Дзіўныя вечары ля Дзіканькі. 21.by

Дзіўныя вечары ля Дзіканькі

19.07.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння прапануем увазе шаноўных чытачоў трошкі нязвыклы фармат выпуску рубрыкі. Бо ўпершыню звернемся не да паэтычных вытокаў, а да звычайнай прозы. Зразумела, што месца ў газеце не дазваляе цалкам надрукаваць твор. Таму абыдземся ўрывачкам, затое якім! Ці даводзілася вам чытаць Мікалая Гогаля на беларускай мове? Не? Дык чытайце і атрымлівайце асалоду. Пераклад “Вечароў на хутары ля Дзіканькі” ажыццявіў Максім Лужанін.

«Гэта што яшчэ за дзіва: Вечары на хутары ля Дзіканькі? Што гэта яшчэ за вечары? І швыргануў у свет нейкі пасічнік! Дзякуй богу! Яшчэ мала абадралі гусей на пёры і змарнавалі рыззя на паперу! Яшчэ мала народу, усякага звання і зброду, выпацкалі пальцы ў чарніле! Собіла ж і пасічніку пацягнуцца ўслед за іншымі! Дапраўды, друкаванае паперы развялося столькі, што не прыдумаеш хутка, што б гэта такое загарнуць у яе».

Чула, чула сэрца маё ўсе гэтыя размовы яшчэ за месяц. Гэта значыць, я кажу, што нашаму брату, хутаранцу, высунуць нос са свайго захалусця ў вялікі свет — бацюхны мае! — Гэта ўсё роўна, як здараецца, часамі зойдзеш у пакоі вялікага пана: усе абступяць цябе і пачнуць задурваць. Яшчэ б нішто, няхай ужо вышэйшае лакейства, не, які-небудзь абшарпаны хлапчук, зірнеш — дрэнь, які калупаецца на заднім двары, і той прычэпіцца, і пачнуць з усіх бакоў прытупваць нагамі. «Куды, куды, навошта? пайшоў, мужык, пайшоў!»... Я вам скажу... Ды што казаць! Мне лягчэй два разы на год з’ездзіць у Міргарад, у якім вось пяць гадоў ужо, як не бачыў мяне ні падсудак з земскага суда, ні шаноўны іерэй, чым паказацца ў гэты вялікі свет. А паказаўся — плач, не плач, давай адказ.

У нас, мае ласкавыя чытачы, — не ў гнеў будзь сказана (вы, можа, і зазлуеце, што пасічнік гаворыць вам папросту, як быццам якому-небудзь свату свайму ці куму), — у нас, на хутарах, вядзецца здавён: як толькі скончыцца праца на полі, мужык залезе спачываць на ўсю зіму на печ, і наш брат прыхавае сваіх пчол у цёмны пограб, калі ні журавоў на небе, ні ігруш на дрэве не ўбачыце болей, тады, толькі змеркне, ужо напэўна дзе-небудзь у канцы вуліцы трымціць агеньчык, смех і песні чуюцца здалёку, трынкае балалайка, а часамі і скрыпка, гоман, шум... Гэта ў нас вечарніцы! Яны, зрабіце ласку бачыць, падобны да вашых балоў; толькі нельга сказаць, каб зусім. На балы калі вы едзеце, дык іменна для таго, каб накруціць нагамі і пазяхаць у руку; а ў нас збярэцца ў адну хату натоўп дзяўчат зусім не для балу, з верацяном, з грабянямі; і спачатку быццам і справай займуцца: верацёны шумяць, льюцца песні, і кожная не ўскіне і вачэй убок; але толькі з’явяцца раптам парубкі са скрыпачом — уздымецца крык, пачнуць дурэць, пойдуць танцы, і завядуцца такія штукі, што і расказаць нельга.

Ды лепш за ўсё, калі саб’юцца ўсе ў цесную кучку і распачнуць загадваць загадкі, ці проста вярзці балбатню. Божа ты мой! Чаго толькі не раскажуць! Адкуль старасветчыны не выкапаюць! Якіх страхаў не нанясуць! Але нідзе, можа, не было нарасказвана столькі дзівосаў, як на вечарах у пасічніка Рудога Панька. За што мяне міране празвалі Рудым Паньком — дальбог, не ўмею сказаць. І валасы ў мяне, здаецца, цяпер больш сівыя, чым рыжыя. Але ў нас, зрабіце ласку не гневацца, такі звычай: як дадуць каму людзі якую мянушку, дык і па векі вякоў застанецца яна. Бывала, збяруцца, напярэдадні свята, добрыя людзі ў госці, у пасічнікаву хаціну, пасядуць за стол, — і тады прашу толькі слухаць. І то сказаць, што людзі былі зусім не простага дзясятка, неабы-якія мужыкі хутаранскія. Ды, можа, таму-сяму і вышэй пасічніка зрабілі б гонар наведаўшы. Вось, напрыклад, ці ведаеце вы дзяка дзіканьскай царквы, Фаму Грыгор’евіча? Эх, галава! Што за гісторыі ўмеў ён адсмальваць! Дзве з іх вы знойдзеце ў гэтай кніжцы. Ён ніколі не насіў шарачковага халата, які сустрэнеце вы на шмат кім з вясковых дзячкоў; але заходзьце да яго і ў будзённы дзень, ён вас заўжды прыме ў тонкім суконным балахоне пад колер астуджанага бульбянога кісяля, а за сукно тое плаціў ён у Палтаве бадай ці не па шэсць рублёў аршын. Ад ботаў яго, у нас ніхто не скажа на ўсім хутары, каб чуцён быў пах дзёгцю; але кожнаму вядома, што ён чысціў іх самым лепшым шмальцам, якога, мяркую, з радасцю некаторы мужык паклаў бы сабе ў кашу. Ніхто не скажа таксама, каб ён калі-небудзь уціраў нос крысом свайго балахона, як гэта робяць некаторыя людзі яго звання; але вымаў з-за пазухі ахайна складзеную белую хустку, вышытую па ўсіх краях чырвонымі ніткамі, і, справіўшы, што трэба, складаў яе зноў, па прызвычаенню, у дванаццатую долю і хаваў за пазуху. А адзін з гасцей... Ну, той ужо быў такі паніч, што хоць зараз нарадзіць у засядацелі або падкаморы. Бывала, паставіць перад сабою палец і, пазіраючы на канец яго, пойдзе расказваць — з вымудрамі, ды хітра, як у друкаваных кніжках! Іншы раз слухаеш, слухаеш, ды і роздум апануе…»

На гэтым сёння супынімся. У наступны раз, спадзяюся, зноў нешта цікавае пашукаем.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Как звучат по-белорусски «Вечера на хуторе близ Диканьки»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика