Чаму Караткевіча амаль няма ў кніжных крамах?
19.02.2013 18:50
—
Новости Культуры
|
Чаму Караткевіча амаль няма ў кніжных крамах? Знайсці сёння ў мінскіх крамах раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча на беларускай мове - амаль немагчыма. Максімум, што ёсць ў продажы – першы і другі тамы паэзіі з запланаванага 25-томнага выдання твораў пісьменніка ды рускамоўныя “Дикая охота короля Стаха” і “Христос приземлился в Городне”. У пошуках прычын такой несправядлівасці TUT.BY звярнуўся ў кніжныя крамы Мінска і да выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Так, у буйнейшых кніжных крамах сталіцы (Дом кнігі “Светач”, Цэнтральная кнігарня, “Акадэмкніга”) з Караткевіча ёсць толькі першы і другі тамы з запланаванага 25-томнага выдання твораў пісьменніка ды рускамоўныя “Дикая охота короля Стаха” і “Христос приземлился в Городне”. "На жаль, гэта ўсё, што ў нас ёсць", - аднагалосна адказвалі прадаўцы, удакладняючы, што іншых кніг Караткевіча ў продажы няма ўжо даўно. - А людзі яго пытаюцца? - Так, нават вельмі цікавяцца, - кажуць у кнігарнях. - Тады чаму яго няма? – здалося, што адказ на гэтае пытанне цікавіць і саміх прадаўцоў. Карэспандэнт TUT.BY патэлефанавала ў іншыя крамы “Белкніга”: “Кнігарню пісьменніка”, “Эўрыка”, “Даліч”, “Маладосць”, “Веды” – усюды асартымент Караткевіча быў абмежаваны вышэйпералічанымі назвамі кніг. Пры гэтым ва ўсіх кнігарнях адзначылі, што Караткевіча купляюць добра. Пачакайце 7 гадоў...
- Мы планавалі выдаць асобна 500 экзэмпляраў “Каласоў пад сярпом тваім” і “Дзікае паляванне караля Стаха”, але Алена Іванаўна Сінкевіч (пляменніца Караткевіча. – TUT.BY) катэгарычна супраць, бо творы, якія ўвайдуць у 25-томнае выданне будуць адрознівацца ад таго Караткевіча, якога мы чыталі дагэтуль. Яны ўжо будуць без цэнзуры, - кажа Віктар Шніп. - Таму Алена Іванаўна за тое, каб пачакаць, але выдаць арыгінальныя тэксты. Што такое 7 гадоў для маладых? Трэба назапасіцца цярпеннем. Але мы пастараемся хутчэй... "Збор твораў Караткевіча мы рыхтуем у вольны ад асноўнай працы час" Звычайна зборы твораў класікаў рыхтуюць супрацоўнікі Акадэміі навук. Але не ў выпадку з Караткевічам. Над зборам яго твораў у 25 тамах працуюць у сваёй большасці супрацоўнікі БДУ, педуніверсітэта, Тэхналагічнага ўніверсітэта. Пра гэта TUT.BY расказаў каардынатар праекту, дацэнт Белдзяржуніверсітэта Анатоль Верабей.- У Акадэміі навук зараз рыхтуюць зборы твораў Навуменкі і Шамякіна. Займацца яшчэ адным аўтарам – проста няма каму, не хапае людзей. Таму зборнік Караткевіча рыхтуем мы (выкладчыкі) у вольны ад асноўнай працы час, - тлумачыць ён. – Працуем мы без адпачынку, і летам сядзім... Фінансуецца гэты праект Міністэрствам інфармацыі. Была аб’яўлена прыватная падпіска на зборнік, ужо звыш 1 тысячы падпісчыкаў ёсць. Сёлета плануецца выдаць яшчэ 3 тамы Караткевіча. Нагадаем, у першых двух, якія ўжо прадаюцца ў крамах, змяшчаюцца паэтычныя творы. У 3-м томе чытачоў чакаюць апавяданні і казкі. Тамы 4-5 – аповесці, легенды. 6-ы том – раман "Леаніды не вернуцца да зямлі" ("Нельга забыць"). Тамы 7-8 – раман “Каласы пад сярпом тваім”. Том 9 – раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Том 10 – раман "Чорны замак Альшанскі". 11-ы том – драматычныя творы. Тамы 12 і 13 – публіцыстыка, эсэ, крытыка. Том 14 – пераклады, тамы 15–16 - перапіска, 17-19 – кінасцэнарыі, лібрэта. Том 20 – малюнкі, тамы 21 і 22 – дзённікі і запісныя кніжкі, том 23 – дарчыя надпісы, тамы 24 і 25 – дапаўненні да папярэдніх тамоў, летапіс жыцця і творчасці, алфавітны даведнік, імянны паказальнік. Такім чынам, калі жаданне чытаць Караткевіча нясцерпна і чакаць няма калі, можна толькі параіць чытачу звярнуцца ў бібліятэку ці пашукаць любімага пісьменніка ў букіністычных кнігарнях. *** На трэці том можна падпісацца да 1 мая 2013 года. Каштуе ён 53 000 руб. Пералік грошай па наступных рэквізітах: УП "Мастацкая літаратура" 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11 р/р 3012001483810 аддзяленне № 538 у г. Мінску ААТ "Белінвестбанк", БІК 153001739 УНП 100055406 ОКПО 02477775, "Падпіска на творы Караткевіча" Даведкі па тэлефонах: 203-83-63, 226-66-16. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знайсці сёння ў мінскіх крамах раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча на беларускай мове - амаль немагчыма...
|
|