Гаспадары зямлі
09.08.2013
—
Новости Культуры
|
У МІНУЛЫМ годзе яна заняла першае месца па ўраджайнасці. Там сабралі па 43 цэнтнеры зерня на круг, прадалі дзяржаве 4725 тон малака і 363 тоны мяса, што адпаведна складае 112 і 118 працэнтаў да 2011 года. Прычым усё малако рэалізавана класам «экстра». Сярэдні надой ад каровы склаў амаль пяць тысяч кілаграмаў малака.
Восем год філіял узначальвае Яраслаў Сінкавец, сапраўдны гаспадар на зямлі, які «каранямі» ўрос у справы і быт вяскоўцаў, па імю і імю па бацьку ведае не толькі кожнага члена калектыва, але і яго біяграфію. Першае знаёмства з Яраславам Сінкаўцом адбылося ранняй вясной у некалькі незвычайных абставінах: ён нёс па раллі да трактарнага прычэпа даволі важкі камень. Пажартаваў: — Вось і рукі падаць не магу. Занятая. Пасля, пазбавіўшыся ад ношы, прагаварыў: — Пападзіся такі «падарунак» на шляху камбайна — і паломка гарантавана. Прастой. І добра, калі яшчэ адным днём абыйдзешся. Ды ў дадатак — мільёны на запчасткі. Таму культура земляробства для Сінкаўца пачынаецца з ачысткі палёў ад камення. Кожны веснавы дзень на падмогу ў такой важнай справе прыязджаюць 20—30 работнікаў ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат». Дарэчы, гэтыя камяні потым выкарыстоўваюцца як цудоўны матэрыял пры рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў.
Яраслаў Сінкавец імкнецца ўкараніць у вытворчасць усё самае перадавое. Цяпер сеялкі з актыўнымі органамі апрацоўкі глебы — «Ленкен», АПП-6 — норма. А першая з’явілася колькі гадоў таму менавіта ў філіяле «Мнюта». — Еду я з Віцебска, — прыгадвае Яраслаў, — бачу — на полі агрэгат, які выконвае адразу некалькі аперацый: і глебу рыхтуе, і сее. Потым усю дарогу думаў, як бы сабе ў гаспадарку прыдбаць такі. Удалося. Хаця, — працягвае ён, — якія б цуда-машыны ні былі, усё вырашаюць людзі, што абслугоўваюць іх. Узяць той жа пасяўны агрэгат. Яго патрэбна адрэгуляваць, каб належнае заглыбленне насення было. І — не адзін раз. З кадрамі ў філіяле асаблівых праблем няма. Калі ў іншых месцах даюць аб’явы, каб прыехалі да іх спецыялісты, то тут робяць стаўку на сваіх.
— Правільна сказаў Прэзідэнт, — падкрэслівае Сінкавец, — што пры паступленні ва ўстановы сельскагаспадарчага профілю патрэбна аддаваць перавагу вясковым хлопцам і дзяўчатам. Хай яны здадуць і горш экзамены, на «тройку», я па старой сістэме лічу, але ж яны — ад зямлі. Яны і вернуцца да яе. А гарадскія? Не буду пра ўсіх агулам гаварыць, але ў перавазе сваёй ім бы атрымаць дыплом. Адпрацуюць свае гады, і потым — толькі іх і бачылі. Дарэчы, абодва студэнты Белыя, Мікалай і Ілля, зараз, у час канікул, працуюць у філіяле механізатарамі. З Іллёй мы сустрэліся на сяўбе рапсу. — Так склалася, — зазначае Яраслаў Сінкавец, — што даводзіцца і ўбіраць ураджай, і закладваць новы. Поле, на якім вялася сяўба рапсу, было якраз паміж вёскамі Вялец і Шчарбы. Вялікае, у 125 гектараў, на якім праведзена меліярацыя. Глебу на ім рыхтаваў на трактары МТЗ-2522 студэнт Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Ілля Белы. — Усё нармальна, — вымавіў скупа, як сапраўдны гаспадар. — З тэхнікай упраўляюся. На гэта ж мяне і вучаць, на механіка. А лепшай практыкі, як на полі, не знойдзеш. Вось толькі Каснікоўскі наступае на пяткі. Не магу доўга гаварыць. Лёгкі на ўспамін, паказаўся з-за пагорку сеяльшчык Аляксандр Каснікоўскі на трактары МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6 — старэйшы з хлебаробскай дынастыі Каснікоўскіх. У гаспадарцы працуюць таксама механізатарамі яго браты Сяргей і Андрэй. А «верхаводзіць» сынамі іх бацька каваль Васіль. Была задумка сфатаграфаваць гэту хлебаробскую сям’ю разам, але аказалася немагчымым, бо занятыя былі яны на розных работах і ў розных месцах: Аляксандр сеяў, Сяргей нарыхтоўваў кармы, Андрэй абслугоўваў фермы. Што тычыцца Аляксандра Каснікоўскага, то ён, як заўсёды, паказваў клас. Гледзячы на раўнюткую шырокую паласу за пасяўным агрэгатам, разумееш, што робіць майстар.
— Не шкада такое поле — пад рапс? — А ён дае нам выручку лепшую, чым зерневыя, — канстатуе Сінкавец. — Сёлетні ўраджай рапсу — мільярд. Пабывалі мы і на полі са збажыной. Па загонках камбайнеры Алег Шынкевіч, Аляксандр Макарскі, Генадзь Анкудовіч, Мікалай Бортнік і Леанід Наумёнак убіралі пшаніцу. Рухаліся агрэгаты павольна, каб поўнасцю вымалаціць зерне, не дапусціць страт. Лепшае поле дало па 40 цэнтнераў на круг, а так ў сярэднім маюць пад 30. — Сёлета ўраджай будзе меншы. Такога яшчэ не было, каб за месяц ніводнага дажджу, неймаверная гарачыня. Зерне не налілося як след, — уздыхае Сінкавец. — Але ім мы жывёлу ўсё роўна забяспечым поўнасцю. ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» робіць усё магчымае, каб яго сельгасвытворчы філіял стаў узорнай малочнай гаспадаркай раёна. Тры гады назад была ўзведзена малочна-таварная ферма «Шэпелева» на 750 дойных кароў — адна з лепшых у вобласці. Тут ёсць усё: тры цэха для ўтрымання кароў па прадуктыўнасці і памяшканне для сухастойных, даільная зала, аўтаматызаваныя працэсы гноевыдалення, 8 сянажных ям ёмістасцю па тысячы тон кожная, 2 свідравіны і нават станцыя абезжалезвання, не гаворачы ўжо аб тым, што створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку жывёлаводаў. Абслугоўваюць гэты вялікі дойны статак усяго чатыры аператары — Ванда Ліманоўская, Жанна Кузьміч, Алена Стараннік, Ларыса Міхайлоўская. Але на гэтым будоўля не закончылася. Вырас якраз непадалёк ад гэтай фермы цялятнік на дзвесце галоў, і яшчэ адзін арачнік закладзены. А самае галоўнае, што паскоранымі тэмпамі ідзе рэканстукцыя малочна-таварнай фермы «Мнюта-2». Там упершыню ў раёне будуць устаноўлены робаты «Астранаўт» па даенню кароў. Будоўлю вядзе трэст «Полацксельбуд». Здача аб’екта намечана на восень. У планах Яраслава Сінкаўца — атрымліваць на новай ферме ад каровы па 8 тысяч кілаграмаў малака! Уладзімір САУЛІЧ, "БН" Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У МІНУЛЫМ годзе яна заняла першае месца па ўраджайнасці. Там сабралі па 43 цэнтнеры зерня на круг, прадалі дзяржаве 4725 тон малака і 363 тоны мяса, што адпаведна складае... |
|