Генадзь Гарбук пра "Знак бяды": на працягу здымкаў не пакідалі балючыя перажыванні і за герояў, і за ўсё жывое
23.10.2012 09:44
—
Новости Культуры
|
Генадзь Гарбук пра "Знак бяды": на працягу здымкаў не пакідалі балючыя перажыванні і за герояў, і за ўсё жывое Сустрэцца і пагутарыць з адным са старэйшых і "зорных" артыстаў Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы і вядомым акцёрам кіно, народным артыстам Беларусі і лаўрэатам дзяржаўных прэмій Генадзем Гарбукам пашчасціла ў Жабінцы, куды ён прыязджаў на пачатку месяца з Брэста як удзельнік Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў. У той дзень у нас дэманстравалася новая мастацкая кінастужка "Талаш", аднак госць, выканаўца галоўнай ролі, абмовіўся: пазнаваць у ім дзеда Талаша гледачы яшчэ не звыкліся — нязменна згадваюць як стваральніка вобраза вясковага хлопца Васіля Дзятліка з даўняй тэлевізійнай пастаноўкі паводле рамана І. Мележа "Людзі на балоце". Яго добра ведаюць таксама са спектакляў, з тэлепастановак і фільмаў "Паўлінка", "Раскіданае гняздо", "Трывожнае шчасце", "Плач перапёлкі", "Знак бяды", "Белыя Росы" і многіх-многіх іншых.
— Генадзь Міхайлавіч, найперш дазвольце павіншаваць вас з творчым юбілеем — 50-годдзем працы ў славутым Купалаўскім тэатры. — Дзякуй. Сёлетні год запомніцца мне яшчэ адной знакавай датай: 55 гадоў таму я ўпершыню выйшаў на прафесійную сцэну — сцэну драмтэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. А ўвогуле пачынаў са школьнай мастацкай самадзейнасці — выконваў сякія-такія драматычныя ролі, чытаў байкі, танцаваў "Крыжачок" і "Лявоніху", так што пытанне "Кім быць?" перада мною не стаяла. У тэатральна-мастацкім інстытуце іграў "сур'ёзных" і трагедыйных герояў, скажам, Ваську Пепла з горкаўскай п'есы "На дне". Гэта быў мой дыпломны спектакль. Самая ж першая роля як прафесійнага акцёра — у вадэвілі "Квадратура круга" паводле В. Катаева — далася амаль што са слязьмі. Добра, што рэжысёр Вячаслаў Броўкін, які таксама пачынаў у Віцебску, дапамог пераадолець страх і неспрактыкаванасць. Ён знаёмы вам як адзін з пастаноўшчыкаў тэлесерыяла "Следства вядуць знатакі". Ну а ў кіно (смяецца) дэбютаваў лёгка і проста — рэкламаваў дзяржаўнае страхаванне... — Якім быў ваш дэбют у тэатры імя Я. Купалы? І ці не вам належыць першынство ў стварэнні вобраза мележаўскага Васіля? — Упершыню на сцэну Купалаўскага тэатра выйшаў для масоўкі ў спектаклі "Паўлінка". Калі сыходзіў з яе па лесвічцы за кулісы — наскрозь, праз бот, прабіў нагу цвіком, чым і помніцца дэбют... Што да Васіля, дык спачатку ён "загаварыў" у радыёспектаклі голасам Віктара Тарасава — вялікага, светлай памяці, артыста. У тэлеверсіі ж рамана Васілём быў сапраўды я. Гэта была мая першая значная роля. Сёлета на свяце беларускага пісьменства ў Глыбокім людзі ў чарзе па шашлыкі так і сказалі пра мяне: "Дык гэта ж Васіль Дзятлік!" Мне было прыемна. — За гэтую ролю не толькі ў тэлепастаноўцы, але і ў спектаклі ў 1966 годзе вы атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР. Саюзную прэмію, у 1984-м, — зноў жа за ўдзел у "Людзях на балоце", на гэты раз у шматсерыйным фільме... — У фільме Віктара Турава выканаў ролю Чарнушкі, Ганнінага бацькі. Таксама багаты, няпросты вобраз, як няпростая душа беларуса-палешука. Я з захапленнем працаваў над ім. Але шкадаваў, што ўжо намнога пераўзышоў узрост Васіля Дзятліка, зайздросціў маладым акцёрам. Ды што зробіш... Дарэчы, гэтай вясной у нашым тэатры Аляксандрам Гарцуевым зроблена новая пастаноўка "Людзей на балоце". Інсцэніроўкай, дэкарацыямі, трактоўкай вобразаў гэта зусім іншы спектакль, а я ў палоне былога, свайго, таму ацэньваць не маю права. Так і сказаў на яго абмеркаванні як сябар мастацкай рады тэатра. (На хвілінку задумваецца, працягвае весела). Ды я і сёння мог бы сыграць Васіля! Тэкст дасюль памятаю, загрыміраваўся б як след... Зазначу, аднак, сур'ёзна. Новы спектакль ідзе паспяхова, з аншлагамі. Калі глядзець з пазіцыі сённяшняга часу на нядаўнюю нашу гісторыю, дык рэжысёр меў права на іншае прачытанне і сцэнічнае пераўвасабленне мележаўскага рамана. Спаўна. Міканор у яго, напрыклад, чалавек рэзкі, валявы, не церпіць пярэчанняў — адным словам, такі, якімі былі ці не ўсе бальшавікі. — Тэатральныя крытыкі, у тым ліку аўтары энцыклапедычных выданняў, найбольш яркімі ролямі Генадзя Гарбука называюць якраз Васіля з "Людзей на балоце" ды яшчэ Сымона з "Раскіданага гнязда". Самі вы лічыце гэтак жа? — Мне не падабаюцца катэгарычныя высновы пра мастацтва. Больш даспадобы звычайнае пытанне гледача: "Вашы любімыя ролі?" Тыя, адказваю, што ўдаліся. Іх, дзякаваць Богу, нямала. Узяць хоць бы працу над вобразам аднаго з братоў, старэйшага, у фільме "Белыя Росы" паводле А. Дударава. Гонар ёсць і ў мяне, што фільм набыў статус народнай камедыі, якая не старэе. Яго глядзяць па некалькі разоў, у чым я ўпэўніўся на публічных сустрэчах і ў прыватных размовах. — Нельга абмінуць вашай акцёрскай працы ў мастацкім фільме "Знак бяды", як немагчыма ўявіць іншага Петрака, гаспадара шматпакутнага беларускага хутара, чым ваш. — Гэтая роля мне дасталася не адразу. Рэжысёр фільма Міхаіл Пташук "перабраў" многа вядомых акцёраў з Мінска і Масквы, пакуль выбраў "патрэбнага". Дый са мною рабіў кінапробы ажно пяць разоў, за што я ніколькі не крыўдую. Як жа! Экранізаваўся знакавы твор і для аўтара, Васіля Быкава, і для сучаснай айчыннай прозы наогул. У ім глыбіня народнага жыцця і народнай трагедыі ў перыяд раскулачвання і вайны. І гэта, на маю думку, удалося ўвасобіць у фільме. Усё было набліжана да рэальнасці. Мяне не пакідалі балючыя перажыванні на працягу здымкаў і за герояў, і за ўсё блізкае для іх, жывое. Напраўду, натуральна — такое было рашэнне рэжысёра — забілі ў вядомых вам эпізодах кароўку, каня... Але ж і радасць давала праца над стужкаю: такі ўдзячны, глыбінны матэрыял! Поспех не прымусіў сябе чакаць. У 1987-м, праз год пасля заканчэння здымкаў, на камерцыйным, заўважце, кінафестывалі ў Сопаце рэжысёр-пастаноўшчык і мы з Нінай Русланавай, выканаўцы галоўных роляў, былі ўзнагароджаны залатымі медалямі. "Знак бяды" ўвайшоў у Еўропе ў першую дзясятку фільмаў пра вайну. Менавіта ён, калі вяртацца да папярэдняга пытання, стаў самым адметным у маёй творчай біяграфіі, як бы высока я ні цаніў "Людзей на балоце". — Некалькі слоў, Генадзь Міхайлавіч, пра "свайго" Талаша ў аднайменнай кінастужцы. Як наогул ішла праца над ёю? — Рэальная асоба Васіля Талаша, авеяная легендамі, прываблівала мяне даўно, дык я без ваганняў прыняў прапанову рэжысёра і сцэнарыста Сяргея Шульгі. Ён, трэба адразу сказаць, мала прытрымліваўся аповесці Я. Коласа "Дрыгва", вядомай са школьнай парты, бо не хапала дыялогаў, якія б больш поўна характарызавалі герояў і насычалі фільм, а прыгоды дзеда Талаша, нярэдка з камічнымі сітуацыямі, лёгка маглі б прывесці да аналогіі з шолахаўскім дзедам Шчукаром. Таму ў фільме многа мастацкага вымыслу. Застаўся стрыжань: неверагодная жыццяздольнасць героя, яго ўпартае адстойванне чалавечай годнасці, непакорлівасць чужой уладзе. Я імкнуўся якраз да вобраза "жывога" чалавека, якога паважала ўсё заходнебеларускае Палессе. Наколькі справіўся, няхай мяркуе глядач. Дадам толькі, што праца над чатырохсерыйнай стужкай ішла напружана, здымкі вяліся паўгода, без перапынкаў. Цяперашнія тэлесерыялы здымаюцца значна хутчэй. — Ці маеце зараз новыя прапановы ад кінарэжысёраў? — Пакуль што ў мяне перапынак... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пазнаваць у ім дзеда Талаша гледачы яшчэ не звыкліся - нязменна згадваюць як стваральніка вобраза вясковага хлопца Васіля Дзятліка з даўняй тэлевізійнай... |
|