Апошнія гадзіны беларускага Тахэлесу
04.09.2012 18:08
—
Новости Культуры
|
Апошнія гадзіны беларускага Тахэлесу Дык вось, у мінулы чацьвер я патрапіў у Бэрлін і пабег у Тахэлес. Я марыў выпіць першы кубак бэрлінскай кавы ў той кавярні на трэцім паверсе, дзе год таму меў гуманітарны дыялёг з бармэнам. Я прыпёрся а палове другой гадзіны ночы: ён спаў. Але калі я падышоў да стойкі, прачнуўся і моўчкі зрабіў мне эспрэса. Трэба было нешта сказаць.
— Калі вы зачыняецеся? — Можаш спаць тут. У гэтай размове — сутнасьць Тахэлесу. Прыемна быць сярод людзей, якія, зрабіўшы табе кавы, прапануюць застацца пераначаваць. Апошнія гадзіны беларускага Тахэлесу Кожны раз, калі лёс заносіць у Бэрлін, я пры першай магчымасьці скочу ў мэтро ды еду на Oranienburg Tor, дзе знаходзіцца знакаміты Тахэлес (Kunsthaus Tacheles). Чалавеку, які ніколі ня чуў пра Тахэлес, адразу і не растлумачыць, што гэта такое. Ну, уявіце сабе квартал, дзе мастакі суседнічаюць з сутэнэрамі, дзе клюбы, у якіх іграюць лепшыя ды-джэі сьвету, месьцяцца ля бамжатнікаў, у якіх жывуць залётныя ўкраінскія прапаведнікі Джа, пісьменьнікі, якіх перакладаюць на кітайскую мову і ўцёклыя цыганскія каралі. Дзе побач з рэстарацыяй сынгапурскай кухні знаходзіцца стыхійны рынак, на якім пэруанскія нефармалы круцяць з тканіны і каменьчыкаў фенечкі, якія "паляпшаюць карму". У сэрцы кварталу — будынак былога ўнівэрмагу з багатай гісторыяй, пяць паверхаў якога заселеныя мастакамі, бамжамі, бэкпэкерамі, бяздомнымі філёзафамі і музыкантамі-валацугамі. Уласна кажучы, гэты будынак — і ёсьць Тахэлес. Ён заўсёды быў у авангардзе мастацтва і музыкі. У пачатку дзевяностых у кавярні і клюбе "Тахэлесу" гралі тэхна, у канцы дзевяностых — індастрыял, тут нараджаўся драм-энд-бас. Тут праходзілі тропікал- і гета-фанк вечарыны, калі нават у Вільні аб гэтых музычных напрамках нічога ня чулі. Калі хочаш ведаць, што будзе трэндам у мастацтве і музыцы праз 2 гады — ідзі на сьметніцу. Менавіта там, сярод джанкі, бамжоў і прастытутак, у брудзе і галечы, знойдзеш сапраўдных мастакоў, працы якіх хутка патрапяць на Сотбіс, а зараз яны гатовыя іх прадаць за пляшку партвэйну. Так было з часоў імпрэсіяністаў. Ноч безь сьвятла Я ішоў па раёне і не пазнаваў яго. Там, дзе раней былі змрочныя трушчобы, дзе палілі кальяны арабы, дзе пілі ў падваротнях вандроўныя паэты, зараз паўстала некалькі раскошных гатэляў. Адзін зь іх — наўпрост насупраць Тахэлесу. Уздоўж Араніенбургерштрасэ стаялі сур’ёзныя машыны; самае страшнае — тут болей ня пахла трушчобай. Нават кавярня сынгапурскай ежы болей не выглядала таннай і сапраўднай: зь ёй адбылася тая самая трансфармацыя, якая здарылася некалі з Мулен Руж, калі імпрэсіяністы перасталі быць кучкай бамжоў і жабракоў і зрабіліся раптам заканадаўцамі мастацкай моды. Сам будынак Кунстхаўзу быў чорны. Шкла на вокнах тут ня было нават у лепшыя гады (я, прынамсі, не памятаю), але звычайна ў памяшканьнях зіхацела сьвятло, падведзенае "пірацкім" чынам з найбліжэйшага слупа. Цяпер было цёмна. Я зайшоў у вэстыбюль. Ля лесьвіцы, што вяла наверх, да бараў, клюбаў і майстэрняў, стаяў суворы немец і гандляваў каталёгамі мастацтва, сувэнірамі і рэпрынтамі прац Алеся Родзіна. Я абышоў яго і паспрабаваў падыйсьці да лесьвіцы, але ён закрычаў па-нямецку: "Ісьці — нельга! Ні ў якім разе!" — Беларускае мастацтва, — патлумачыў я па-ангельску. — Я зь Беларусі, іду паглядзець на беларускае мастацтва. — Беларускае мастацтва? Яго ў мяне няма! — Адказаў ён і паказаў на прылавак. На прылаўку красаваўся стос паштовак з палотнамі Алеся Родзіна — хіба што самага вядомага ў Нямеччыне беларускага мастака. — He is from Belarus! — No, he is from Weißrussland! Яшчэ адна беларуская Атлянтыда Гісторыю сучаснага беларускага мастацтва не напісаць без Тахэлеса. Тут да 2007 годзе рабіў пэрформансы Зьміцер Вішнёў (пісьменьнік, выдавец), тут памятаюць інсталяцыі Артура Клінава (пісьменьнік, рэдактар часопіса, мастак). Ля галоўнага ўваходу ў будынак да гэтага часу лунае бел-чырвона-белы сьцяг, побач — надпіс: "Беларусь. Мінск". Падыходжу да жанчыны, што стаіць ля плякату "Ратуем Тахэлес". Пытаюся: чаму мяне не пушчаюць? Яна ўздыхае: — Нас высяляюць. Банк, якому належаў будынак, прадаў Тахэлес дэвелапэрам. А тыя рыхтуюцца зрабіць тут офісы. Нанялі сэк’юрыці — прыйшлі быкі і адрэзалі сьвятло, зачынілі аварыйныя выхады. — Я не зьбіраюся карыстацца аварыйнымі выхадамі! — У Нямеччыне, калі ў будынку няма аварыйнага выхаду, нельга пушчаць публіку. Я раблю некалькі кругоў па пакоі і фатаграфую альбом Родзіна, што быў выпушчаны ў 2007 годзе тут, у Нямеччыне. Мяне асяняе. — Ведаеце, я зь Беларусі, — тлумачу ёй. — Патэлефануйце Алесю, можа, ён пагодзіцца на сустрэчу. Яна тэлефануе, называе маё імя, і Алесь Родзін — легенда Тахэлесу — пагаджаецца зайсьці за мной. Зусім нядаўна ягоны жывапіс займаў амаль увесь пяты паверх Тахэлесу. Тут была майстэрня, тут зладзілі пэрманэнтную яго экспазыцыю. Алейныя творы Родзіна мастацтвазнаўцы адносяць да на фрык-пост-экспрэсіянізму. На палотнах лятаюць самалёты, бачныя фіялетавыя сланы і вясёлыя жырафы. Пры гэтым карціны стракатыя, поўныя маленькіх дэталяў, але вытрыманыя ў даволі спакойнай гаме. Чалавек, які піша такія алеі, павінны быць адначасова эксцэнтрыкам і індзейцам. — А вось і ён! Мастак выглядае як Тарас Бульба, які прыняў вучэньне Эндзі Ўорхола. Далоні — у плямах алейнай фарбы. Тахэлес Капут Алесь вядзе мяне па лесьвіцы наверх — я фатаграфую кожны мэтар гэтага легендарнага месца. Апошні чалавек з камэрай, якога прапусьцілі. — Нам далі час да 4-га верасьня. 4-га верасьня мы павінны адсюль сысьці. — Але яшчэ летась былі нейкія захады... — У мінулым годзе яны сунуліся, але не было рашэньня суду. Зараз суд пастанавіў ачысьціць будынак. Бачныя рэшткі разбураных інсталяцый і зьнішчаныя палотны. — Выстава "творчасьці" сэк’юрыці... Алейныя палотны Алесю ўдалося захаваць і вывезьці. Але шмат што засталося на сьценах, на столях і гэта, зразумела, загіне. Схаваецца за шэрымі офіснымі шпалерамі. — А чаго сюды сунуліся дэвелаперы? — Раён зрабіўся прэстыжным. Раней так здарылася зь віленскім Ужупісам. Так зараз адбываецца з Варшаўскай Прагай. Так было некалі з піцерскай "Пушкінскай, 10", на якой бітламан Коля Васін зладзіў адзіны ў СССР музэй Бітлз. Мастакі, нефармалы ды вулічныя музыкі ўласнай энэргіяй робяць месца прэстыжным. На ім пачынаюць сяліцца хіпстэры і "крэатыўная кляса", якой прыемна лічыць сябе творчай элітай, але якая ня можа адмовіцца ад акуляраў Ray Ban і таго ладу жыцьця, які гэтыя акуляры вымагае. Потым прыходзяць вялікія грошы. І вымятаюць увесь дух назаўсёды. На стале ляжыць стопка афішаў фэстываляў сучаснага мастацтва "Дах" — яны праходзілі ў Менску і ў Тахэлесе. Побач — чорная маска Дарта Вэйдэра. Дарэчны сымбаль. Пагоня Мітрыча Зь вялізарнага балькону адкрываецца від на ўсходні Бэрлін. У пляме сьвятла стаіць эцюднік Родзіна , побач — стол, на якім сьціплы сьняданак і цюбікі з фарбай. Матэрыялізуецца мастак-інсталятар зь Беларусі, Мітрыч. Зь Мітрычам мы знаёмы з той пары, калі я зь ім разам ўдзельнічаў у пэрфомансах Ільлі Сіна у "Даху". Размаўляць ня хочацца. — Хадзем паглядзім твае апошнія... Спускаемся на другі паверх, Мітрыч доўгі час корпаецца з бэнзінавым генэратарам электрычнасьці, які ўрэшце ўдаецца запусьціць. Агромісты пакой асьвятляецца некалькімі лямпачкамі. Са столі зьвісае драўляная канструкцыя — коньнік з узьнятымі дагары рукамі. — Гэта — Пагоня. — А чаму рукі ўзьнятыя? — Гэта мая Пагоня. Памятаеш Мюнхаўзэна? — Канешне! — Памятаеш, як ён сябе з багны за валасы цягнуў? — Ну! — Нам таксама трэба схапіцца за валасы і выцягнуць сябе з балота. Хутчэй за ўсё, у той самы момант, калі вы чытаеце гэтыя словы, Пагоню Мітрыча разам з астатнімі рэшткамі беларускага сучаснага мастацтва ў Бэрліне, нясуць на сьметніцу нямецкія сэк’юрыці. Што трэба зрабіць, каб не залежыаць ад кан’юнктуры коштаў на нерухомасьць у заходніх сталіцах, дзе беларуская культура ратуецца ад забыцьця? Бярэмся за валасы. Рэйтынг падзеі ** Варта вандроўкі ў Бэрлін Шкала * Лепей схадзіць у музэй ГДР ** Варта вандроўкі ў Бэрлін *** Называем праспэкт Пераможцаў праспэктам Тахэлесаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дык вось, у мінулы чацьвер я патрапіў у Бэрлін і пабег у Тахэлес. Я марыў выпіць першы кубак бэрлінскай кавы ў той кавярні на трэцім паверсе, дзе год таму меў...
|
|