Дама збiрала багаж
31.01.2014
—
Новости Культуры
|
Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш рыхтуецца расчыніць свае дзверы ўжо ў дваццаць першы раз. Адкрыццё адбудзецца 5 лютага. Свой удзел пацвердзілі выдаўцы і літаратары дваццаці трох краін. Цікава, а што прапануюць мясцовыя аўтары? На днях на вулiцы сустрэлася з адной даўняй знаёмай якраз ля кнігарні. «Па новае чытво спяшаешся?» — пытаюся. «Не, — адказвае. — Трэба памаду купіць. Крама ж во — побач. На адпачынак збіраюся…» Пагаварылі ні аб чым, на развітанне кажу: «Можа, усё ж пойдзем паглядзім, якія новыя кнігі з’явіліся?» — «Ды няма там чаго глядзець…» Нам ёсць што паказаць, сцвярджае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. У мінулым годзе члены гэтага грамадскага аб’яднання выдалі каля 180 кніг розных тэматыкі і жанраў. Мікалай Іванавіч не хавае, што сёння гэта справа складаная: каб надрукаваць твор і заахвоціць аўтара, трэба шукаць спонсараў. Ёсць цяжкасці і з рэалізацыяй прадукцыі. І не таму, што яна дрэнная, нецікавая. Проста не хапае рэкламы. Я заўсёды лiчыла, што беларускiх аўтараў амаль не чытаюць. Але Чаргiнец з гэтым не згодзен. Пiсьменнiкi склалi спiс з сарака васьмі прадстаўнікоў саюза, накіравалі яго ва ўсе бібліятэкі краіны і папрасілі даць адказы на пытанні, ці ёсць у іх творы гэтых аўтараў, як часта іх бяруць? Высветлілася, што за адпаведны перыяд было два з паловай мільёны запытаў. Гэта значыць, што нашых пісьменнікаў усё ж чытаюць, цікавяцца. Але кнігі, як і любы тавар, трэба «раскручваць». Літаратары робяць, што могуць. Не адмаўляюцца ад сустрэч з чытачамі, ездзяць да іх у рэгіёны. Зноў жа на гэта таксама патрэбны грошы. Прыходзіцца звяртацца да спонсараў. «Багатыя людзі не вельмі ахвотна адклікаюцца на нашы просьбы», — канстатуе Мікалай Чаргінец. Чалавек, які гатовы ахвяраваць грошы на культуру, павінен сам быць блізкім да гэтага. Мікалай Іванавіч расказаў пра такога: унук вядомага рэжысёра і народнай артысткі СССР, яго продкі па іншай лініі — таксама заслужаныя людзі, іх імя носіць адна з вуліц Мінска. Прозвішча? Чалавек робіць гэта не дзеля славы, а дзеля мастацтва, таму просіць не называць яго. Што яшчэ можа дапамагчы нашай літаратуры выйсці з ценю? Сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу тэлебачанне. «Чаму людзі не ведаюць нашых пісьменнікаў у твар?» — задаецца пытаннем Мікалай Чаргінец. І яно справядлівае. Няўжо нейкая салодкагалосая спявачка, якая амаль штодзень мільгае на блакітных экранах, зрабіла для дзяржавы больш, чым, скажам, пісьменнік-франтавік Алесь Савіцкі ці паэтэса Валянціна Паліканіна? Вядома ж, не. Таму старшыня саюза, яго намеснікі і стукаюць ва ўсе дзверы. На жаль, не ўсе адчыняюцца. Сапраўды, кніга сёння — дарагое задавальненне. Гадоў трыццаць таму, памятаю, да каго з сябровак не зайдзі — ва ўсіх шафы запоўнены зборамі твораў таго ці іншага аўтара. І мае бацькі таксама ганяліся за каштоўнымі кніжкамі. Тамы Салтыкова-Шчадрына і Мележа і сёння стаяць на самым відным месцы. Не магу сказаць, што родзічы заўзятыя чытачы, бяруць кнігу ў рукі час ад часу. Яны, хутчэй, калекцыянеры. Раней мець збор твораў Пушкіна, Дзюма ці Бальзака было вельмі прэстыжна. Сёння на кніжных паліцах у кватэрах стаяць у лепшым выпадку Данцова ці Усцінава, у горшым — сувеніры з Турцыі і Егіпта. Вось на паездку ў замежныя краіны людзі гатовы аддаць апошнія грошы. Балазе выбар турпуцёвак зараз разнастайны, рэкламы хапае. У літаратуры ўсё наадварот. А вось чаму б, збіраючыся ў гарачы Егіпет, не ўзяць з сабой новую кнігу Чаргінца, а дзецям не пакласці ў багаж што-небудзь з Зэкава ці Пазднякова? Упэўнена, яны на пляжы больш дарэчы, чым новая памада. І на Мінскую міжнародную выстаўку-кірмаш трэба абавязкова схадзіць хаця б дзеля таго, каб выбраць, што вы будзеце чытаць у адпачынку. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінская кніжная выстаўка-кірмаш расчыніць дзверы ў 21-ы раз
|
|