"Купалаўскі" перамог на Моладзевым тэатральным форуме краін СНД, Балтыі і Грузіі
20.06.2012 13:24
—
Новости Культуры
|
"Купалаўскі" перамог на Моладзевым тэатральным форуме краін СНД, Балтыі і Грузіі Спектакль “Офіс” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Моладзевага тэатральнага форума краін СНД, Балтыі і Грузіі, які праходзіў у г. Кішынёў (Малдова) з 6 па 13 чэрвеня 2012 года.
На ўрачыстай цырымоніі закрыцця аўтарытэтнае журы конкурсу на чале з народным артыстам Латвіі рэжысёрам Адольфам Шапірам абвясціла спектакль “Офіс” у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай найлепшай работай маладога рэжысёра на постсавецкай прасторы. Моладзевы тэатральны форум – маштабны праект, арганізаваны Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў і Міжнародным тэатральным фестывалем імя А.П. Чэхава пры дапамозе Тэатральнага саюза Малдовы, Міністэрства культуры Рэспублікі Малдова пад эгідай і пры ўдзеле Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін - удзельніц СНД. Форум быў закліканы сабраць пад адным дахам маладое пакаленне тэатральных рэжысёраў, мастакоў, драматургаў і крытыкаў з Расіі, Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Арменіі, Малдовы і Кыргызстана, якія маглі не толькі пабачыць і ацаніць вынікі працы сваіх калег, але таксама знайсці магчымасць для далейшага прафесійнага супрацоўніцтва. Асноўнай падзеяй форума стаў прагляд спектакляў 12 маладых рэжысёраў, кожны з якіх прайшоў нацыянальны адбор і атрымаў права прадстаўляць сваю краіну ў праграме міжнароднага конкурсу. На працягу 2010-2011 гадоў Экспертны Савет форума праглядзеў больш за 60 пастановак маладых рэжысёраў і найлепшыя з іх запрасіў да ўдзелу ў конкурснай праграме. 10 чэрвеня 2012 года Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў на конкурсе спектакль “Офіс” паводле п’есы маладога нямецкага драматурга Інгрыд Лаузунд у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Міхаіл Зуй, Сяргей Рудэня, Вольга Скварцова-Кавальская, Павел Харланчук і Вікторыя Чаўлытка распавялі гасцям фестывалю яскравую гісторыю з жыцця пяці офісных супрацоўнікаў. Жанр спектакля, вызначаны рэжысёрам як “бесхрыбетнасць у адной дзеі”, як мага найлепш характарызуе сцэнічнае дзеянне, у якім чалавек становіцца вінцікам карпаратыўнай сістэмы, губляючы сваю індывідуальнасць і цвёрдасць паставы. Па заканчэнні форума спектакль “Офіс” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы атрымаў 1 месца конкурснай праграмы і быў запрошаны да ўдзелу ў Міжнародным тэатральным фестывалі імя А.П. Чэхава (Масква) і Міжнародным тэатральным фестывалі ў Тбілісі, якія пройдуць у 2013 годзе. Удзел тэатра на міжнародным тэатральным форуме ажыццяўляўся пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Тэатр выказвае падзяку Інстытуту Гётэ ў Мінску за дапамогу ў пастаноўцы спектакля і Цэнтру беларускай драматургіі і рэжысуры за арганізацыйную падтрымку праекта. Партнёр мерапрыемства – Нацыянальная авіякампанія “Белавія”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спектакль "Офіс" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Моладзевага тэатральнага форума краін СНД, Балтыі і Грузіі, які...
|
|