Меркаванне. Сіндром "Лістапада". 21.by

Меркаванне. Сіндром "Лістапада"

19.11.2012 15:22 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінуў тыдзень, як “адыграў сваё” XIX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Тым не менш самыя цікавыя факты, не горш за кіношныя, дагэтуль усплываюць у прэсе. Апошні скандал з ганарарамі расійскім акцёрам у чарговы раз паказаў выключна беларускую з’яву - сваеасаблівы раскол грамадства, калі, ужо не кранаючы палітыкі, людзі пачынаюць падзяляцца на дзве варожыя часткі. На гэты раз прычынай таму стаў кінафестываль “Лістапад”.

Можна доўга спрачацца, тым не менш уключэнне фільма Сяргея Лазніцы “У тумане” да праграмы фестывалю стала для апошняга сапраўдным шчаслівым квітком. Якая яшчэ рэклама для “Лістапада” магла прыцягнуць больш увагі, чым адна карціна па творы нашага Васіля Быкава, якую да таго ж высока ацанілі на самім Канскім фестывалі? Гэтая з’ява не так заўважная тым, для каго мастацтва – гэта штодзённая праца і жыццё. Але зараз размова аб простым гледачы.
 
Упершыню за апошні час так супала, што фестываль адначасова выклікаў цікаўнасць і ў экспертаў кіно, і ў звычаных людзей. Феномен просты і закладзены на псіхалагічным узроўні: цікаўнасць чалавека да нейкай падзеі прапарцыянальна адлегласці ад яе. Гэта ж - кіно пра Беларусь. А кіно, якое ўжо ацэненае ўзнагародамі прэстыжнага міжнароднага конкурсу? Больш нічога не трэба тлумачыць: ажыятаж быў забяспечаны. І калі ў касах Дома кіно за чатыры гадзіны да пачатку апошняга паказу “У тумане” адказвалі: “Якія квіткі? Усё даўно ўжо раскупілі!”, – гэта ўжо не выклікала здзіўлення. Гэта ж “У тумане”.
 
Можна казаць: добры менеджмэнт, добрая рэклама ці, нарэшце, добрая праца журналістаў. Калі быць шчырымі – то, пэўна, і першае, і другое, і трэцяе. Але памылкова будзе лічыць, што беларуса “за вушы” прыцягнулі ў кіно. Тут мы бачым з’яву далёка не штодзённую: беларуса нарэшце зацікавілі.
 

“Дудка беларуская”: для каго граем?

 
Старая песня – для каго ладзіцца фестываль? Са свайго боку кінематаграфісты кажуць: мы не здымаем кіно для абсалютна ўсіх. Зразумелая надзея на падрыхтаванага, дасведчанага, адукаванага гледача. Натуральны для рэжысёра разлік, і калі ён чакае ад аўдыторыі глыбокага асэнсавання таго, што бачыць на экране.
 
У сваю чаргу глядач прыходзіць ў залю за ўражаннямі, за эмоцыямі. Аднак час ад часу людзі выходзяць з кіназалу з выразам абсалютнага неразумення: аб чым быў фільм? Прасцей за ўсе адказаць за рэжысёра: людзі ў нас “прымітыўныя”, далёкія ад мастацтва. А гледачу прасцей пачасаць патыліцу, паціснуць плячыма ды дадаць, што “раней кіно было лепшае”.
 
Шукаць прычыну тут трэба не толькі ў саміх рэжысёрах ці гледачах – гэта памылкова. Бо іх “саюз” амаль гарманічны: адзін хоча данесці нейкую думку, іншы хоча яе атрымаць.
 
Тут лагічней размаўляць пра распрацоўку праграмы кінастужак для фестывалю. Бо на справе атрымліваецца, што фестываль большую цікаўнасць прадстаўляе не для патэнцыйнага гледача, а для саміх кінематаграфістаў, акцёраў ды акрэдытаваных журналістаў. Ці правільна гэта пры тым, што сам рэгламент фестывалю ў першым жа пункце адной з мэт пазначае “падтрымку кіно, фарміраванне яго сацыяльна-культурнага статусу”? Ці не пра звычайнага гледача тут ідзе размова? 


Народны “ровар”

Натуральная з’ява, калі формы мастацтва з часам трансфармуюцца ў новыя, не кажучы ўжо аб тым, што сам час патрабуе гэтага. Як і раней, чалавек прыходзіць у кіно за рэфлексіяй, ён хоча нешта адчуць вядомае, “каб сэрца ёкнула”.
 
Калі некалькі стагоддзяў таму жанчыны гублялі прытомнасць толькі ад аднаго чытання раманаў, то зараз такую рэакцыю раман выклікаць проста не зможа. Тое ж датычыцца і кіно. Час патрабуе змен. Але каштоўнасці, ідэі, якія хоча знайсці глядач у творы, – за стагоддзі амаль не змяніліся. Задача ў тым, каб усё гэта “смачна” яму прыгатаваць. Іншым наўрад ці зацікавіш.
 
Значную частку праграмы фестывалю, на жаль, складаюць фільмы-пустышкі. У пагоні за нестандартным, “сучасным” кіно глядач трапляе на элементарную чарнуху і пошасць, дзе за жорсткай формай не хаваецца аніякага сэнсу. Вядома, што мастацтва не можа быць толькі пазітыўным. Часам кіно мусіць быць цяжкім. Але гэта апраўдана толькі ў выпадку, калі фільм нясе нейкую ідэю. Калі ж чалавек выходзіць з залі з пачуццём бяссэнсоўна забітага часу – гэта не добра. Аб якой увогуле павазе да кінематографа тут можна размаўляць?
 
А вось “душэўнага”, як любіць казаць народ, кіно на фестывалі пакуль не так шмат, як хочацца. Адно з найбольш выразных таму сведчанняў – гэта размеркаванне ўзнагарод. Польскі фільм “Ровар майго бацькі” Пятра Тшаскальскага, які выйграў прыз сімпатый гледачоў, не атрымаў ніводнай узнагароды ад самога журы фестывалю.
 
 

Сціпла: сушы і 17 тысяч еўра


Наступны кінафестываль “Лістапад” будзе юбілейным, 20-м па ліку. Але пытанняў датычна перспектыў беларускага кінематографу і самога фестывалю кожны год усё больш і больш.
 
У нядаўнім інтэрв’ю для “Радыё Свабода” вядомы беларускі і расійскі акцёр Анатоль Кот расказаў, як “Беларусфільм” адмовіўся далей супрацоўнічаць пасля яго ўдзелу ў здымках фільма “Жыве Беларусь!”("Viva, Belarus!") па сцэнары Франка Вячоркі. Абсурдная сітуацыя для акцёра, які зняўся ў такіх вядомых стужках, як “Анастасія Слуцкая”, “Брэсцкая крэпасць” ды “У жніўны 44-га”. У той жа час вядомаму беларускаму кінакрытыку і культуролагу Уладзіміру Жбанкову ў гэтым годзе чамусьці не знайшлося месца ў журы кінапрэсы “Лістапада”.
 
Ніхто не аспрэчвае патрэбу ў такім фестывалі. Тым не менш, напэўна, прыйшоў той час, калі нарэшце трэба перагледзець падыходы да яго арганізацыі.
 
17 тысяч еўра (па некаторых звестках – 15 тысяч), якія атрымаў за свой невялічкі выступ на цырымоніі закрыцця фестывалю расійскі акцёр Марат Башараў, проста абурылі карыстальнікаў Байнэту. У нядаўнім матэрыяле калумністка газеты “Обозреватель” Дыяна Балыка таксама ўзгадала інфармацыю, што не меншыя ганарары атрымалі за свае выступы Дзмітрый Харацьян і Гоша Куцэнка. Ды і народ падліў алею ў агонь: па чутках, Куцэнка на сцэне быў нецвярозы...
 
Афіцыйныя каментары былі нешматслоўныя. Намесніца дырэктара дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Святлана Шыцікава распавяла, што асабіста чытала райдэры зорак і лічба ў 17 тысяч еўра “зусім некарэктная”. Райдэр Дзмітрыя Харацьяна “здзівіў сваёй сціпласцю”, а Марат Башараў прасіў толькі гатэль, у рэстаране якога гатуюць сушы, “бо ён мусульманін і свініну есці не можа”.

Пазней дырэктар мінскага МКФ “Лістапад” Анжаліка Крашэўская паведаміла, што трэцяя частка бюджэту “Лістапада”, якая сфармавана са сродкаў партнёраў і спонсараў, ідзе на ганарары запрошаным “зоркам”.
 

Падмочаны дыванок

 
Пакуль адны людзі кпілі з акцёраў за лічбы ганарараў, а іншыя іх баранілі, трэція пасмяхаліся з “падмочанай рэпутацыі”: на цырымоніі адкрыцця пайшоў моцны дождж, і чырвоны дыванок да ўваходу ператварыўся ў жалобнае падабенства раскошы.
 
Магчыма, трэба нарэшце перагледзець падыход да “Лістапада”, калі адваротную рэакцыю ў людзей пакуль выклікаюць толькі скандалы, а не самі кінастужкі фестывалю?
 
 

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магчыма, трэба нарэшце перагледзець падыход да "Лістапада", калі адваротную рэакцыю ў людзей пакуль выклікаюць толькі скандалы, а не самі кінастужкі фестывалю?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика