Каго раздражняе Мікалай Пінігін?
23.02.2013 20:12
—
Новости Культуры
|
Каго раздражняе Мікалай Пінігін? Не так даўно ў Міністэрстве культуры адбылася вялікая калегія -- падводзілі вынікі за мінулы год і акрэслівалі планы на цяперашні. З афіцыйным дакладам, перанасычаным рознымі лічбамі, выступіў нядаўна прызначаны міністр культуры Барыс Святлоў. І можна было б сказаць, што калегія прайшла ціха і нават незаўважна, калі б не “заперсаніфікаваная” справаздача былога рэктара Акадэміі мастацтваў, доктара мастацтвазнаўства, старшыні Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў Рычарда Смольскага. Рычард Баляслававіч абрынуўся з крытыкай на кіраўніцтва Саюза тэатральных дзеячаў, а таксама на мастацкага кіраўніка Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалая Пінігіна. Чаму Дудараў нічога не робіць? Паводле слоў Смольскага, раней Саюз тэатральных дзеячаў працаваў больш актыўна, а цяпер... “Зараз СТД раз у год узнагароджвае “Хрустальнымі Паўлінкамі” тэатральных дзеячаў і на гэтым сваю місію лічыць закончанай, -- выказаў меркаванне прафесар. -- І поўнасцю знікае з творчага жыцця да наступнага 27 сакавіка -- Міжнароднага дня тэатра. (...) А раней жа існавала гільдыя рэжысёраў пры СТД, якая збіралася, абмяркоўвала свае прафесійныя праблемы, даволі паспяхова адстойвала інтарэсы прафесіі і тэатра ў цэлым...” “Народная Воля” запыталася ў кіраўніка Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, драматурга і мастацкага кіраўніка Драматычнага тэатра Беларускай арміі Аляксея Дударава, ці згодны ён з крытыкай на свой адрас. “Я згодны толькі з тым, што няма таго, што раней было, -- адказаў Аляксей Ануфрыевіч. -- Сёння амаль усё закальцавана і завязана на матэрыяльных каштоўнасцях. Карацей кажучы, на фінансах. Раней дзяржава вызваляла нашы прадпрыемствы ад падатку на дабаўленую вартасць і ад падатку на прыбытак -- гэтыя сродкі ішлі на рахунак Саюза. І гэта былі вялікія грошы! За кошт гэтага рабіліся і камандзіроўкі, і прэміі выдаваліся, будаваўся Беларускі саюз тэатральных дзеячаў. А апошнія 20 гадоў мы выжываем. Для таго каб абараняць правы і інтарэсы ўсіх творчых саюзаў і суполак, стварылі Беларускую канфедэрацыю творчых саюзаў і культурных фондаў, якую пакуль што ўзначальвае цяперашні міністр культуры спадар Святлоў. Што тычыцца дзейнасці СТД, то калі кожны з членаў Саюза аддасць па тысячы долараў на ўзносы, то атрымаецца каля мільёна, і тады з тых, хто ўзначальве гэтую суполку, можна нешта і патрабаваць. Варта заўважыць, што камяні ў бок СТД ляцелі і ў былое кіраўніцтва, цяпер яны ляцяць у мяне. І будуць ляцець яшчэ і пасля мяне! Таму гэта не здзіўляе... Нагадаю, што Саюз тэатральных дзеячаў, як і той Саюз, які ўзначальвае Смольскі, з’яўляецца заснавальнікам першай і другой тэатральных прэмій. Менавіта як старшыня Саюза я ўзначальваў журы гэтых прэмій (ізноў жа, камяні ляцелі ў мяне -- хаця фармальна рашэнне прымаў не я адзін, а так званыя акадэмікі, якіх выбіралі ў тэатрах, але прэтэнзіі былі менавіта да мяне -- маўляў, не тым далі, не таго абралі!). (Між іншым, сістэма галасавання на Тэатральнай прэміі зроблена такім чынам, што паўплываць ці падагнаць галасы пад густ кагосьці зверху амаль немагчыма. -- М.К.). Але калі нехта ведае, як трэба працаваць, то няхай садзіцца на маё месца і дэманструе! Аднак спачатку хай скажа: я зраблю тое, тое і тое. А ўзгадваць, што было 20 ці 30 гадоў таму і вінаваціць тых, хто цяпер нешта робіць, -- гэта прасцей за ўсё...” Не абышоў сваёй увагай спадар Смольскі і дзейнасць мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна. Вось толькі ўрывак з выступлення былога рэктара Акадэміі мастацтваў (цытуецца па газеце “Культура”): “Мастацкія і адміністратыўныя кіраўнікі большасці тэатраў сёння лічаць сябе гэткімі “ўдзельнымі князькамі”: маўляў, як хачу, так і кірую творчым калектывам і ўвогуле тэатральным жыццём. А як жа іначай! Пануе свабода творчасці, цэнзуры няма, крытыкаў не чуваць, адным словам -- райскае жыццё... Я не супраць “райскага” жыцця ў гэтым недасканалым свеце, хаця вельмі цяжка ўяўляю яго ў творчым асяроддзі. Добра, калі тэатрам кіруе таленавіты, руплівы, па-сапраўднаму дзяржаўны і нацыянальна свядомы дзеяч. Напрыклад, Аляксандр Анісенка ў Віцебску, Аляксандр Козак у Брэсце, Андрэй Новікаў у Магілёве, якія праводзяць вядомыя і аўтарытэтныя фестывалі, падтрымліваюць новую беларускую драматургію... А калі такія, як Мікалай Пінігін -- безумоўна, таленавіты, вынаходлівы рэжысёр? Той, які ўпарта раз за разам паўтарае, што на адноўленай сцэне Купалаўскага не будуць ставіць ні Петрашкевіча, ні Макаёнка, ні Крапіву ды іншых беларускіх драматургаў, таму што яны, маўляў, на ягоную думку, не адпавядаюць сучаснаму мастацкаму ўзроўню. Вельмі спрэчная, на мой погляд, пазіцыя. Я вось думаю так: а што, напаўаматарскія замалёўкі шаноўнага пачынальніка беларускай драматургіі Дуніна-Марцінкевіча -- гэта шэкспіраўскі ўзровень драматычнай літаратуры? Што, еўрапейскія тэатры “выстраіліся ў чаргу”, каб ставіць яго п’есы? Я разумею амбітныя планы Пінігіна паставіць на Купалаўскай сцэне польскага класіка Адама Міцкевіча: гэта цікава, дый у Варшаву запросяць на гастролі.... Хто ж супраць -- тварыце! Але мне ўсё ж здаецца, што для мастацкага кіраўніка першага нацыянальнага тэатра больш важным было б паклапаціцца пра беларускую драматургію, пра адкрыццё новага маладога аўтара...” У мінулым годзе ў інтэрв’ю “Народнай Волі” Мікалай Пінігін сапраўды гаварыў пра тое, што ў Купалаўскім не плануе ставіць Петрашкевіча, Крапіву і Макаёнка, бо наўрад ці сённяшняя публіка будзе хадзіць на гэтыя пастаноўкі. У свой час, канешне, п’есы таго ж Андрэя Макаёнка сапраўды былі на злобу дня і карысталіся поспехам. А сёння там многае састарэла, бо час не стаіць на месцы. І калі пад прымусам заганяць у тэатр на такую класіку школьнікаў і студэнтаў, ладзіць абавязковыя паходы ў тэатр -- гэта значыць адбіць у іх жаданне наведваць тэатры ў будучыні, бо там сумна і не чапляе. “У нас няма такога моцнага запасу класікі, каб бясконца яе ставіць, -- тлумачыў сваю пазіцыю Пінігін на старонках “Народнай Волі”. -- “Тутэйшыя” -- вось бясконцая класіка. П’еса на ўсе часы”. Пінігін ставіць беларускіх класікаў. Але калі за творамі Дуніна-Марцінкевіча не выстройваюцца чэргі замежных тэатраў, як кажа прафесар Смольскі, дык хіба яны ўжо стаяць у чарзе за п’есамі Крапівы ці Макаёнка? А тое, што Пінігін працуе над “Панам Тадэвушам”, можна толькі вітаць. І беларусам, здаецца, не варта дыстанцыравацца ад гэтай асобы -- ён тут нарадзіўся, ва ўсіх энцыклапедыях напісана, што “зрабіў вялікі ўплыў” на станаўленне не толькі польскай, але і беларускай літаратуры, у Навагрудку працуе Дом-музей Міцкевіча. Палякі лічаць яго сваім, літоўцы -- сваім, а беларусы, атрымліваецца, замежнікам?.. І добра, калі той жа Купалаўскі тэатр з “Панам Тадэвушам” палякі запросяць да сябе з гастролямі (і не толькі яны!), і яшчэ лепей -- калі за свой кошт, бо не так шмат беларускія драматычныя тэатры гастралююць за мяжой (і не таму, што няма чаго паказаць, а таму, што падобныя ваяжы за мяжу дорага абыходзяцца). Амаль усе беларускія рэжысёры час ад часу атрымліваюць наганяй за тое, што не шукаюць маладых аўтараў. Папракалі за гэта і папярэдніка Пінігіна Валерыя Раеўскага, і таму ж Валерыю Анісенку пра гэта нагадвалі, і Барысу Луцэнку... Той жа Пінігін наўрад ці будзе адмахвацца ад таленавітых п’ес маладах аўтараў. Але яму, як і любому іншаму мастацкаму кіраўніку, важна не проста паставіць твор новага аўтара, але і тое, каб гледачы наведвалі спектаклі, каб не пуставалі залы. Бо ад гэтага напрамую залежыць заробак артыстаў. Мастацкі кіраўнік і дырэктар тэатра персанальна адказваюць за напаўняльнасць залаў, яшчэ да нядаўняга часу яны павінны былі выконваць нейкія планы па гэтых паказчыках. Для тых, хто забыўся альбо не ведае, нагадаю: сёння ў Купалаўскі тэатр на некаторыя спектаклі не дастаць квіткоў. За месяц трэба паклапаціцца аб тым, каб набыць білет у Купалаўскі на тое месца, на якое хочаш. Бо літаральна праз паўтары гадзіны пасля таго, як пачынаецца продаж квіткоў на наступны месяц, прыходзіцца выбіраць ужо не тое, што хочацца табе, а тое, што прапануе з астаткаў касірка. І гэта пры тым, што тэатр на рэканструкцыі, вандруе па чужых сцэнах! А што будзе тады, калі Купалаўскі адчыніцца пасля рамонту і некаторыя пэўны час будуць хадзіць у Купалаўскі не толькі дзеля спектакляў, але і для таго, каб сфатаграфавацца з любімым артыстам (ці без яго) у абноўленым інтэр’еры? Канешне, Мікалай Пінігін не ідэальны. З ім можна пагаджацца альбо не, спрачацца. Ягоную філасофію тэатра можна прымаць альбо не прымаць. Аднак супраць фактаў, як кажуць, не папрэш: сёння Купалаўскі па наведвальнасці -- на другім месцы па колькасці прададзеных білетаў пасля Вялікага тэатра оперы і балета. І гэта даволі сур’ёзны аргумент. З усіх драматычных тэатраў у Купалаўскім артысты больш за ўсіх зарабляюць (хаця і гэтыя заробкі -- не тыя, якімі можна было б ганарыцца, але тым не менш). Калі б у Пінігіна былі пустыя залы, тады да слоў Смольскага варта было б прыслухацца, а так... Не сакрэт, што Мікалай Пінігін многіх раздражняе. Тым, што да яго прыхільна ставілася мінулае кіраўніцтва Міністэрства культуры. А яшчэ сваёй незалежнасцю, сваім стылем, сваімі падыходамі.. Але гэта -- зусім іншая гісторыя. І яна ўжо не пра мастацтва... P.S. У сваім выступленні спадар Смольскі пахваліў галоўнага рэжысёра, а цяпер ужо і мастацкага кіраўніка Сяргея Кавальчыка: маўляў, выступіў з ініцыятывай правесці на сцэне Тэатра імя Горкага год беларускай драматургіі. І ў тэатры будуць ставіць не толькі Дударава, Курэйчыка і іншых, а і класічную спадчыну Макаёнка. На першы погляд сапраўды выдатна! Калі б не адзін прыкры нюанс. Вядома, што рэжысёр Барыс Луцэнка ставіць “Зацюканага апостала” на... рускай мове. Вось табе і беларуская класіка ў год беларускай драматургіі... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не так даўно ў Міністэрстве культуры адбылася вялікая калегія -- падводзілі вынікі за мінулы год і акрэслівалі планы на цяперашні. З афіцыйным дакладам,...
|
|