Чаму здымаць фільмы едуць у Беларусь. 21.by

Чаму здымаць фільмы едуць у Беларусь

13.10.2012 11:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму здымаць фільмы едуць у Беларусь

           


Ён сябраваў з Алесем Адамовічам, здымаў Васіля Быкава; пакуль працаваў з Кірай Муратавай, схуднеў на 10 кілаграмаў і наогул застаўся ў кіно толькі дзякуючы кампазітару Альфрэду Шнітке. Калі вы глядзелі стужку Элема Клімава "Ідзі і глядзі", знятую на кінастудыі "Беларусьфільм" у 1984 годзе, вы разумееце, пра каго ідзе гаворка.

Кінааператар Аляксей Радзівонаў амаль праз 30 гадоў пасля здымак "Ідзі і глядзі", паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча наведаў Беларусь. Беларускі акцёр і рэжысёр Дзмітрый Іосіфаў (вядомы па ролі Бураціна) здымае тут 8-серыйны фільм "Бягучы радок" для расійскага тэлеканала, на які Радзівонава запрасілі аператарам. Прафесіянал з больш чым 40-гадовым стажам расказаў "Звяздзе", чаму ў Беларусь едуць кіношнікі і як Алесь Адамовіч дапамагаў падчас здымак "Ідзі і глядзі".
 
Краіна белых людзей

— Чаму расіяне прыязджаюць здымаць у Мінск?

— Таму што ўсе ў Мінску. Таму што быццам бы танней. У чым я, шчыра кажучы, не ўпэўнены. Але я чуў, што за сезон у Беларусі часам здымаецца больш за 20 праектаў. Яшчэ важная прычына — пошук духу савецкай эпохі. Зараз жа безліч сцэнарыяў пра 1970-1980-я гады. Таму што пра сучаснасць здымаць надакучыла. Ды і сцэнарый пра сучаснасць напісаць складаней.
 
— Дзе вы здымаеце ў Беларусі?

— Дзе што засталося: у Мінску, у раёне Смалявіч, ездзілі ў Беразіно. У Беларусь, як гэта не сумна, едуць за "саўком".
 
— Што пра саміх беларусаў думаеце?

— Людзі тут, як і паўсюль, розныя. Агульная ацэнка ў любым разе будзе гучаць прымітыўна. Але калі ўзяць асноўныя тэндэнцыі і параўнаць з Масквой, то першае, што кідаецца ў вочы — адсутнасць агрэсіўнасці і людзей з Каўказа. Беларусь — краіна белых людзей. На вуліцах — ветлівасць, дабрадушнасць. Вуліцы чыстыя.
 
100-працэнтнае беларускае кіно

— Беларусы лічаць карціну Клімава "Ідзі і глядзі" беларускай, хоць рэжысёр — рускі. Мы ганарымся гэтым фільмам. Але многія ставяцца скептычна, маўляў, які ж ён беларускі! Як вы лічыце, гэта беларуская стужка?

— Безумоўна, беларуская! Па-першае, аўтар сцэнарыя — беларускі пісьменнік. Алесь Адамовіч тут — самае моцнае звяно. І калі б не было такога сцэнарыя, не было б такога водгуку на гэтую карціну. Па-другое, гаворка там ідзе пра Беларусь у час вайны, пра беларускіх людзей. Наогул, лічу, што гаварыць пра нацыянальнае паходжанне карціны можна адносна таго, хто вытворца. Можна яшчэ вызначаць па нацыянальнасці, месцы нараджэння аўтара. Алесь Адамовіч — беларус. Хоць ён быў чалавекам па-сапраўднаму шырокіх поглядаў на свет. Яго цалкам можна назваць інтэрнацыянальным аўтарам. У яго ніколі не было нейкіх абмежаванняў з пункту гледжання нацыянальнага элемента. Ён быў вышэй за гэта. Гэта маё асабістае меркаванне — я даволі шмат сутыкаўся з Алесем.
 
— Вядома, што падчас працы над "Ідзі і глядзі" Алесь Адамовіч даволі шчыльна кантактаваў са здымачнай групай...

— Так, ён вельмі часта бываў на здымках, шмат дапамагаў. У першую чаргу з пункту гледжання кантактавання з мясцовым партыйным кіраўніцтвам, таму што там былі пытанні. І проста дапамагаў як кансультант: падказваў многія дэталі, яго расказы пра вайну, партызанскі побыт вельмі шмат далі для атмасферы фільма. Чалавекам ён быў неканфліктным. У яго было неверагоднае ўменне кантактаваць з абсалютна рознымі людзьмі, не ўступаючы ў канфлікт, але адстойваючы сваю пазіцыю, зусім не ідучы на кампрамісы. Дакладней, кампрамісы заўжды ёсць у жыцці, але Алесь ніколі не саступаў у галоўным.
 
— Чым яшчэ дапамагаў Алесь Адамовіч?

— Ён прыязджаў на некалькі дзён запар на здымкі, мы кантактавалі, у падрыхтоўчым перыядзе ўдзельнічаў. Разумееце, асабістыя стасункі ў кіно ды і ў жыцці наогул — гэта самае галоўнае, самае дарагое. Прывяду прыклад. Я лічу, што самае каштоўнае ўзаемадзеянне з рэжысёрам, якое ў мяне было, — з Аляксандрам Кайданоўскім. Гэтага дасягнуць вельмі няпроста. Трэба сысціся з чалавекам на нейкім ментальным узроўні. Калі мы працавалі над карцінай "Жонка прадаўца газы" ў экспедыцыі ў Кёнігсбергу, мы літаральна па 18 гадзін у суткі былі разам. Размаўлялі пра самыя розныя рэчы. І з пастаянных размоў неяк самі сабой знаходзіліся рашэнні для фільма. Напэўна, у такой жа ступені ў нас было ўзаемаразуменне з Алесем Міхайлавічам.
 
Нястрашнае балота

— А дзе здымалі "Ідзі і глядзі"? Ці былі нейкія небяспечныя моманты падчас здымак?

— Здымалі пад Смалявічамі, шмат у Бярэзінскім запаведніку. Пад Оршай здымалі эпізод з балотам. Вось цікавая рэч: усе гавораць, якая жудасць гэтае балота. У фільме гэта адна з самых цьмяных сцэн, рэжысёр гэтага і дабіваўся. Але здымкі былі абсалютна камфортныя. Насамрэч, у сапраўднае балота залезці — вельмі небяспечна. А тое была закінутая торфараспрацоўка. За 20 гадоў там утварылася балота. Але з-за таго, што торф здабывала машына, дно было абсалютна роўнае, цвёрды грунт. І гэта рабіла здымкі цалкам бяспечнымі.

— Што было характэрна для Алеся Міхайлавіча на здымачнай пляцоўцы? Мо ён шмат паліў, напрыклад, або чытаў?..

— Тады ён ужо кінуў паліць, таму што пачаліся праблемы са здароўем... Неяк мяне здзівіў такі эпізод. Алесь не быў фізічна надта здаровым чалавекам. Але вельмі шмат з намі хадзіў. У сцэнарыі "Ідзі і глядзі" быў вялікі заключны эпізод (мы, дарэчы, яго так і не знялі — напэўна, да лепшага), такі сімвалічны. Вакол лесу ішоў бой, па кругу. Ну, вы разумееце, такі вобраз бясконцай бессэнсоўнасці вайны. Для гэтага эпізоду мы знайшлі месца недалёка ад Хатыні — былыя торфараспрацоўкі і кавалачак лесу. Я памятаю, як мы пешкі топалі па гэтым чорным торфе. Некалькі разоў абышлі лес. Карацей, даволі няпросты быў шпацыр. І Алесь з намі хадзіў. Прычым я памятаю, у яго былі такія цывільныя туфлі, зусім не для падарожжаў. І вось такі цывільна апрануты чалавек прайшоў з намі па тарфяных лясах прыстойную адлегласць. Ён відавочна вельмі стаміўся, але не скардзіўся. Ён наогул ніколі ні на што не скардзіўся, выпраменьваў увесь час нейкі пазітыў. Пры ўсім яго разуменні ўсіх праблем гэтага свету, канкрэтнага жыцця, савецкай улады ён заўжды быў вельмі пазітыўным чалавекам. Чаго, дарэчы, не было ў Васіля Быкава. У яго было вельмі змрочнае ўспрыманне рэчаіснасці.
 
— А вы сябравалі з Быкавым?

— Не, я сутыкаўся з ім аднойчы, калі Элем Клімаў пасля гібелі Ларысы Шэпіцькі рабіў пра яе невялікі дакументальны фільм "Ларыса". Туды ўваходзілі інтэрв'ю. І ў прыватнасці, з Васілём Быкавым у Мінску. Я быў аператарам гэтай карціны. Асабістых кантактаў з Быкавым у мяне не было, але падчас здымак узнікла ўражанне, што асабіста з ім кантактаваць, напэўна, было вельмі няпроста. Людзі розныя бываюць...
 
Развітанне з вёскай

— Аляксей Барысавіч, вы здымалі яшчэ адзін фільм, які ўскосна тычыцца Беларусі. У "Развітанні" (1981) Элема Клімава здымалася выдатная беларуская актрыса Стэфанія Станюта...

— А вы глядзелі "Развітанне"? Дзе вы яго адкапалі?
 
— У інтэрнэце.

— А ў мяне, дарэчы, няма гэтага фільма.
 
— Неверагодны фільм, вельмі моцна ўздзейнічае! І музыка Шнітке там настолькі да месца!

— Праўда? А па-мойму, фільм троху зацягнуты...
 
— Вам не падабаецца?..

— Ды не. Проста зараз для мяне сталі відавочнымі некаторыя яго заганы. Я, шчыра кажучы, астыў да прозы Распуціна. Ён нейкі застылы ў сваіх поглядах. Нашто ідэалізаваць вясковы побыт сёння? Жыццё мяняецца. Там пафасу занадта шмат.
 
— А я не ўспрыняла фільм як ідэалізацыю вясковага побыту. Мне здаецца, там мастацкае абагульненне пра тое, як балюча адбываецца змена поглядаў, пакаленняў, ладу жыцця...

— Так. Думаю, яно так успрымаецца, таму што фільм пераадолеў нейкія архаічныя моманты, якія прысутнічаюць у самой аповесці... А наконт Шнітке — яму я наогул, можна сказаць, абавязаны тым, што застаўся ў прафесіі. Усё было вось як. Першапачаткова меркавалася, што эпізод прыбірання хаты перад спаленнем у "Развітанні" будзе здымацца ў рэальнай хаце. Але ў сезон эпізод зняць не паспелі, прыйшла зіма, і давялося пераносіць хату ў павільён. Было пытанне — пакідаць столь ці не. Абсурд, вядома, — хата без столі. Калі ў жыцці святло трапляе ў хату праз вокны, то і ў фільме павінна. Але мы сталі здымаць без столі, падсвечвалі зверху. Памятаю, як прыходзілі галоўныя інжынеры, казалі, што так нельга... Карацей, калі матэрыял знялі, у Клімава таксама з'явіліся нейкія пярэчанні. Ён вырашыў паказаць гэта Шнітке, маўляў, як ён лічыць — добра гэта ці дрэнна. Шнітке сказаў, што так і трэба здымаць. Пасля гэтага ўсе сумневы адпалі. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кінааператар Аляксей Радзівонаў амаль праз 30 гадоў пасля здымак "Ідзі і глядзі", паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча наведаў Беларусь. Беларускі акцёр і рэжысёр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика