Спектакль паводле бестселера "Пахавайце мяне за плінтусам" паставілі ў Віцебску
19.11.2013 17:48
—
Новости Культуры
|
|
Як паведаміла TUT.BY кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Марына Пятрова, абодва прэм'ерных прагляда пройдуць пры поўным аншлагу.
Аповесць "Пахавайце мяне за плінтусам" літаральна ўзарвала расійскі кніжны рынак і набыла не проста культавы, а легендарны статус. Яе тыраж склаў больш за паўмільёны экземпляраў. У 2009 годзе на экраны выйшаў мастацкі фільм "Пахавайце мяне за плінтусам" (рэжысёр Сяргей Снежкін), дзе ролю жорсткай бабулі сыграла Святлана Кручкова, а ролю маці галоўнага героя, васьмігадовага хлопчыка, - Марыя Шукшына.
"Пахавайце мяне за плінтусам" апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева, які жыве разам з дэспатычнай бабуляй і слабахарактарным дзядулем. Дзіця, якога вучаць падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці, якая знайшла сабе новага мужа... І ўсё ж такі хлопчык дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет. У галоўнай ролі Сашы Савельева на вялікай сцэне Коласаўскага тэатра дэбютуе Раман Салаўёў, малады артыст тэатра, выпускнік Віцебскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў", - паведаміла Марына Пятрова.
Пераклад аповесці на беларускую мову зрабіў Пятро Ламан (ён жа, а таксама Валянцін Цвяткоў выступяць у ролі дзеда). У ролі бабулі на Коласаўскай сцэне - Валянціна Багданава і Тамара Скварцова, у ролі маці - Анжаліка Баркоўская і Ніна Обухава.
Раней сцэнічную версію "Пахавайце мяне за плінтусам" рабілі тэатры ў Санкт-Пецярбурзе, Чалябінску, Краснаярску, Вільнюсе.