Бібліятэчныя прыцемкі: конкурсы, латарэі і бібліякафэ
20.10.2013
—
Новости Культуры
|
Дзве бібліятэкі 11 кастрычніка ўпершыню запрасілі сваіх чытачоў на бібліятэчныя прыцемкі. Праходзілі яны ў гарадскіх бібліятэках №1 і №2, якія знаходзяцца ў Палацы культуры. Пасля 18 гадзін установы сустракалі сваіх сяброў упрыгожанымі: кветкамі, паветранымі шарыкамі, плакатамі. – Вядома, хваляваліся, як усё пройдзе, – кажа загадчыца гарадскога філіяла №1 Вілейскай раённай бібліятэкі Галіна Ражко. - Прыемна, што завітала шмат людзей. І атмасфера была не афіцыйная, а ўсё па-дамашняму. Напачатку правялі ўзнагароджанне найлепшых чытачоў па розных намінацыях. Самы тоўсты фармуляр аказаўся ў Святланы Астроўскай. Самая чытаючыя сям'я – у Тамары Валынец. У намінацыях “Папоўнім разам камерцыйны фонд” перамаглі Часлаў Лобач, “З любоўю да беларускай кнігі” – Наталля Радзевіч і Зінаіда Матусевіч, “За любоў і адданасць бібліятэцы” – Людміла Шчогалева, Таццяна Дубовік. Тыя з іх, якія завіталі на свята, прымалі Дыпломы і прызы. Прайшла сустрэча з вілейскім паэтам і выканаўцам песень Уладзімірам Цануніным, майстрыха Марыны Узгорак паказала свае працы: прыгожыя лялькі, карціны і іншыя вырабы. Адбыўся розыгрыш літаратурнай бяспройгрышнай латарэі. Вялікі поспех меў салон “Магія Кнігі”: ахвотныя называлі старонку і абзац з выбранага выдання і чулі прадказанне будучыні. На выставе “Рэтрасустрэчы” чытачы знаёміліся з кнігамі выдання 40-х, 50-х год мінулага стагоддзя. Гасцям разносілі пячэнні з прадказаннямі, працавала бібліякафэ. Там можна было пачаставацца кубачкам чаю ці кавы, пагартаць выданні з выставы “Смачныя кнігі”. – Чытачам было цікава, нават казалі, што тры гадзіны – гэта малавата, – адзначыла Галіна Ражко. – Будзем старацца праводзіць бібліятэчныя прыцемкі кожны год. Цікавымі мерапрыемствамі парадавалі юных чытачоў і іх бацькоў у гарадской бібліятэцы №2 (дзіцячай). Працавала кніжнае кафэ “Бяссонніца”, быў салодкі стол, розыгрыш латарэі “Бібліяфартуна”, гульня “Бібліяквест” па кнізе “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна”, фотасалон, дзе дзеці фатаграфаваліся з героямі гэтай казкі. А завяршылася ўсё на дварэ – запускам кітайскага ліхтарыка, да якога прымацавалі плакат “Жыві, кніга”. Алесь ВЫСОЦКІ. Фота забяспечана гарадской бібліятэкай №1 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзве бібліятэкі 11 кастрычніка ўпершыню запрасілі сваіх чытачоў на бібліятэчныя прыцемкі.
|
|