раённай бібліятэкі ў ліпені ў Ляўках павінна адбыцца чарговае абласное свята паэзіі. Яно становіцца традыцыяй і сёлета будзе прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Самыя актыўныя наведвальнікі запаведніка "Ляўкі" – аршанцы і магіляўчане. Пасля экскурсіі па музейнаму збору зазвычай фатаграфуюцца ля помніка Купалу, даваеннага будынка былога лясніцтва, дзе напачатку спыняўся паэт, а зараз месціцца музейны філіял, і, канешне ж, узноўленага дачнага дамка. Можна зладзіць і тэматычную экскурсію, прысвечаную, напрыклад, аднаму з купалаўскіх твораў. Зрэшты, кожны год у гэтым адметным куточку Віцебшчыны – Год кнігі, бо тут разгорнута несупынная праца па прапагандзе важкага ўнёску класіка ў прыгожае беларускае пісьменства. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У філіяле Літаратурнага музея Янкі Купалы – запаведніку "Ляўкі" Аршанскага раёна – распрацаваны змястоўны план мерапрыемстваў Года кнігі. У маі, сумесна з...
|
|