Як Пікавая дама з Тэатрам Уршулі Радзівіл вянчалася. 21.by

Як Пікавая дама з Тэатрам Уршулі Радзівіл вянчалася

20.11.2012 13:04 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Журы са 112 чалавек вызначыла пераможцаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2012 года. Адзначаныя шчасліўчыкі ці іх прадстаўнікі атрымалі бронзавых "Паўлінак", гледачы акунуліся з галавой у гарачы тэатральны тыдзень, акцёры, драматургі ды рэжысёры адперажывалі сваё. Аргкамітэт відовішча настроены пазітыўна, у канец света не верыць і з сённяшняга дня распачынае падрыхтоўку да Нацыянальнай тэатральнай прэміі – 2013.


Сціпла, без пафасу

Зрэшты, для большасці мінчукоў (ужо не гаворачы пра беларусаў агулам) гэта тэатральнае свята засталося за кадрам ці за кулісамі, як каму больш даспадобы. Перад спектаклямі, на якія я схадзіла ў межах прэміі, нярэдкімі былі “залетныя” жанчыны з вялікімі торбамі, якія пыталіся адна ў адной: “Дык тут будзе спектакль? А я думала, мы на канцэрт прыйшлі…”, “Слухай, а які гэта спектакль будзе?.. Мне, канечне, усё адно, але ж цікава…”

Цырымонія закрыцця Нацыянальнай тэатральнай прэміі, што праходзіла ў бела-залатой зале Вялікага тэатра оперы і балета, адбывалася ўрачыста, з гумарам і добрымі артыстамі на сцэне. Праўда, людзей у зале было не так многа, як хацелася б. Вельмі прыемна было тое, што гледачам паказвалі менавіта тэатральныя дзеі, называлі імёны найлепшых драматургаў, мастакоў, акцёраў, а ўжо потым далі слова чыноўнікам ад культуры. Дакладней, чыноўніку – першаму намесніку пакуль яшчэ не названага міністра культуры Беларусі Уладзіміру Карачэўскаму. Ён, бы адчуваючы сваю недарэчнасць на сцэне, гаварыў мала і амаль без пафасу. Усім дзякаваў, усіх хваліў, усіх гатовы быў абняць за годнае служэнне тэатральнаму мастацтву. Карачэўскі гаварыў па-беларуску ладна, працягваючы слаўныя традыцыі экс-міністра культуры Паўла Латушкі, але ж заўважна хваляваўся, чаго раней за ім не заўважалася…

Дылетант Юры Жыгомант, Маляваныч ды іншыя

Што да тэатральнай дзеі, часткі якой адбываліся перад кожным узнагароджваннем пераможцаў, то яна была яркая, насычаная, выдатна зрэжысіраваная і вельмі вясёлая: гледачы прыкладна раз у дзве хвіліны каціліся са смеху. Асабліва калі да публікі выходзілі былі віртуозы сцэны і экрана вядомыя акцёры Юры Жыгамонт ды Аляксандр Вергуноў. Першы быў у сваім знакамітым, любімым гледачамі вобразе падарожнага дылетанта, другі ж граў немца-паляўнічага, закінутага нейкім ветрам ў Беларусь. Дылетант-вандроўнік з такім цёплым гумарам, з такой неўтаймоўнай фантазіяй расказваў даверліваму “немцу” пра прыгоствы жыцця на Беларусі, што той з радасці вырашыў: застаюся тут жыць!

Каб не быць галаслоўнай, прывяду колькі прыдумак-тлумачэнняў падарожнага Жыгамонта (немец ім ахвотна верыў, а гледачы каціліся са смеху): “Сам драматург Эсхіл прыязджаў у Беларусь па натхненне!”, “Беларусь – калыска сусветнага тэатра! Ты ведаеш, што раней балеткі называліся балоткамі, бо беларусы ў іх па балотах з купіны на купіну пераскоквалі?... А пасля іх пачалі называць лапцямі, бо дзяўчат, якія ў іх хадзілі, найбольш хлопцы лапалі”, “У нас жа мастак калі на Беларусі нараджаецца, то адразу з пэндзлікам!”, “Нядаўна нашы хлопцы з Барысава сустракаліся з гэтымі баварцамі” (тут асабліва ажывіліся мужчыны-футбалісты), “Венеру Мілоскую раней звалі Верка Мілавіцкая. Яна з нашай вёскі Мілавіцы!”

Але не толькі вясёлы беларус ды даверлівы немец давалі жару ў гэты вечар. Не менш знакаміты акцёр Аляксандр Ждановіч, якога мы ўсе ведаем як Маляваныча з “Калыханкі”, абмяркоўваў з лялькамі “намінацыю” ды “рэстарацыю”. “Што такое намінацыя?” – пытаецца адна лялька. “Мабыць, тое самае, што рэстарацыя. Праўда, што такое рэстарацыя, я не ведаю”, – адказвае ёй іншая. Маляваныч тлумачыць: “Рэстарацыя – гэта тое, што будзе пасля намінацыі”. Гледачам падабаецца такі нескладаны гумар. Акрамя названых артыстаў гледачы ўбачылі знаных артыстаў у вясёлых пастаноўках (асабліва жыва зала рэагавала на сцэнку з удзелам Віктара Манаева ды Сяргея Жураўля). Каб назваць намінантаў ды павіншаваць пераможцаў на сцэну выходзілі Аляксандр Гарцуеў, Валянцін Елізар’еў, Аксана Волкава, Юлія Кадушкевіч, Павел Харланчук ды іншыя.

Пікавая дама – найлепшая з лепшых

А цяпер – да ўзнагарод, якія былі не самымі галоўнымі на гэтым свяце тэатральнага жыцця. Хаця было заяўлена дзесяць намінацый, узнагароды ўручылі трынаццаці шчасліўчыкам. Пераможцам у намінацыі “Лепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара” стаў спектакль Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра “Аднакласнікі” па п'есе мінскага драматурга Юліі Чарняўскай. “Я ўпершыню на гэтай сцэне, хоць у глядзельнай залі была шмат разоў. Дзякуй вялікі гледачам, журы, рэжысёру спектакля і, канечне, акцёрам! Мне гэты спектакль вельмі дарагі”, – адзначыла Юлія Чарняўская.

Лепшым спектаклем для дзяцей быў прызнаны “Чароўны пэндзаль” Магілёўскага абласнога тэатра лялек. “Усё Магілёў ды Магілёў! Дзіва нейкае!” – рэзюмавала мая суседка па глядзельнай зале, якая за вечар выдасць не адно цікавае выказванне. Лепшы спектакль тэатра лялек, паводле меркавання журы, – “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

У намінацыі “Лепшая работа харэографа-пастаноўшчыка” пераможцам прызнаная Наталля Фурман за пастаноўку “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Узнагароду Наталлі ўручаў Валянцін Елізар’еў, якога зала прывітала доўгімі і гарачымі апладысментамі. “Бывае ж такі цуд! Ужо мае вучні атрымліваюць прэмію!..” – ці то здзівіўся, ці то пахваліўся вялікі харэограф. Лепшым музычным афармленнем спектакля была прызнаная музыка Андрэя Зубрыча, што гучала ў гэтым жа спектаклі Купалаўскага тэатра, які журы бачыла толькі на экране, але не на сцэне (трупа на гастролях па Францыі). Узнагароду ў намінацыі “Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка” атрымала Таццяна Нерсісян за працу над спектаклем “Вянчанне” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

У намінацыі “Лепшая мужчынская роля” перамог Аляксандр Палазкоў, які выканаў галоўную ролю ў спектаклі “Пан міністар” Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Бронзавую “Паўлінку” за лепшую жаночую ролю атрымала Ларыса Мікуліч за ўдзел у спектаклі “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек. “Служу лялькам!” – прамова пераможцы была звышлаканічнай і ёмістай.

Узнагароду за лепшую рэжысёрскую работу атрымаў Алег Жугжда, рэжысёр “Пікавай дамы” Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Пасля падзякі за ўзнагароду ён прапанаваў ўвесці намінацыю “За рэжысёрскі дэбют” і назваць яе імем Валерыя Раеўскага.




Прэмію міністэрства культуры “За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі” атрымаў народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Па стане здароўя ён не змог прыйсці па заслужаную ўзнагароду, таму яе забраў рэжысёр Мікалай Пінігін. Спецыяльную ўзнагароду “За лепшы музычны спектакль тэатральнага сезона 2011/2012 года” атрымаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Крыштальная кветка “За лепшы дэбют” дасталася маладому акцёру Сяргею Фромічаву-Карсакову за ролю ў спектаклі “Бяда ад пяшчотнага сэрца” Драматычнага тэатра беларускай арміі.

За права быць першым з лепшых спрачаліся тры спектаклі: “Пікавая дама”, “Вянчанне” ды “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”. Галоўную ўзнагароду Нацыянальнай тэатральнай прэміі “Лепшы спектакль” атрымала пастаноўка Гродзенскага абласнога тэатра лялек “Пікавая дама”. “Я вось не разумею… Лялечны тэатр – там што, лялькамі іграюць?Вельмі цікава!”, – рэзюмавала вынік суседка-тэатралка. Шкада, што “Паўлінку” не далі ўсім тром спектаклям: так глядзіш і Тэатр Уршулі Радзівіл з Пікавай дамай павянчаўся б ды ў выкрадзеную Еўропу на мядовы месяц з’ехаў. Каб пасля абавязкова вярнуцца.




Ася ПАПЛАЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журы са 112 чалавек вызначыла пераможцаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2012 года…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика