«...І тчэ, забыўшыся, рука»
22.08.2012
—
Новости Культуры
|
На трыццаці квадратных метрах Калінкавіцкага падвор’я гасцей фестывалю сустрэнуць і дзед на возе ў нацыянальным касцюме, і гаспадыня ў хаце, ля печкі, таксама прыбраная ў нацыянальную беларускую вопратку. Дарэчы, вывучэнню гісторыі беларускага нацыянальнага строя і яго калінкавіцкіх асаблівасцей у раёне надаюць вялікую ўвагу — гэтай тэме прысвечана буйная экспазіцыя ў мясцовым музеі.
Навуковы супрацоўнік Калінкавіцкага краязнаўчага музея Таццяна Церашкавец расказвае: — Нездарма ў цэнтры залы, дзе змешчаны ўзоры беларускага нацыянальнага касцюма, ткацтва і вышыўкі, стаіць ткацкі станок. Яшчэ сто гадоў таму гэтае прыстасаванне было, бадай, самым неабходным у кожнай хаце! Бо ўся вопратка шылася ў дамашніх ўмовах, ды і палатно ткалася таксама. Адметнасць беларускага нацыянальнага строя ў абавязковай наяўнасці кашулі. Кашуля ў калінкавіцкай жанчыны была доўгай, мужчынская — карацейшай. Акрамя таго, у мужчын было менш вышываных узораў на кашулі. Жаночае адзенне ўключала таксама фартух і андарак. Фартух маглі рабіць ці з аднаго палатна, ці з трох, аднак часцей за ўсё — з двух. Фартух рабіўся ў зборку, а палотны сшываліся прыгожым узорам. Галаўныя ўборы — для калінкавіцкіх дзяўчат звычайна вянкі або стужкі, замужнія жанчыны пакрывалі галаву наміткамі, якія рабіліся з больш тонкага палатна і таксама ўпрыгожваліся вышыўкай. Вопратка маладых дзяўчат была больш яркая, больш упрыгожаная, чым у замужніх жанчын. Была ў нашых продкаў адна хітрынка: каб эканоміць тканіну, перад андарака, які закрываўся фартухом, рабіўся без складак — зборка была толькі ззаду. Кашулі шыліся ў выглядзе тунікі. А світкі з авечай воўны, якія насілі зімой, — на манер сённяшніх халатаў, і абавязкова падвязваліся паясамі. Паясы былі ўпрыгажэннем, паколькі аздабляліся ўзорамі і вышыўкамі. Існуюць і відавочныя адрозненні калінкавіцкага касцюма ад таго, што насілі беларусы ў іншых кутках краіны: манжэты на рукавах і каўнер жаночай кашулі ў Калінкавічах абавязкова былі ў зборку. Побыт нашых продкаў не абыходзіўся таксама і без ручніка. На ручнікі прымалі немаўлят, з імі спраўлялі вяселле, на іх апускалі труну ў магілу, ручніком упрыгожвалі іконы і проста сцены ў хаце. — Менавіта таму мы ўпэўнены: гэта вялікая частка нашай гісторыі і культуры, і мы павінны ведаць яе, шанаваць, захоўваць. Таму і з’явілася ў нашым музеі такая экспазіцыя, якая дазваляе кожнаму наведвальніку на свае вочы ўбачыць, як апраналіся яго продкі, што яны лічылі прыгожым і чым мы сёння павінны ганарыцца, — дадае Таццяна Церашкавец. Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На трыццаці квадратных метрах Калінкавіцкага падвор’я гасцей фестывалю сустрэнуць і дзед на возе ў нацыянальным касцюме, і гаспадыня ў хаце, ля печкі, таксама...
|
|