Святы крыж Ядвігі Пастэрнак. 21.by

Святы крыж Ядвігі Пастэрнак

24.12.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

НЕЗВЫЧАЙНЫ падарунак перад каталіцкім Раством атрымала жыхарка вёскі Муляры Вілейскага раёна Ядвіга Пастэрнак. У нядзелю ёй урачыста ўручылі ліст з падзякай Папы Рымскага Францыска.

«ЯГО Святасць Францішак скіроўвае найлепшыя пажаданні спадарыні Ядвізе Пастэрнак і выказвае ўдзячнасць за шчырае служэнне касцёлу. Моліцца асаблівым чынам, каб над Вамі пастаянна ззяла ажыўляючае святло Евангелля, а таксама з радасцю кіруе спецыяльнае апостальскае бласлаўленне, каб падмацоўваючыся шчодрымі нябеснымі ласкамі Вы маглі працягваць шчыра сведчыць веру і Евангельскую любоў», — сказана ў дакуменце, датаваным 11 кастрычніка 2013 года.

— Я нават не магу перадаць словамі свае пачуцці, сваю радасць ад гэтай падзеі! — паведаміла карэспандэнту «БН» 86-гадовая Ядвіга Віктараўна. — У касцёле ў гэты момант сабралася столькі людзей, быў прадстаўнік Ватыкана, беларускія светары, усе мяне віншавалі, прыехаў мой пляменнік з Мінска.

УСЁ сваё жыццё, з самага нараджэння Ядвіга Пастэрнак правяла ў роднай вёсцы Муляры. Яна была самай малодшай, дзявятай у сям’і. У дзяцінстве траўміравала нагу, стала інвалідам, хадзіла з мыліцамі, таму не змагла атрымаць адукацыю. Скончыла шэсць класаў польскай школы, а калі прыйшла савецкая ўлада, яшчэ год хадзіла ў школу — вучыла рускую мову. Каб вучыцца далей, трэба было хадзіць у вёску далёка ад дома, а з мыліцамі гэта было немагчыма. Таму дзяўчына вырашыла атрымаць прафесію. А паколькі яе бацька быў краўцом, ён узяўся яе вучыць. Так і працавала ўсё жыццё дома: каму спадніцу пашыць, каму кашулю.

А пасля вайны здарылася радасная падзея: з’явіўся ў Вілейцы вельмі добры ўрач. Прыехала да яго Ядвіга, ён паглядзеў на яе нагу і абяцаў дапамагчы. Была аперацыя, доўгая рэабілітацыя, пасля трэба было вучыцца ступаць абедзьвума нагамі, і з таго часу яна ходзіць без мыліц.

— За 18 кіламетраў у касцёл пешшу хадзіла, ды і зараз з лёгкасцю рухаюся, дзякуй Богу, — кажа яна.

Вера заўсёды падтрымлівала Ядвігу Віктараўну ў яе жыцці. А яна імкнулася зрабіць так, каб як мага больш людзей жылі з Богам у сэрцы: нават у савецкія часы адзначала рэлігійныя святы, малілася за нябожчыкаў, аднавяскоўцы і людзі з суседніх вёсак сталі запрашаць яе, каб асвяціць магілы родных.

А аднойчы нават выратавала і захавала крыж з касцёла. У суседняй вёсцы Дубава быў касцёл. Ксёндз да яго не даяз- джаў, але прыхаджане з навакольных вёсак збіраліся сюды на малітвы. Дзесьці ў 60-я гады мінулага стагоддзя ўлада вырашыла касцёл разбурыць. А Ядвіга ў той час з сёстрамі была недалёка ў ягадах.

— Гляджу — на ўзгорку крыж ляжыць, пагнуты ўвесь, вялікі, метры два ў вышыню. Узялі яго з сёстрамі, пацягнулі дадому, — узгадвае яна. — Занеслі ў кузню, папрасілі кавалёў, каб тыя яго адрамантавалі, і з тых часоў дома захоўвалі.

Калі ж у 1990 годзе ў Вілейцы адкрываўся касцёл, Ядвіга Віктараўна прапанавала свой крыж ксяндзу. І зараз выратаваны ёю крыж упрыгожвае капліцу.

СЁННЯ Ядвіга Пастэрнак жыве адна. З блізкіх у яе застаўся толькі пляменнік, які жыве і працуе ў Мінску. Па гаспадарцы дапамагае сацыяльны работнік. Але жанчына заўсёды сярод людзей, у цэнтры духоўнага жыцця роднага куточка.

— Ведаю Ядвігу Віктараўну больш за дзесяць гадоў, з таго часу, як прыехаў у Вілейку. І заўсёды яна — лідар і арганізатар духоўнага жыцця мясцовага насельніцтва. Кантактуе са святарамі, арганізоўвае людзей, калі да іх у вёску прыязджае ксёндз, бо касцёла ў Мулярах няма, — расказвае ксёндз Аляксандр, настаяцель касцёла Узвіжання Святога Крыжа. — Бог, вера для яе — гэта жыццё. Я заўсёды імкнуся прыслухоўвацца да яе разважанняў. І раю іншым паназіраць за яе малітвамі, каб абагаціцца духоўна.

— Мы вельмі рады, што Папа Францішак такі блізкі да Беларусі і што ён вырашыў у асобе гэтай жанчыны падтрымаць усё старэйшае пакаленне, якое захоўвала, падтрымлівала і развівала веру, нягледзячы на ганенні, якім падвяргаліся вернікі на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў, — расказалі карэспандэнту «БН» у прэс-службе Беларускай Каталіцкай Царквы.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота Марыі КУЗАЎКІНАЙ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
НЕЗВЫЧАЙНЫ падарунак перад каталіцкім Раством атрымала жыхарка вёскі Муляры Вілейскага раёна Ядвіга Пастэрнак. У нядзелю ёй урачыста ўручылі ліст з падзякай Папы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика