Сёлета фолк-фэст «Камяніца» пройдзе ў пяты раз і збярэ музыкаў з Украіны, Польшчы і Беларусі. Арганізатары вырашылі сабраць на тэрыторыі музея народнай архітэктуры і побыту найлепшых музыкаў папярэдніх гадоў і зладзіць фестываль аўтэнтычнай музыкі ў два дні — 6 і 7 верасня.
На прэс-канферэнцы, што адбылася надоечы, каардынатары фэста распавялі пра новы фармат, знакамітых удзельнікаў і паабяцалі, што сумна не будзе нікому.
На «Сяброўскую вячэру» толькі па запрашальніках
«Сёлета мы пераходзім на двухдзённы фармат. Гэта галоўнае новаўвядзенне, — распавёў каардынатар фестывалю «Камяніца» Сяргей Чагрынец. — Разынкай стане першы дзень, 6 верасня. У музеі народнай архітэктуры і побыту збяруцца выканаўцы, якія працавалі ў нас цягам папярэдніх гадоў. Падчас нашай «Сяброўскай вячэры», як мы назвалі першы дзень фестывалю, мы вырашым важную праблему: так склалася, што музыкі падчас такіх фэстаў амаль не камунікуюць, у іх на гэта няма часу, ведаюць толькі, хто за кім выступае».
Чагрынец адзначыў, што «Сяброўская вячэра» пройдзе ў закрытым фармаце — трапіць на яе можна толькі па запрашальніках: «У першы дзень гледачы будуць з трох катэгорый: гэта артысты, журналісты, работнікі сцэны, то бок, усе тыя, хто спрычынены да фестываля, гэта запрошаныя людзі, а таксама тыя, хто атрымае запрашальнікі ў выніку розыгрышаў, якія пачнуцца неўзабаве».
6 верасня адбудуцца міні-прэзентацыі альбомаў гурта «Палац», дуэта Аляксандра і Канстанцін і Ірэны Катвіцкай. Музычны хэдлайнер вечара — гурт Shuma, які спалучае фолкавыя спевы з сучаснай электронікай.
Адной з важных падзей першага дня фестываля Сяргей Чагрынец лічыць кінапаказ маляўнічай кінастужкі «Гісторыя беларускай страўні»: «Фільм здымаўся пры ўдзеле Беларускага відэацэнтра і страўні «Камяніца». Там шмат навуковай інфармацыі, але яна пададзеная ў забаўляльнай манеры. У кадры няма ніводнага муляжа, усе прадукты натуральныя. Шэраг страў, якія гатуюцца ў фільме, будуць прадстаўленыя і на дэгустацыі».
Усе выручаныя сродкі — на захаванне будынкаў музея
«Квіткі на фэст ужо паступілі ў продаж і каштуюць сімвалічныя 30 тысяч. Сёлета іх можна набыць на сайце kvitki.by, а таксама ў дзень фэста, 7 верасня, на тэрыторыя музея. Мы зробім некалькі кас, каб не было чэргаў і ўсім нашым наведнікам было камфортна», — адзначыла дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка.
Па яе словах, галоўная мэта музея — падтрымка ўнікальных помнікаў архітэктуры ў прэзентабельным выглядзе: «Дзякуючы фэсту, мы адрэмантавалі 21 помнік народнай архітэктуры. Важна абараніць пабудовы ад вільгаці. Мы зрабілі вялікую справу — цалкам перакрылі 21 страху. На сённяшні момант рэстаўрацыя працягваецца. Падчас фэста на тэрыторыі музея мы паставім скрынкі, у якія можна будзе пакласці свае ахвяраванні для захавання нашых будынкаў. Такім чынам, усе выручаныя ад «Камяніцы» сродкі мы пускаем на захаванне нашай гістарычнай спадчыны».
Гаворачы пра колькасць наведнікаў музея, Святлана Лакотка назвала лічбу 60 тысяч чалавек штогод: «Гэта не вельм шмат у параўнанні з іншымі музеямі. Але, паколькі наш комплекс зроблены толькі на 25 адсоткаў ад задуманага намі, то і гэтая колькасць зусім някепская».
На мінулую «Камяніцу» толькі па квітках прыйшло больш за тры тысячы чалавек. Сёлета чакаецца большая колькасць людзей.
«Важна, каб нашы этна-фэсты ўтваралі адну плынь»
Лідар гурта «Палац», вядучы і куратар фестывалю Алег Хаменка адзначыў: «Наша мэта — перадусім прадставіць беларускую культуру, беларускую музыку. Але, калі гаварыць шчыра, знакамітых імёнаў у беларускай фольк-музыцы пакуль што небагата. Усяго пяць калектываў, якія збіраюць залы па квітках. Паколькі для фэсту важна, каб былі імёны, то мы вымушаныя паўтарацца, хоць нашай задачай было штогод прадстаўляць сцэну розным музыкам. Так, сёлета на асноўнай сцэне выступяць «Стары Ольса» і «Палац», якія ўжо бралі ўдзел у «Камяніцы».
Хаменка падкрэсліў, што важнай задачай для яго як арганізатара этна-фэсту з’яўляецца ўключыць «Камяніцу» у агульны рух: «У нас ладзіцца некалькі этна-фэстаў. Трэба, каб «Вольнае паветра», «Млын», «Камяніца» ўяўлялі сабой агульную музычную плынь, каб не былі самі па сабе. Калі «Вольнае паветра» — гэта новае этна, то «Камяніца» — сучасны фальклор.
Самае галоўнае на такіх фестывалях — стварыць прастору, настрой, важна, каб наведнікі адчувалі асяроддзе. Калі ты прыходзіш і бачыш моладзь у нацыянальных строях — у цябе зусім іншы настрой, іначай пачынаеш успрымаць беларускую музыку».
«Камяніца» як вялікая музычная гісторыя без паўз
У другі дзень, 7 верасня, чакаецца насычаная праграма. На тэрыторыі музея будуць працаваць дзве сцэны — дарослая і дзіцячая, разнастайныя пляцоўкі і традыцыйны горад майстроў. Наведнікаў чакае кулінарны майстар-клас ад страўні «Камяніца» з дэгустацыяй. Не абыдзецца і без дэфіле ў нацыянальных строях, якое абяцае быць незвычайным.
Алег Хаменка распавёў, што палова выступоўцаў будзе з Беларусі, палова — замежныя госці. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты «Палац», «Стары Ольса», Guda, а таксама госці: «Даха-Браха» (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Hvarna (Расія) і «Фолкнери» (Украіна).
«Я вельмі ўдзячны гурту «Даха-Браха», які пагадзіўся выступіць. У іх надзвычай цікавая праграма. Таксама хачу адзначыць гурт «Фолкнери», які паказвае, як можна глядзець на фолк вачыма зухаватага падлетка. Гэта тое, чаго, на мой погляд, не хапае беларускай музыцы», — адзначый Алег Хаменка.
У другі дзень фэста будзе працаваць і дзяцячая сцэна, якая збярэ калектывы з розных куткоў Беларусі.
«Сёлета мы вырашылі зрабіць дзіцячую сцэну больш сканцэнтраваный. Мы запрасілі пяць гуртоў — было вырашана не рабіць так шмат выступаў, як ў мінулым годзе, — кажа лідар гурта Shuma, куратар дзіцячай сцэны Руся. — Мы паставім сцэны не так далёка, як тое было год таму, а насупраць адна адной. Пакуль на вялікай сцэне будуць адбывацца перапынкі паміж выступоўцамі, наладка інструментаў, будуць спяваць дзеткі. Такім чынам, фэст ператворыцца ў вялікую музычную гісторыю без паўз».
Руся выказала спадзеў, што яны з Алегам Хаменкам створаць «добры тандэм вясёлых вядучых», а таксама паабяцала, што «Камяніца» будзе вельмі разнастайная і цікавая! Сумна не будзе нікому!».
Па традыцыі, уваход у нацыянальных строях бясплатны. Хаменка лічыць, што варта ўводзіць жорсткі дрэс-код для наведнікаў фэста: «80 адсоткаў людзей прыходзяць не на музыкаў паглядзець, а на сабе падобных, таму на фэстах самае важнае — публіка. Пакуль што дрэс-код немагчыма ўвесці ні на якім беларускім фестывалі, але я думаю, што праз пару год мы зробім жорсткі дрэс-код — нацыянальныя строі».