Нарэшце падведзены вынікі конкурсу эскізных праектаў помніка Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу. Па звестках Міністэрства культуры, пераможцай стала работа дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Сяргея Логвіна.
Лёс помніка народнаму артысту СССР, які збіраліся ўстанавіць на яго радзіме, доўгі час быў пад пытаннем: журы ніяк не магло вызначыць лепшы эскіз, бо не было годнага. Конкурс двойчы прадоўжвалі. І вось нарэшце тое, што шукалі! Усяго было пададзена шаснаццаць праектаў.
Як аказалася, Сяргей Анатольевіч удзельнічаў у конкурсе ад самага яго пачатку. Ён прапанаваў на суд журы бюст Мулявіна, які зрабіў амаль дзесяць гадоў таму. Пасля смерці музыканта Логвін спадзяваўся, што менавіта яго работа будзе ўстаноўлена на магіле стваральніка "Песняроў", але ў тым конкурсе гэты эскіз заняў другое месца.
І вось прыйшоў яго час. Праўда, спачатку журы адхіліла гэты варыянт: шукалі не бюст, а фігуру. Логвін дапрацаваў эскіз і ў выніку стаў пераможцам.
- Я вельмі паважаў Мулявіна, мне падабаецца яго творчасць, - тлумачыць ідэю стварэння скульптуры Сяргей Анатольевіч. - Шмат разоў бываў на яго канцэртах. Цікава, што двойчы сутыкаўся з ім твар у твар. Як ні дзіўна, двойчы гэта адбывалася ў цягніку. Памятаю, што аднойчы "Песняры" ехалі ў канцэртных касцюмах, магчыма, былі адразу пасля выступлення. Мулявін стаяў ля купэ, я спыніўся, закурыў, каб лепш разглядзець вялікага спевака. Магчыма, менавіта з той паездкі і захаваўся ў маёй памяці яго вобраз.
Зараз скульптар рыхтуецца да паездкі ў Екацярынбург. Ужо на месцы з улікам пажаданняў архітэктара вырашыцца, як бронзавы помнік будзе выглядаць у канчатковым варыянце. Ён будзе ўстаноўлены ў скверы каля кінатэатра "Космас", дзе "Песняры" неаднаразова выступалі. Плануецца, што там будзе алея знакамітых людзей.
Нарэшце падведзены вынікі конкурсу эскізных праектаў помніка Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу. Па звестках Міністэрства культуры, пераможцай стала работа...