“Аляксандра і Канстанцін” прэзентавалі альбом пра трасу Мінск-Брэст. 21.by

“Аляксандра і Канстанцін” прэзентавалі альбом пра трасу Мінск-Брэст

02.05.2013 11:30 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адзін з самых яркіх музычных дуэтаў Беларусі “Аляксандра і Канстанцін” апошнм часам амаль не бачацца са сваімі слухачамі. Але яны парушылі традыцыю і вечарам 1 мая ўзялі ўдзел у праекце журналіста Сяргея Будкіна “Жывы тузін”, прадставіўшы на суд слухачоў новы альбом “М1”. Жывы, драйвовы выступ у Loft cafe стаў першым клубным канцэртам музыкаў за апошнія пяць гадоў.

Нягледзячы на рэдкае з’яўленне перад беларускай аўдыторыяй, першыя ўдзельнікі “Еўрабачання” Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза часта гастралююць з канцэртамі па іншых краінах, удзельнічаюць у музычных праектах рознага кшталту, ды пішуць новыя песні. Для музыкаў “вялікія канцэрты — гэта вельмі адказная справа, якая вымагае шмат сілаў для падрыхтоўкі”. Таму для спатканняў з беларускай аўдыторыяй мусіць быць нагода.

Клубная прэм’ера новага альбому “М1” такой нагодай стала. «Праца над новымі песнямі вялася на працягу некалькіх гадоў. За гэты час атмасфера паміж намі і нашымі творамі наэлектрызавалася да найвышэйшай кропкі — прыспеў час падзяліцца сваімі актуальным музычнымі думкамі ды публічна выканаць праграму на мяжы гэтага накалу», — лічыць Аляксандра.

Зорны склад “БарЖоМі”

З’яўленне дуэта на сцэне Loft cafe анансаваўся як “выступ у пашыраным складзе”. Некаторыя пачалі было думаць, што замест “Аляксандра і Канстанціна” мы займеем “Двух Аляксандраў і двух Канстанцінаў”, але ўсё апынулася больш празаічна. Да музыкаў далучыліся “сапраўдныя майстры сваёй справы”, як сцвярджае Сяргей Будкін. Гэта бубнач Аляксандр Старажук, які граў у гуртах «Палац» і «Ляпіс Трубяцкой», басіст Вячаслаў Сяргеенка, які ўдзельнічаў у WZ-Orkiestra, Tanin Jazz, «У нескладовае», ды джазавы піяніст Дзмітры Хаменка.

Перад пачаткам падарожжа па “М1” прысутныя з задавальненнем паслухалі віртуозную ігру каманды “БарЖоМі”, якая “грае меладычную інструментальную музыку, насычаную дыялогамі скрыпкі і гітары”. Барысаў, Жодзіна і Мінск — гэтыя беларускія гарады сталі асновай для назвы калектыва, бо менавіта з іх паходзяць ягоныя ўдзельнікі. “Выступ гэтай фармацыі на чале з гітарыстам-віртуозам Аляксандрам Атчанашанкам таксама можна лічыць унікальным, бо “БарЖоМі” лічыцца студыйным праектам і на сцэне паказваецца вельмі рэдка”, — анансаваў Сяргей Будкін і меў рацыю: ігра гітарыста проста заварожвала прысутных слухачоў, якіх, да слова, было не так і шмат.

Мы вельмі даўно не выступалі ў Мінску, — кажа Аляксандра Кірсанава, распачынаючы прэзентацыю новага альбома. — Таму вельмі рады нарэшце сустрэцца з вамі. Наш новы дыск мае праграму “М1” — гэта трасса Мінск-Брэст. Такую назву дыск атрымаў невыпадкова. Мы, як і многія іншыя артысты, шмат падарожнічаем і падчас дарогі узнікаюць нейкія думкі, музычныя тэмы. Такім чынам і нарадзілася інструментальная кампазіцыя “Дарога М1”, што і дала назву альбому”.

“Аляксандра і Канстанцін” прэзентавалі альбом пра трасу Мінск-Брэст


Сяргей Будкін: “Беларусы не гатовыя слухаць сваіх музыкаў”

Арганізатар музычнага праекту “Жывы тузін”, рэдактар партала tuzin.fm Сяргей Будкін у каментары для Naviny.by aдзначыў: “З дуэтам “Аляксандра і Канстанцін” я супрацоўнічаю з 2003 года. Тады яны яшчэ не паехалі на “Еўрабачанне”. Падчас гэтага першага для нас конкурса ў 2004 годзе мы ладзілі інтэрнэт-падтрымку калектыву, сцвярджаючы, што гэта адзіны гурт, дуэт, які варты паездкі і ўдзелу на першым “Еўрабачанні” ад Беларусі. Мы тады прыемна здзівіліся, што іх насамрэч адправілі на гэты конкурс. Мы думалі, што пашлюць нейкую прыўладную зорку… З тых часоў у нас такое сяброўства. Усе свае беларускамоўныя песні, а яны амаль усе ў “Аляксандры і Канстанціна” па-беларуску, гурт выстаўляў на Тузіне гітоў усе гэтыя дзесяць год.

Праект “Жывы тузін” трывае ўжо трэці сезон. Мы запрашаем усіх цікавых нам, актуальных беларускіх музыкаў у ім удзельнічаць. Спачатку гэта была серыя акустычных версій сваіх праграм, дзе гралі ўсе: ад металістаў да джазмэнаў, а ў гэтым сезоне мы ладзім эксклюзіўныя прэм’еры новых праграм, прэзентацыі новых дыскаў. Натуральна, я не мог не запрасіць Аляксандру і Канстанціна. Да таго ж, гэта сапраўды іх першы сольны канцэрт за апошнія пяць год. Яны рэдка выступаюць, бо яны дуэт, а выступ пашыраным складам вымагае вельмі шмат працы, рэпетыцый. А пашыраны склад у іх, як мы бачым, зорны. Сённяшняя прэм’ера — гэта падзея і для самога гурта, і для яго прыхільнікаў, і, натуральна, для нас.

А чаму прыйшло няшмат людзей?.. У прынцыпе, людзі ў нас вельмі слаба ходзяць на канцэрты беларускіх выканаўцаў. Нашмат актыўней і ахвотней яны купляюць квіткі на прыезжых артыстаў, бо ім здаецца, што яны больш вартыя. Гэта праблема не прамоцыі, не артыстаў, але слухачоў. Праблема насамрэч глабальная — беларускі слухач не гатовы слухаць беларускую музыку як такую. Не любяць беларусы сваё чамусьці. У нас ёсць пяць, максімум дзесяць музычных гуртоў, якія збіраюць клубы, а астатнія…”



Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на рэдкае з’яўленне перад беларускай аўдыторыяй, першыя ўдзельнікі “Еўрабачання” часта гастралююць…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика