Беларусь у часы Напалеона - унікальныя выявы
08.12.2012 17:56
—
Новости Культуры
|
Беларусь у часы Напалеона — унікальныя выявы У Мінску ідзе выстава Фабэра дзю Фора, мастака і палкоўніка арміі Напалеона.
У 1812 дзю Фор прайшоў Беларусь двойчы — ідучы да Масквы і назад. Выстава называецца "Вайна 1812 года вачыма відавочцы. Графіка Х.В. фон Фабера дзю Фора" будзе цікавая не толькі мастацтвазнаўцам ды гісторыкам... На яго малюнках нехта можа пазнаць родныя мясціны, а нехта і задумацца пра пераменлівасць фартуны. Хрысьціян Вільгельм Фабэр дзю Фор, нарадзіўся ў1780, у Нямеччыне, у сям’і нашчадкаў французскіх гугенотаў. Вывучаючы мастацтва і займаючыся маляваннем з дзіцячых гадоў, дзю Фор, аднак, абраў кар’еру вайскоўца. У 1809 ён добраахвотна далучыўся да "Вялікай арміі" Напалеона. У 1812 г. служыў у рэзерве 25-й пяхотнай дывізіі, дайшоў да Барадзіна.
Яго малюнкі, зробленыя ў Беларусі, вельмі натуралістычныя, насычаныя дэталямі, што для нас ёсць найкаштоўнейшым дакументам тае эпохі. У творчы даробак дзю Фора, што датычыць нашага краю, уваходзяць сотні малюнкаў і шкіцаў, 100 акварэляў, два жывапісныя палатны — "Пераправа праз Бярэзіну" і "Кавярня Lichtenstein у Вільні". Віды Улы, Сянна ці Бешанковічаў сталі наагул адзінымі выявамі, з якіх мы можам уявіць нашыя краявіды тае драматычнае эпохі. Літаграфіі "Ваколіцы Смаргоні. 1812", "Полацк 1812", "Бівуак у Лёзне. 1812", "Від Сянна. 1812", "Пераправа праз Бярэзіну 28 лістапада 1812 года", што выйшлі ў альбомах, сталі класікай еўрапейскага гісторыка-батальнага жанра. Пры тым у творах мы можам вычуць і вельмі асабістае стаўленне мастака да тых трагічных падзеяў у Беларусі. Між іншым, напалеонаўскім ваярам належыць пачэснае месца ў гісторыі мастацтва, у жанры архітэктурнага пейзажу Беларусі. Багата твораў, прысьвечаных падзеям на нашых землях, пакінуў мастак Альберт Адам, які браў удзел у паходзе на Расею ў складзе IV-га корпуса Багарнэ.
Пасля вяртання ў Францыю, на падставе шматлікіх замалёвак, Адам стварыў нізку з 83 аркушаў, выкананых алеем на паперы, а пасьля яшчэ дадаў сто тлумачальных тэкстаў — урыўкаў з паходнага журнала самога мастака, цытат з успамінаў удзельнікаў вайны. Нямецкі мастак-баталіст Петэр Гес у 1840-я напісаў на спецыяльную замову дванаццаць карцін, што адлюстроўвалі розныя эпізоды вайны 1812 года. Гес праехаў напалеонаўскім шляхам і зрабіў шматлікія замалёўкі і акварэлі. Многія з іх маюць вартасць для беларускіх даследчыкаў. Вялікую мастацкую каштоўнасць маюць і архітэктурныя краявіды Беларусі, створаныя французскім мастаком, сынам ветэрана 1812 года, Барталамеем Лавэрнем. Дарэчы, Лавэрнь, апроч вялікага падарожжа па Беларусі, здзейсніў таксама паход аж да Тасаманіі і Аўстраліі. Так што французскі глядач мог пазнаёміцца з відамі нязнаных яму краёў. Невыпадкова і Напалеон Орда вучыўся ў французскіх арітэктурных пейзажыстаў. Але пра гэта — асобна, а сёння раю ўсім схадзіць у Нацыянальны мастацкі, паразглядаць краявіды і архітэктуру, угледзіцца ў твары й французаў і беларусаў тае пары, калі не было фатаграфіі.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выстава Фабэра дзю Фора, мастака і палкоўніка "Вялікай арміі" - у Нацыянальным мастацкім.
|
|