Памёр Алесь Петрашкевіч
27.08.2012 02:00
—
Новости Культуры
|
Памёр Алесь Петрашкевіч Памёр драматург і сцэнарыст Алесь Петрашкевіч, аўтар п’есы "Напiсанае застаецца" і суаўтар сцэнара серыяла "Час выбраў нас".
Развітанне прайшло ў зале цырымоній лечкамісіі 26 жніўня. Пра гэта са спасылкай на Сяргея Панізніка паведаміў у сваім дзённіку Аляксандр Фядута. Усе гады ціску на Нашу Ніву ён быў падпісчыкам газеты і заставаўся ім да апошніх дзён. * * * Пра Алеся Петрашкевіча піша Анатоль Сідарэвіч Сёння людзі развіталіся з Алесем Петрашкевічам. Трэба будзе прачытаць мемуары Алеся Лявонавіча. Людзі, якія чыталі, раілі пачытаць іх і мне. Ягоныя гістарычныя драмы не так для пастановак, як для чытання. Зрэшты, чаму б і не паставіць іх? Трэба толькі, каб на Петрашкевіча знайшоўся свой Мікалай Пінігін. Здолеў жа Пінігін з амаль несцэнічных "Тутэйшых" зрабіць тэатральны шэдэўр… Так і хочацца напісаць пра той выдатны акцёрскі ансамбль. І са скрухай уздыхнуць: няма ўжо ні Юры Авяр’янава, ні Валодзі Кін-Камінскага, ні Валерыя Філатава… І тут. Адзін за адным адыходзяць энцыклапедысты. Віталь Скалабан, Янка Саламевіч… Вось і Алесь Петрашкевіч падаўся за імі. Алесь Лявонавіч вельмі хацеў, каб выйшаў энцыклапедычны даведнік "Беларуская Народная Рэспубліка". Ён даў мне мэтадычкі для рэдактараў і — Божухна! — слоўнік Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Той, надрукаваны ратапрынце ў 1989 г., з якога і пачалася праца над ЭГБ. Слоўнік — як узор, падказка для рубрыкацыі артыкулаў будучага даведніка "БНР". Памятаю і тую апошнюю нашу размову. Бо перад гэтым Алесь Лявонавіч апісаў (здаецца, у "Народнай волі"), як ён ляжаў у лечкамісіі і як разыграў ды выклікаў на шчырасць аднаго супалатніка з гістпартчыкаў. Мяне ў той публікацыі рассмяшыў менавіта розыгрыш. Усё ж трэба хоць трохі быць тэатральным чалавекам, каб зрабіць такое. І ведаць псіхалогію бальшавіцкіх мастадонтаў. У размове са мною Алесь Лявонавіч дадаў яшчэ некаторыя дэталі. Вось так, пасмяяўшыся і з аптымістычным настроем, мы развіталіся да наступнай сустрэчы… Ды не сустрэліся, бо Алеся Лявонавіча зваліла страшная хвароба. Мабыць, сустрэнемся ТАМ. А энцыкляпэдычны даведнік "БНР", мабыць, нікому, апроч Алеся Петрашкеіча, і не быў патрэбны. Не патрэбны і цяпер. Калі б была ў ім патрэба, чыніліся б нейкія канкрэтныя захады, а то за тыя гады, як Алесь Лявонавіч ляжаў, ніхто не патрывожыў мяне. Дый няма з кім працаваць. Знаўцы, вэтэраны Энцыкляпэдыі сыходзяць. Вось і Алесь Лявонавіч… Занясу метадычкі і слоўнік ЭГБ у архіў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памёр драматург і сцэнарыст Алесь Петрашкевіч, аўтар п'есы "Напiсанае застаецца" і суаўтар сцэнара серыяла "Час выбраў нас". |
|