Бацькоўскай зямлі адданы
05.09.2013
—
Новости Культуры
|
Зазірніце ў Чурылава, і мясцовыя вяскоўцы з гонарам скажуць, што родам адсюль Васіль ШЫРКО Нямала слаўных куточкаў ёсць на зямлі беларускай, аднак калі мець на ўвазе з іх салаўіныя, песенныя, што далі жыццё пісьменнікам, дык Уздзеншчына, бадай, на першым месцы. Паспрачацца з ёй можа хіба Случчына, аднак няма і там ніводнай вёскі, дзе б нарадзіліся два лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі. А на Уздзеншчыне — калі ласка. Зазірніце ў Чурылава, і вяскоўцы з гонарам скажуць, што з іхняй вёскі родам Алесь Якімовіч і Васіль Шырко. Алесь Якімовіч, як вядома, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускай дзіцячай літаратуры, а Васіль Шырко — наш сучаснік, пісьменнік шматграннага таленту, які днямі адзначыў 65-годдзе. Чурылаўцы з задавальненнем пакажуць вам хату, у якой ён нарадзіўся і ў якой прайшло яго маленства і юнацтва. Раскажуць, што яго бацька Аляксандр Аляксандравіч быў выдатным цеслем, працаваў брыгадзірам будаўнічай брыгады саўгаса «Уздзенскі». Аднак не толькі гэтым праславіўся. Ён ведаў на памяць многія творы беларускіх пісьменнікаў, з чытаннем іх выступаў нават па радыё і тэлебачанні. Маці ж Ніна Васільеўна шчыравала ў паляводстве, паказваючы прыклад самаадданай працы іншым. Так што было Васілю Шырко ад каго пераймаць працавітасць, настойлівасць, як і было ў каго з малых яшчэ гадоў вучыцца, як трэба любіць і шанаваць роднае слова, матчыну мову. Дый у час вучобы ў школе, а ў яго іх было ажно тры: Чурылаўская пачатковая, Зенькавіцкая васьмігодка і Уздзенская сярэдняя школа, гэтую любоў яму прывівалі настаўнікі. Таму пытання, куды паступаць, для Васіля Шырко не было: скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як і шмат хто з сучасных пісьменнікаў, пачынаў з паэзіі. Вершам «Дзеду, мілы мой дзеду…» ў 1967 годзе, а гэта быў год ягонага атрымання сярэдняй адукацыі, дэбютаваў на старонках газеты «Чырвоная змена». Сваёй паэтычнай свежасцю, шчырасцю асабліва ўразіла яго падборка ў восьмым нумары часопіса »Маладосць» за 1968 год. Праўда, паэтам Васіль Шырко ўсё ж не стаў, хоць з паэзіяй канчаткова і не развітаўся. Ён стаў выдатным публіцыстам, празаікам, дзіцячым пісьменнікам. Прычына адыходу ад паэзіі, бадай, у тым, што звязаў свой лёс з журналістыкай. Пяць гадоў працаваў карэспандэнтам «Сельской газеты» (сённяшняя «Белорусская нива»), быў рэдактарам, старшым рэдактарам, загадчыкам аддзела ў Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, загадваў аддзелам у часопісе «Полымя», потым былі газеты «Дзеці і мы», «Наша доля», часопіс «Беларуская думка». Цяпер Васіль Шырко — галоўны рэдактар часопіса «Белая вежа» — органа Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Калі дадаць службу ў арміі, то ўражанняў, цудоўнага ведання жыцця — больш чым дастаткова. Таму празаічныя творы Васіля Шырко такія глыбока праўдзівыя, надзённыя па сваім гучанні, а тое, пра што гаворыцца ў іх, псіхалагічна выверана. Найперш гэта тычыцца кніг, у якіх ён расказвае пра сваіх землякоў: «Дарагія мае землякі», «Зямлі бацькоўскай прыцягненне», «Сцяжына да людзей»… І, канечне ж, «Вунь чурылавец пайшоў», у якой столькі досціпу, што нельга не параўнаць яе са знакамітымі «Ніжнімі Байдунамі» Янкі Брыля, а калі сягаць далей, то з выдатным раманам малдаўскага пісьменніка Іона Друцэ «Цяжар нашай дабрыні». Як і ў згаданых аўтараў, у Васіля Шырко гэткі ж паглыблены псіхалагізм, мяккі лірызм, а галоўнае — творы прасякнуты нацыянальным каларытам. Чытаеш іх і далучаешся да стыхіі народнага жыцця, дыхаеш ягоным паветрам. Ад народнага побыту, гумару ідзе Васіль Шырко і ў кнігах для дзяцей «Дзед Манюкін не салжэ», «Дзед Манюкін і ўнукі», у якіх фальклорная аснова, але ў якіх і сваё бачанне, успрыманне навакольнага свету, дакладнае спасціжэнне жыцця людзей, сярод якіх нямала каларытных характараў. Паспяхова «абжывае» пісьменнік і прыгодніцкі жанр, што засведчылі яго аповесці «Брыльянтавая брошка», «Зелле ад скрухі», «Воўчыя грыбы». У апошні час Васіль Шырко напісаў шэраг кніг пра нашых выдатных сучаснікаў: «Шумі, мой лес», «На скрыжаванні дарог і вятроў», «Накаўт» і іншыя. Знаёмства з імі лішні раз пераконвае ў тым, што для сапраўднага пісьменніка ніколі няма праблемы, пра што пісаць. Тэмы яму падказвае сама рэчаіснасць. Яна ж дае і людзей, вартых таго, каб стаць героямі дакументальна-мастацкіх твораў. Адзін з іх, Васіль Дадалка («Накаўт») — сапраўдны герой нашага часу, які адчувае пульс яго і ўласным прыкладам паказвае, як і што неабходна рабіць, каб жыццё наша станавілася лепшым. А колькі такіх герояў на старонках двухтомніка «Зямля любові нашай», напісанага Васілём Шырко ў сааўтарстве, які ўдастоены прэстыжнай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Сапраўдны пісьменнік не можа без творчай працы. Таму і Васілю Шырко не сядзіцца дома. Ён шмат падарожнічае па Беларусі і за яе межамі. Прынамсі, апошнім часам пабываў у Курску, на Барадзінскім полі, наведаўся ў Гатчыну… Несумненна, што пасля гэтых паездак у яго народзяцца новыя творы. Якія — пакуль вядома толькі самому аўтару. А што яны будуць таленавітымі, сумнявацца не даводзіцца. Як і ўсё лепшае, што ўжо напісана ім. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зазірніце ў Чурылава, адкуль родам пісьменнік Васіль Шырко
|
|