Прайшоў пленэр мастакоў па месцах Першай сусветнай
27.08.2013
—
Новости Культуры
|
На нямецкіх пазіцыях ля Крэва Грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” ажыццяўляе міжнародны культурна-асветніцкі праект “Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння”.Прысвячаецца ён 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны. – Гэта ўжо другая часць праекта “Пераклічка стагоддзяў”. Першы праходзіў у 2012 годзе і прысвячаўся падзеям вайны 1812 года, – расказала каардынатар праекта Наталля Святкіна. Уключае праект міжнародныя летнія творчыя майстэрні і грамадска-навуковыя чытанні, конкурс эсэ, серыі перасоўных выставаў і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у музеях і бібліятэках, літаратурныя чытанні. У рамках праекта з 29 ліпеня па 15 жніўня праходзіў пленэр мастакоў. У ім удзельнічалі студэнты і выкладчыкі ўстаноў мастацкага профілю з Беларусі, Расіі, Украіны. Прыехалі яны з Гомеля, Магілёва, Мінска, Навасібірска, Чалябінска, Тулы, Ленінградскай вобласці, Кіева. Усяго – 37 чалавек. Удзельнікі пленэру пабывалі ў Магілёве, Мінску. На экскурсіі па сталіцы суправаджаў іх старшыня праўлення дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Вячаслаў Бандарэнка. Чатыры дні мастакі правялі ў нашым рэгіёне. Наведалі Вілейку, Смаргонь і мясцовыя музеі, Заброддзе, Баруны, Солы, Крэва, Залессе, Гальшаны, Наваспаск, узбярэжжа возера Мядзел і іншыя мясціны, звязаныя з гісторыяй Першай сусветнай вайны. Там жа працавалі над эскізамі будучых карцін. – Удзельнікі пленэру наведалі рускія і нямецкія могілкі, нешматлікія, на жаль, помнікі героям Першай сусветнай Вайны, – расказвае Наталля Святкіна. – Агледзелі руіны замка і храма, якія былі практычна знішчаны гэтай вайной, нямецкія доты і рускія акопы, змаглі зірнуць на дарогу, што падзяляла дзве арміі і з боку рускіх пазіцый, і з боку нямецкіх. Пра ўражанні ад пленэру запытаў у выкладчыка Тульскага каледжа мастацтваў Міхаіла Блейхера. – Уражанні цудоўныя. Другі раз з гэтай арганізацыяй прыязджаю ў Беларусь. Мне тут падабаецца, адчуваю сябе як у сваёй сям’і. Гэтак бывае, калі прыязджаеш да далейшых сваякоў (далейшых – у сэнсе адлегласці) і адчуваеш сябе вельмі ўтульна. Мы тут шмат чаго пабачылі, пазнаёміліся з Беларуссю. – Якія мясціны найбольш уразілі? – Не хацеў бы вылучаць, бо многія маюць трагічную гісторыю. Зараз прыехалі з Крэва – вельмі прыгожа. Уразіла Крывая Горка – там спалучаецца незвычайная прыгажосць месца і горыч трагедыі. Магчыма, удзельнікі пленэру прыедуць сюды яшчэ раз увосень – маляваць крэўскія краявіды. – Што стане вынікам праекту? – пытаю ў Наталлі Святкінай. – Выстава, якая пройдзе ў 2014 годзе ў Мінску. Калі музеі тых мясцін, дзе праходзіў пленэр, будуць зацікаўлены ў ёй, таксама змогуць паказаць гэту выставу. Алесь ВЫСОЦКІ. Фота Сямёна ШАЎЦОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” ажыццяўляе міжнародны культурна-асветніцкі праект “Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет...
|
|