Дачка Навуменкі: У нашай сям'і не магло быць алкаголікаў ці наркаманаў. 21.by

Дачка Навуменкі: У нашай сям'і не магло быць алкаголікаў ці наркаманаў

25.12.2012 14:58 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дачка Навуменкі: У нашай сям’і не магло быць алкаголікаў ці наркаманаў

Наша Ніва
Татавы гены: Валерыя Навуменка падобная да бацькі, як дзве кроплі вады.
Татавы гены: Валерыя Навуменка падобная да бацькі, як дзве кроплі вады.
Валерыя Навуменка — дачка народнага пісьменніка Iвана Навуменкі. Жанчына не пайшла ў літаратуру, а абрала працу афтальмолага і ўжо 30 гадоў ратуе вочы людзей. Валерыя Навуменка падзялілася ўспамінамі з дзяцінства, не абмінуўшы пытанні веры, надзеі і любові.

"Наша Ніва": Быць дачкой вядомага пісьменніка — гэта гонар і адказнасць?

Валерыя Навуменка: Маё дзяцінства было самым шчаслівым. Дзяцей у сям’і трое, я самая старэйшая, а яшчэ ёсць малодшы брат Павел і сястра Таня.

Калі мне было 4 гады, мы перасяліліся ў пісьменніцкі дом, што насупраць Саюза пісьменнікаў. Да нас у кватэры жыў Іван Мележ. Нашымі суседзямі была сям’я Шамякіных, паверхам вышэй — Ян Скрыган, Янка Брыль, казачнік Васіль Вітка, паверхам ніжэй акадэмік Глебка, а на першым паверсе сям’я Клімковічаў.

Мы ўсе былі як родзічы, аднымі з найлепшых суседзяў была сям’я Караткевіча. Пісьменнікі хадзілі адзін да аднаго, збіраліся, выпівалі.

Цяпер такога, на жаль, няма. Было вельмі весела на дачы на Лысай Гары, побач мелі хаткі і градкі шмат іншых пісьменнікаў. Літаратары шпацыравалі ўздоўж дач і размаўлялі толькі пра стан літаратуры. З маленства памятаю бацькаву спiну за пiсьмовым сталом — за аркушам паперы або з кнiгаю.

"НН": Як вас выхоўвалі?

ВН: У садок не хадзіла, а адразу пайшла ў школу, дзе з мяне ўсе кпілі, бо ўсе размаўлялі на расейскай мове. А я па-беларуску была ціхай і высокай, заўсёды сядзела на апошняй парце. Але вучылася добра, скончыла школу з залатым медалём. Я вельмі ўдзячна бацьку, што ён завёў мяне ў спецшколу №24, дзе я выдатна вывучыла нямецкую мову.

Школа была нават у нечым панская. Здымалі боты і хадзілі ў зменным абутку. Усім класам націралі паркет, і дзецям гэта вельмі падабалася.

Ездзілі на практыку ў Нямеччыну. У школе на нямецкай мове выкладалі літаратуру, быў тэхнічны пераклад, а ў старэйшых класах — ўзбраенне ФРГ, дык я дагэтуль усе субмарыны ведаю. Дысцыпліна была моцная, яе трымала матуля, бацька быў больш мяккі. У нашай сям’і не магло быць алкаголікаў ці наркаманаў, нават калі б было 10 дзяцей. Дзеці заўсёды былі пад наглядам і шмат чыталі.

"НН": Выхаванне ў творчым асяроддзі заўсёды ўплывае на інтарэсы дзяцей. Чым вы цікавіліся і кім хацелі стаць у дзяцінстве?

ВН: Я напачатку хацела ісці на хімфак БДУ, але перадумала, бо ў БДУ працавала матуля і гэта быў бы бясконцы кантроль, таму прынцыпова пайшла ў медінстытут. Можа , у нечым я наступіла сваёй "сіняй птушцы" на горла, можа, і трэба было паступаць у лінгвістычны, былі здольнасці ў мяне да мовы, але зноў, як казала мая матуля: "Мова — гэта не прафесія".

"НН": Вы калі-небудзь спрабавалі пісаць?

ВН: Ніколі. Я не лічу, што ў сям’і можа быць два ці тры пісьменнікі. Толькі мне споўнiлася 7 гадоў, як мацi набыла шыкоўнае нямецкае пiянiна.

Большага здзеку, чым граць эцюды Чэрні для хуткасці пальцаў, мая асоба не ведала.

А малодшая сястра Таня, наадварот, настойліва лезла да iнструмента і нешта цюкала на слых. Ну так вось атрымалася, што ні музычнага слыху, ні пісьменніцкага таленту не маю.

"НН": Якой жа вы сябе лічыце?

ВН: Я ўвогуле нейкая натура прызямлёная. Люблю чысціню, люблю прыбіраць хату, гатаваць, люблю упарадкоўваць градкі на дачы, каб кветак было шмат — усё такое жаночае. Але заўсёды ненавідзела піянерскія дружыны, піянерскія зборы, гэтыя прымусовыя паходы. Камсамольскую працу не любіла, не магла дачакацца, калі мне споўніцца 28 гадоў, каб на наступны дзень збегаць і здаць камсамольскі білет. Мне трэба было засесці ў самоце з кнігай. А каб я лезла ў нейкі сход ці на трыбуну —гэта не пра мяне.

"НН": А як рэалізавалі сябе ваша сястра і брат?

ВН: З Таццяны атрымаўся прафесар кафедры гармонii i сальфеджыа Расійскай акадэміі музыкі iмя Гнесiных, яна доктар мастацтвазнаўства, даслужылася да пасады прарэктара па навуковай працы і загадвае кафедрай тэорыі музыкі. Брат Павел працуе дацэнтам кафедры беларускай літаратуры БДУ.

"НН": Былі моманты, калі апускаліся рукі і вы не маглі нічога рабіць?

ВН: Ну вось я не разлічыла, як маці памірала, гэты перадсмяротны стан быў вельмі складаны. А вось калі захварэў бацька, рукі ў мяне апусціліся, на гэтым стрэсе мяне нават абсыпала. Але я яго ў бальніцу не аддала, мы з маім мужам-хірургам да апошняга яго лекавалі дома. Мой бацька ніколі не ведаў бальніц. Я не разумею людзей, якія аддаюць бацькоў у бальніцы, а яшчэ горш у дамы састарэлых. Мой тата скончыў жыццё ў сваім кабінеце, на сваім ложку, гледзячы на свае паліцы з кнігамі. 17 снежня споўніцца 6 гадоў, як яго няма. Гэта мой найвялікшы боль.

"НН": Чаму вы не любіце казаць пра сваю працу?

ВН: Бо яна вельмі цяжкая і адказная. Мы кожны дзень робім добрую справу.

У дзень можа быць па 36 аперацый у аддзяленні. Гэта не рамантыка. Аперацыя — гэта не проза і не паэзія, пра якую можна казаць і казаць. Гэта цяжкае рамяство.

"НН": Можа быць маеце нейкі дыферэнцыяваны падыход у працы да вучняў і пацыентаў?

ВН: Да любога чалавека трэба падыходзіць з добразычлівасцю. Я прапрацавала шмат гадоў, але на мяне ніколі не паскардзіўся студэнт, ніколі не было скарг ад хворых. Калі ты ўдзяляеш увагу чалавеку, цябе заўсёды зразумеюць. На жаль, некаторыя лекары пазіцыянуюць сябе вышэй за Бога, да таго хворага і не падыдуць, прааперуе і збяжыць.

Я ніколі да свайго студэнта не звярнуся на "ты", толькі на "Вы". Ніколі не пастаўлю нізкую адзнаку, калі бачу, што чалавек знаходзіцца ў роспачы. Рознае можа быць у жыцці, тое самае няшчаснае каханне, таму недавучыў ці, можа, недаспаў. Нельга не даваць чалавеку шанцу.

"НН": Як калегі і студэнты ставяцца да таго, што вы ўжываеце беларускую мову?

ВН:
Не кожны разумее, чаму я люблю беларускую мову, некаторыя калегі адварочваюць насы, нібыта гэта "фі". І мне пляваць, што ў іх гэта "фі".

"Навуменка не так выказалася, Навуменка выказалася на беларускай мове" — выказвалася і выказвацца буду. Буду, бо ніколі не было ў сям’і іншага, не было дрэнных слоў.

Самае страшнае, што казаў тата, калі быў раз’юшаны, дык гэта: "Сабака". Пра іншыя словы я даведалася толькі ў 5 класе.

"НН": Як пачалася ваша гісторыя кахання з мужам?


ВН: Пабачыла я яго першы раз, калі матуля трапіла ў яго палату, дзе ён быў доктарам. Ён хірург, вельмі добры доктар і чалавек, праўда вельмі сарамлівы.

Ён прыйшоў у хату, як маці стаяла ў труне ўжо. Прыйшоў з медсястрой, з якой яна сябравала. Я ўся ў чорным над маткай, слёзы, падымаю вочы, а там ён. Ну з таго часу і пачаў мне тэлефанаваць. А раней маглі на вуліцы прастаяць тры гадзіны ў размовах і нічым гэта не сканчалася. Ён паварочваўся і бег кудысьці. Я думала і хвалявалася: "Чым жа я яго пакрыўдзіла?" Хай зараз ведае, што добрыя хлопцы так сябе не паводзяць у дачыненні да добрых дзевак. Ён у мяне любіць хадзіць па кніжных крамах. Нядаўна дала яму грошай, каб ён набыў нешта побытавае, а ён прыйшоў з вялікім пакункам, не набыў што трэба, затое з кнігамі пра Багдановіча, Караткевіча, Шамякіна і Быкава.

"НН": Існаваў у вашай сям’і запавет, якога варта было б прытрымлівацца жанчыне?

ВН:
Асноўны запавет вынікае са слоў маткі, якая казала на вяселлі маёй сястры: "Танька, калі я ўбачу, што мой зяць стаіць і прэ пялёнкі майго ўнука, то не жыць табе на свеце". Ёсць мужчынскія абавязкі, а ёсць жаночыя.

"НН": Калі б вас запыталі пра самае лепшае, чаму вы навучыліся ў жыцці, што б вы адказалі?

ВН: Мяне, можа, жыццё яшчэ нічаму і не навучыла. Я ўдзячна Богу, што нарадзілася ў сям’і сваіх бацькоў. Больш за ўсё люблю сваю кватэру і дачу на Лысай гары. Я праехала ўсю Еўропу, але лепшых за родныя мясціны не знайшла. Жыццё навучыла мяне шчыра любіць Беларусь. А яшчэ нас заўсёды вядзе Бог. Ніколі не трэба баяцца выказвацца. Ніколі нікога не трэба баяцца. Трэба лю-дзей ставіць на месца, калі яны табе на галаву лезуць.

Валерыя Навуменка нарадзілася ў 1959 у Мінску. Дачка пісьменніка Івана Навуменкі. Скончыла Мінскі медінстытут (1982). Урач-афтальмолаг, кандыдат медыцынскіх навук. Працуе на кафедры вочных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта. Замужам.

Іван Навуменка нарадзіўся ў 1925 г. у Васілевічах (Рэчыцкі раён). У 1943 прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Скончыў філфак БДУ (1950). Працаваў у часопісе "Маладосць", БДУ, дырэктарам Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Народны пісьменнік Беларусі. Найбольш значныя - "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах", "Сорак трэці". Памёр у 2006.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Валерыя Навуменка - дачка народнага пісьменніка Iвана Навуменкі. Жанчына не пайшла ў літаратуру, а абрала працу афтальмолага і ўжо 30 гадоў ратуе вочы людзей.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика