Музей Быкава: лепш позна, чым ніколі. 21.by

Музей Быкава: лепш позна, чым ніколі

01.08.2012 11:30 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Музей Быкава: лепш позна, чым ніколі

           


Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі пачынаецца стварэнне музея Васіля Быкава. Ён стане філіяй Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, будзе базіравацца на лецішчы Быкава ў пасёлку Ждановічы-6 Мінскага раёна. 


27 ліпеня 2012 года прынята пастанова, у адпаведнасці з якой лецішча бясплатна перадаецца ўдавой пісьменніка Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы. “Гэты дзень з'яўляецца адпраўной кропкай у справе ўвекавечання памяці пісьменніка і захавання яго творчай спадчыны”, — кажуць у Мінкультуры.

Музей Васіля Быкава плануецца адкрыць у чэрвені 2014 года да яго 90-годдзя.

Як паведаміла інтэрнэт-газеце Naviny.by дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч, крокі дзеля стварэння музея Быкава насамрэч рабіліся даўно. “Але, калі б не настойлівасць міністра культуры Паўла Паўлавіча Латушкі і добрая воля Ірыны Міхайлаўны Быкавай, гэтага не было б, — кажа яна. — І падтрымка кіраўніцтва краіны, і разуменне асаблівай значнасці Васіля Быкава для беларусаў таксама спрацавалі на карысць”.

У 2012-2014 гадах будзе праведзены капітальны рамонт лецішча.

Але ўжо ёсць засцярогі, каб з лецішчам не стала так, як з хатай Быкава у Бычках.

Лідзія Макарэвіч кажа, што ні сам будынак, ні тэрыторыя вакол яго не зведаюць сур'ёзных змен: “Паколькі гэта мемарыяльныя мясціны, ўсё будзе захоўвацца менавіта так, як гэта было пры жыцці пісьменніка. Там проста будуць зробленыя работы па рамонту даху і іншыя — каб будынак набыў свой першапачатковы выгляд, які ён меў, калі Васіль Уладзіміравіч там працаваў і адпачываў. Для хваляванняў няма абсалютна ніякіх падстаў”.



Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры зараз вядуць навуковую апрацоўку архіва Быкава і асабістых рэчаў пісьменніка. Гэтыя прадметы і дакументы складуць аснову экспазіцыі музея.

Як адзначаецца ў паведамленні Мінкульта, “у экспазіцыі будуць прадстаўленыя асноўныя этапы жыцця і творчасці пісьменніка, яго ўзаемаадносін з сябрамі, блізкімі і калегамі па пяры…”.

“Паколькі музей размесціцца на лецішчы, а гэта — мемарыяльныя мясціны, то максімальна будзе захавана тое, што зараз там ёсць і што было пры Быкаве”, — абяцае Макарэвіч.

З яе слоў нельга дакладна сказаць, якія моманты біяграфіі будуць адлюстраваныя ў экспазіцыі: “Таму што напрацоўкі і ідэі ёсць, але пакуль яны яшчэ нават не абмеркаваныя на нашым навукова-метадычным савеце. Адназначна можна сцвярджаць, што захаваецца мемарыяльная частка. Раз ідзе размова пра тое, што гэта будзе філія нашага музея, то, канешне, падборам экспанатаў зоймемся мы. Але, як правіла, ўсе музейныя экспазіцыі абмяркоўваюцца не толькі ў сценах музея, але і шырэй — на ўзроўні Міністэрства культуры”.

У той жа час, сыходзячы з грамадзянскай пазіцыі пісьменніка, ёсць сумненні наконт таго, ці будзе гэта адлюстравана ў музеі — прасцей кажучы, ці будзе там прадстаўлены сапраўдны Быкаў.

“Цікава, як будзе прадстаўлены этап 1988-1998 гадоў, калі Быкаў быў актыўным удзельнікам Беларускага Народнага Фронту (выступаў на з'ездах, не прапускаў ніводнага Сойму БНФ), —задаецца пытаннем радыё “Свабода”. — Альбо пэрыяд 1998-2003, калі ён быў вымушаны з палітычных прычынаў жыць на чужыне. І якім чынам будуць адлюстраваныя "ўзаемаадносіны" Быкава, напрыклад, зь Зянонам Пазьняком і Івонкай Сурвілай. Альбо з "калегамі па пяры" Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Уладзімерам Някляевым”.

Як пракаментаваў Naviny.by старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, “дзякуй богу, што музей будзе, і дзякуй богу, што ўрэшце рэшт пайшло прызнанне Быкава на дзяржаўным узроўні”.

У чым прычына таго, што ўлада ўрэшце звярнула ўвагу на Быкава, цяжка сказаць. “Можа, сваю ролю тут адыграла апасродкаванае прызнанне Быкава праз фільм Лазніцы”, — разважае Астаповіч. Але каб зразумець, што выйдзе з гэтай ідэі, патрэбен час — пакуль нават невядомая канцэпцыя музея і аўтарская група, якая будзе над ёй працаваць.

Ва ўсялякім выпадку, пакуль Астаповіч не падтрымлівае тых, хто бачыць у стварэнні музея Быкава па дзяржаўным загадзе негатыў. “Шмат негатыўных каментароў ёсць і па Музею беларускай дзяржаўнасці, — кажа ён. — Прычым ад тых, хто нават там не быў. Хаця экспазіцыя музея даволі аб’ектыўна адлюстроўвае гэты перыяд у беларускай гісторыі”.

Паэт Генадзь Бураўкін у сваю чаргу адзначае: стварэнне музея Быкава значыць, што “усё-такі нават нашыя чыноўнікі, якія не вызначаюцца мудрасцю і перспектыўным бачаннем развіцця падзей, зразумелі, што іхнюю зацятую барацьбу з Васілём Быкавым, з яго памяццю, яны прайгралі”.

“Яны думалі, што імя Быкава не будуць узгадваць, і ён ціхенька сыйдзе з памяці. Але Васіль Быкаў не толькі не забываецца, яго наадварот усё часцей узгадваюць у сувязі з сённяшнімі падзеямі, і ўсё часцей звяртаюцца да яго творчасці, — кажа Генадзь Бураўкін. — Чаму яны столькі гадоў рабілі выгляд, што Быкава не існуе, а тут раптам вырашылі рабіць музей? Думаю, нейкім сігналам стаў фільм па яго аповесці, які заваяваў галоўныя прызы на міжнародных кінафестывалях. Думаю, чыноўнікі проста хочуць сказаць, што яны таксама за Быкава. А можа, баяцца таго, што набліжаецца вялікая гадавіна — у 2014 годзе будзе 90-гадовы юбілей Быкава — і думаюць, што гэта можа выклікаць хвалю цікавасці да яго, а таму не трэба даваць замежным дзеячам права выкарыстоўваць імя Быкава супраць сучаснага чынавенства”.

У той жа час Бураўкін згодны, што тут лепш позна, чым ніколі: “Добра, што да іх дайшло, што Быкаў — тая асоба ў нашай гісторыі, да якой трэба адносіцца за павагай, у тым ліку дзяржаве”.

Прагназаваць, ці стане музей Быкава пазітыўнай з’явай, ці адлюструе ён усе галоўныя вехі жыцця знакамітага пісьменніка, Бураўкін таксама не бярэцца. Але гатовы дапамагаць у гэтым: “Я хацеў бы верыць, што музей зможа даць шырокае ўяўленне пра жыццё Быкава, пра яго творчы шлях, пазіцыю — як салдата вайны з фашызмам і як мужнага барацьбіта за незалежнасць рэспублікі і нацыянальныя інтарэсы. Без гэтага будзе не музей… Думаю, не павінны быць у баку і калегі Быкава. І бясспрэчна, калі мне дадуць такую магчымасць, я дапамагу ў тым, каб Быкаў паўстаў у гэтым музеі і як геніяльны пісьменнік, і як вялікі нацыянальны беларускі дзеяч”.

“Спадзяюся, што гэта толькі пачатак дзяржаўнай працы па ўшанаванню памяці Быкава, — кажа Бураўкін. — Трэба заўважыць, што самым лепшым помнікам для пісьменніка з’яўляецца выданне акадэмічнага поўнага збора твораў, чаго ў нас дагэтуль няма. Таксама ў нас няма вуліцы, плошчаў, помнікаў Быкаву ў тых месцах, дзе яны павінны быць”.

Як лічыць паэт і лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, улады ніколі не забываліся пра Быкава: “Інакш не было б такога супраціву, як калі мы сабралі 105 тысяч подпісаў за найменаванне вуліцы імем Быкава, а іх нават не разгледзелі. І перш за ўсё памятае пра Быкава і стаўленне пісьменніка да яго персанальна і кіраўнік дзяржавы. Ініцыятыва перадачы лецішча Быкава ва ўласнасць дзяржавы ўзнікла не сёння. І доўгі час улада ніяк на гэта не рэагавала — нават не хацела прымаць ва ўласнасць лецішча… Але працягваць такую палітыку непрымання Быкава ўлады ужо не маглі, тым больш, што набліжаецца 90-годдзе літаратара. Гэта было б тое ж самае, як са шведскім самалётам, якога адразу нібыта не было. Вось улады і шукалі найменш стратны для іх варыянт. І музей на лецішчы, які фактычна ўжо існуе, стаў такім найбольш прымальным для іх варыянтам. Так што стварэнне музея — гэта ня ёсць прызнанне ўладамі Быкава, а ёсць прызнанне факта таго, што Быкаў ёсць і з гэтым нельга нічога зрабіць”.

На думку Някляева, хутчэй за ўсё, паколькі музей будзе дзяржаўным, экспазіцыя ў ім будзе даволі аднабаковай: “Не думаю, што экспазіцыя цалкам адпавядацьме таму, што ёсць на сёння Быкаў — не толькі літаратар, але і грамадскі дзеяч, які катэгарычна не прымаў дыктатуру, які непасрэдна ўдзельнічаў ў значных гістарычных падзеях, скіраваных супраць сённяшняга рэжыму. Не упэўнены, што гэта будзе займаць у экспазіцыі належнае месца… Хутчэй за ўсё, гэта будзе той Быкаў, пра якога Лукашэнка казаў, што ён чытае ягоныя вершы”. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паэт Генадзь Бураўкін адзначае: стварэнне музея Быкава значыць, што "усё-такі нават нашыя чыноўнікі, якія не вызначаюцца мудрасцю і перспектыўным бачаннем...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика