Рукапiсы не гараць. Янка Брыль
04.08.2012 08:36
—
Новости Культуры
|
Рукапiсы не гараць. Янка Брыль 4 жніўня (22 ліпеня па старым стылі) 2012 года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння празаіка, публіцыста, перакладчыка, народнага пісьменніка Беларусі Янкі (Івана Антонавіча) Брыля (1917–2006).
Здымкi павялiчваюцца.
Бацька Янкі Брыля, Антон Данілавіч Брыль, паходзіў з вёскі Загор’е (Загора), што на Навагрудчыне, але ў 1914 годзе апынуўся ў Адэсе, дзе ўладкаваўся на працу чыгуначнікам. Там жа ў Адэсе 4 жніўня 1917 года нарадзіўся і будучы пісьменнік. У 1922 годзе сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў Заходнюю Беларусь, у родную Загору. У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, потым паступіў у Навагрудскую гімназію, але матэрыяльныя абставіны не дазволілі яму працягнуць вучобу.
Вельмі рана ў юнака прачнулася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. "З чатырнаццаці год за сталага працуючы ў гаспадарцы, я многа чытаў, настойліва займаўся самаадукацыяй. Многія ночы праседжваў над першымі творамі", – адзначаў Я. Брыль у сваёй аўтабіяграфіі.
У выніку ў 1938 годзе на старонках папулярнага ў свой час заходнебеларускага часопіса "Шлях моладзі" ўбачылі свет яго першыя літаратурныя спробы – вершы "Апошнія крыгі", "Ажываюць лес і поле…", "Запрог у саху Рыгор сівулю…", "Спатканне".
Акрамя літаратурных здольнасцей Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў.
У 1939 годзе Я. Брыль быў прызваны ў польскую армію, якая першай спазнала гітлераўскую навалу.
У якасці кулямётчыка марской пяхоты ён удзельнічаў у баях з нямецкімі захопнікамі, пад Гдыняй трапіў у палон. У лагеры палонных прымусова працаваў рознарабочым, выношваў думку аб уцёку.
Але нават у тых экстрэмальных абставінах праяўлялася яго пісьменніцкая сутнасць – прага пісаць заставалася і за фашысцкім дротам. "Творчая работа не магла спыніцца і там: многае з пачатага было не толькі вынашана, але і "напісана" ў памяці", – успамінаў пісьменнік.
У верасні 1941 года Янка Брыль разам з сябрамі ўцёк з палону дахаты, а ў 1942 годзе стаў сувязным партызанскай групы Ц. Дуднікава, перадаваў звесткі аб дыслакацыі і перамяшчэнні нямецкіх войскаў у Мірскім раёне разведцы партызанскіх брыгад імя Жукава і "Камсамолец". У 1944 годзе, калі сям’я Брылёў пайшла ў партызыны, Янка стаў разведчыкам брыгады "Камсамолец", удзельнічаў у баях.
Акрамя таго, быў рэдактарам партызанскай газеты "Сцяг свабоды", наладзіў выданне сатырычнага лістка "Партызанскае жыгала", дзе друкаваў свае вершы, нарысы і фельетоны пад псеўданімамі Я. Пчала, І. Асцюг. Я. Б-ль.
Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе Янка Брыль пераехаў у Мінск, працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыі газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", узначальваў аддзел прозы ў сатырычным часопісе "Вожык", быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, намеснікам рэдактара часопісаў "Маладосць" і "Полымя". З мая 1945 года Янка Брыль – член Саюза пісьменнікаў СССР, з 1966 па 1971 г. – сакратар праўлення СП БССР. Двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Першы зборнік твораў Я. Брыля "Апавяданні" быў надрукаваны ў 1946 годзе. Услед за ім убачылі свет "Нёманскія казакі" (1947), "Вераснёвая рунь" (1949), "Ліпка і клёнік" (1949), "Зялёная школа" (1951) і аповесць "У Забалоцці днее" (1951), за якую ў 1952 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.
На працягу 1950-х гг. пісьменнік плённа працаваў у жанры аповесці (“Сірочы хлеб”, “У сям’і”, “На Быстранцы”).
За кнігу апавяданняў, замалёвак, нарысаў "Працяг размовы" ў 1963 годзе Я. Брылю была прысуджана Літаратурная прэмія імя Я. Коласа, а ў 1982 годзе за аповесць "Золак, убачаны здалёк" – Дзяржаўная прэмія Беларусі. У рамане "Птушкі і гнёзды" (1964), які ўвабраў у сябе матэрыялы неапублікаваных аповесцей, Я. Брыль адзін з першых паказаў вайну як супярэчлівую з’яву, увёў у беларускую ваенную прозу тэму духоўных каштоўнасцяў і праблему выбару арыенціраў.
Пяру пісьменніка належаць кнігі "Роздум і слова" (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, 1963), "Трохі пра вечнае" (артыкулы, лірычныя нататкі, эсэ, 1978). Я. Брыль з’яўляецца адным з аўтараў кнігі "Я з вогненнай вёскі" (1975), напісанай сумесна з А. Адамовічам і У. Калеснікам, у якой сабраны ўспаміны людзей, ацалелых падчас карных аперацый фашыстаў, у выніку якіх былі спалены многія беларускія вёскі разам з іх жыхарамі.
Сам пісьменнік у адным з інтэрв’ю адзначыў, што перш за ўсё адчувае сябе апавядальнікам-малафармістам. Яго лірычныя мініяцюры, нататкі, абразкі атрымалі шырокае прызнанне чытачоў (зборнікі "Жменя сонечных промняў", 1965, "Вітраж", 1972, "Сёння і памяць", 1985, "Вячэрняе", 1994, "Пішу як жыву", 1994, "Сцежкі, дарогі, прастор", 2001 і інш.).
Іван Антонавіч Брыль вядомы як перакладчык твораў Л. Талстога, А. Чэхава, І. Крылова, П. Бажова, Г. Траяпольскага, А. Даўжэнкі, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Э. Ажэшкі, Б. Пруса і іншых. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету.
У 1981 годзе Я. Брылю было нададзена званне народнага пісьменніка Беларусі, з 1994 года ён – Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Я. Брыль быў старшынёй Беларускага аддзялення таварыства "СССР – Канада", членам Еўрапейскага аб’яднання пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра.
Узнагароджаны 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, "Дружбы народаў", "Знакам Пашаны", медалямі.
Янка Брыль пайшоў з жыцця 25 ліпеня 2006 года. Адна з вуліц Мінска носіць яго імя, а асабісты архіў пісьменніка захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Матэрыялы падрыхтавалi Таццяна Жук, Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела бібліятэкі. TUT.BY – рукапісы не гараць… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
4 жніўня (22 ліпеня па старым стылі) 2012 года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння празаіка, публіцыста, перакладчыка, народнага пісьменніка Беларусі Янкі (Івана...
|
|