КУЛЬТпошук. Юры Габрусь. З хіміка-арганіка ў арганісты
30.07.2013 20:24
—
Новости Культуры
|
Пра беларускамоўнага арганіста Юрыя Габруся, які развівае свой унікальны талент у Швецыі, я чула на працягу некалькіх гадоў ад сяброў ды знаёмых. “Такога таленавітага музыку яшчэ пашукаць!” – менавіта такім чынам характарызавалі Габруся мае прыяцелі. Нядаўна Юры вярнуўся на радзіму, дзе дае арганныя канцэрты ды грае ў новаапостальскай царкве. Мы сустрэліся і пагаварылі пра пакручасты шлях музыкі да сваёй мары ды пра ролю дзяржавы ў арганных справах.
У Беларусі няма навучання аргану ў музычнай школе. Калі дзіцёнак захоча з маленства, з шасці гадоў, вучыцца граць на аргане, у яго папросту не будзе такой магчымасці. Таму, натуральна, і ў мяне такога досведу не было. Але я займаўся музыкай і, вядома, маю базавую музычную адукацыю. Не думаю, што бацькі меркавалі, што я мушу стаць музыкантам. Ім сказалі, што ў мяне выдатны слых, таму яны і аддалі мяне вучыцца музыцы. Ёсць у нас сямейная легенда, маўляў, я навучыўся спяваць раней, чым размаўляць. І спяваў я 52 мелодыі на “ля-ля-ля” і тры оперныя арыі. Прынамсі, так гаворыць матуля… Наагул з першапачатковай музычнай адукацыяй было як… Я вучыўся ў дзвюх музычных школах. Спярша, у дзіцячым садку яшчэ, калі мне было пяць гадоў, мяне залічылі ў клас фартэпіяна. Я пахадзіў туды колькі месяцаў, але там была такая суворая настаўніца, што я напалохаўся і сказаў: усё, больш не пайду. Але недзе праз год мяне зноў прымусілі да музычнай вучобы. Бацькі сказалі: будзеш хадзіць у музычную школу, выбірай інструмент. І тады выбраў… балалайку. Раней было так, што калі ты вучыўся любому інструменту, у цябе былі дадатковыя абавязковыя заняткі фартэпіяна. Да таго ж, яшчэ калі мяне прынялі ў тую першую музычную школу, бацькі набылі піяніна, на якім я займаўся. Так што я не “нулявым” пачаў граць на арганах. На арганах жа я граю з 2003 года. Сёлета дзесяцігоддзе творчай дзейнасці! Да таго, як пачаў граць, я гадоў восем цікавіўся ўсім, што звязана з арганамі, шмат слухаў, чытаў – грунтоўна вывучаў, адным словам. Бацькі ніколі не ціснулі на мой выбар прафесіі. У мяне дзве вышэйшыя адукацыі. Першая – хімфак БДУ, а ўжо другая – музычная. – Хімік-арганіст! – узрушана перапыняю я Юрыя. – Больш за тое! Я хімік-арганік! – усміхаецца хлопец. – Вучыўся я выдатна, скончыў з дыпломам з адзнакай, мяне прынялі ў аспірантуру, дзе, аднак, не давучыўся, бо зразумеў, што напісанне дысертацыі і кар’ера хіміка-навукоўца мяне не цікавіць. Пасля я пайшоў працаваць у Акадэмію навук. Дарэчы, адышоў я ад навукі акурат тады, калі маё захапленне арганнай музыкай перайшло ў сур’ёзны занятак музыкай. А адбылося гэта так. На народзіны маёй маці яе знаёмы падарыў ёй кружэлку з арыяй эпохі барока, запісаную вядомай савецкай спявачкай Ірынай Архіпавай. Музыка была запісаная на знакамітых арганах Валькера Домскага сабора ў Рызе. На мяне гэта падзейнічала нібы гром сярод яснага неба. І ўсё… Гэтую кружэлку я слухаў цэлы год амаль штодня! Гэтыя юнацкія ўражанні засталіся ў памяці назаўжды. Тое, як гучыць арган на тых першых пласцінках, нейкія нюансы зараз памятаю лепей, чым запісы, што слухаў учора. Пачаў жа я ўласна граць на арганах праз амаль шчаслівую выпадковасць. Гэта адбылося праз знаёмства маёй маці Тамары Габрусь, вядомай даследчыцы сакральнай архітэктуры, з арганісткай Святленай Немагай, якая на той час грала ўсе галоўныя службы ў касцёле Роха. Недзе два гады я граў на арганах у гэтым касцёле. Амаль адначасна з гэтым я даведаўся, што ў той царкве, дзе я працую й зараз, таксама ёсць арган… Таму пэўны час ў мяне былі неверагодныя, шыкоўныя прывілеі – граць на двух інструментах адначасова. Калі я толькі пачынаў граць, то не ставіў сабе за мэту займацца гэтым прафесійна. Я думаў, што гэта застанецца маім хобі, што асабліва нічога не атрымаецца. Мяне літаральна зацягнуў да сябе на заняткі Уладзімір Неўдах, я два гады ў яго займаўся. А потым мой знаёмы, які таксама вучыўся ў Неўдаха, сказаў мне: “Прыязджай у Швецыю, ты тут лёгка паступіш!” Я паехаў, сапраўды паступіў у Акадэмію музыкі і тэатра на аддзяленне аргана і царкоўнай музыкі ў Гётэборгу. Гэта досыць вядомае месца сярод арганістаў, бо там вельмі высакаякасныя арганы і выдатныя выкладчыкі. Я чакаў таталітарнага, дыктатарскага стылю навучання, але ўсё апынулася нашмат свабадней і ліберальней: ты можаш граць літаральна ўсё, што заўгодна (зразумела, калі сапраўды можаш!). Студэнт можа выбіраць праграму, нават экзаменацыйную, мае амаль неабмежаваную колькасць часу на заняткі за інструментамі! У Швецыі, аднак, студэнты больш лянівыя, чымся нашыя, бо залішняя свабода, мабыць, у пэўнай ступені разнявольвае. Таксама я вучыўся па абмене ў Брэмене ў Германіі – там іначай, больш строга, вучыцца складаней, чым у Швецыі.
Ася ПАПЛАЎСКАЯ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Каб стаць добрым арганістам, трэба быць сапраўды апантаным чалавекам...”
|
|