Новы год з жыхарамі Шаркаўшчыны адсвяткуе талісман горада - Шарачок
18.12.2013 15:06
—
Новости Культуры
|
|
- Здаўна існуе паданне, быццам некалі жыў у нашых мясцінах дбайны, працавіты гаспадар, і было ў яго тры сыны. Малодшага за шэрыя вочы празвалі Шарачком. Калі прыйшла пара бацьку паміраць, падзяліў ён зямлю паміж братамі. Шарачку пашанцавала больш за іншых - на яго надзеле прабілася крынічка. Гаспадаром Шарачок быў, як і яго бацька, рупным, уладкаваў вакол крынічкі зруб, павесіў конаўку - піце, людзі! З таго часу пачалі сяляне казаць: пойдзем на Шаракоўшчыну, вады пап'ём. Адтуль і назва - Шаракоўшчына, Шаркоўшчына, Шаркаўшчына. Таму з'явілася ідэя зрабіць талісман нашага горада ў выглядзе Шарачка, - расказвае дырэктар Шаркоўшчынскага цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская.
Шарачок - сімпатычны вусаты дзядок, выраблены ўручную з лёну і іншых натуральных матэрыялаў. На галаве - яркі капялюш, за плячыма - ёмкая ношачка з ляснымі ды агароднымі дарамі. Працавалі над стварэннем лялькі малодшы навуковы супрацоўнік Шаркоўшчынскага цэнтра рамёстваў Людміла Сомава, метадыст Ірына Груніна, а дапамагалі - усе іх калегі.
Вялікі Шарачок - каля метра ў вышыню - стала "жыве" ў Доме рамёстваў, дзясяткі ж яго маленькіх копій ужо раз'ехаліся па раёне і не толькі. Сувенір-ахоўнік карыстаецца попытам у жыхароў гарадскога пасёлка і яго гасцей.
А нядаўна Шарачок займеў сваю рэзідэнцыю. Знаходзiцца яна недалёка ад райцэнтра ў маляўнічым лясным кутку і хутка чакае першых юных наведвальнікаў. У пераднавагоднія дні ў прыгожым драўляным дамку разам з гаспадаром Шарачком вітаць гасцей будуць Дзед Мароз са Снягуркай і многія іншыя казачныя персанажы. Забаў падрыхтавана шмат: спевы, гульні, танцы, вясёлыя сюрпрызы, катанне на санках і конях. Галоўнае, каб надвор'е не падвяло, парадвала сняжком ды марозцам.
Расклад навагодніх імпрэз у гасцях у дамавёнка Шарачка можна паглядзець тут.