Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ (Белтэлерадыёкампанія): «Мая мара – каб жыццё ў глыбінцы не адрознівалася ад жыцця ў горадзе»
12.04.2014
—
Новости Культуры
|
«І тут няма нічога супярэчлівага. Таму што на ўскраіне горада, недалёка ад Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў саўгасе «Полацкі» працавала мая мама. У гэтай гаспадарцы вырошчвалі гародніну і саджанцы пладовых дрэў. Так што я — чалавек саўгасны. І, нягледзячы на тое, што хадзіў у гарадскую школу, але побыт у нас быў абсалютна сялянскі. Грубка ў нашай хаце мелася, дровамі яе палілі… Было і сорак сотак бульбы. Дарэчы, я вельмі любіў яе саджаць, але не любіў капаць. Стараўся збегчы (смяецца)».
— Мая маці да пенсіі шчыравала ў саўгасе «Полацкі». А калі я працаваў у мясцовай газеце «Сцяг камунізму», то часта выязджаў у вёску. Пісаў матэрыялы і па сельскай гаспадарцы, і пра вясковыя клубы. Стаў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё, таксама кожны тыдзень быў у вёсцы. У мяне шмат знаёмых старшынь калгасаў, простых працаўнікоў сельскай гаспадаркі. І сёння падтрымліваю з імі сувязі, — працягвае Навум Гальпяровіч. — Ёсць у Полацкім раёне гаспадарка «Кушлікі», раней — калгас імя Дзяржынскага. Там кіруе Фёдар Фёдаравіч Завадскі, якога ведаю з таго часу, як ён у дваццаць пяць гадоў стаў самым маладым старшынёй. Я сустракаўся з ім, шмат пісаў пра гэтую гаспадарку. І мінулым летам мы з галоўным рэдактарам часопіса «Гаспадыня» Зіновіем Прыгодзічам наведваліся ў «Кушлікі»… А калі казаць пра маіх землякоў, то, напрыклад, намесніка старшыні Полацкага райвыканкама Пятра Мяфодзьевіча Пяткевіча памятаю як дырэктара саўгаса «Зялёнка», дзе я рабіў рэпартажы. А Мікалая Мікалаевіча Шаўчука — старшыню Полацкага райвыканкама — памятаю як галоўнага інжынера саўгаса. З ім у свой час таксама сустракаўся. Так што з вёскай мяне звязвае дастаткова многае. Дарэчы, на мяжы Полацкага і Ушацкага раёнаў, у вёсцы Зыкова стаіць мая дача, якая куплена даўным-даўно. У свой час я туды перавёз цешчу з Палесся, з Лунінецкага раёна. Люблю там бываць. — Навум Якаўлевіч, на вашу думку, ці можна звязаць такія паняцці, як «вёска» і «радыё», «вёска» і «тэлебачанне»? — Канешне, можна. Больш за ўсё водгукаў на мае радыёперадачы паступае ад вяскоўцаў — слухачоў Першага канала радыё. І, больш таго, калі прыязджаю ў любы раён і прыходжу ў сельскую бібліятэку, там мяне ведаюць. Таму што слухаюць радыё! Сёння адна з вялікіх праблем на вёсцы — знікае правадное радыёвяшчанне. А для пажылых людзей яно — адзінае акно ў свет. І такога добразычлівага, удзячнага слухача для радыё нідзе не знойдзеш, толькі на вёсцы… Сёння і тэлевізар ёсць у кожнай хаце. І таму абавязкова трэба клапаціцца, каб чалавек у вёсцы атрымліваў такі ж самы пакет паслуг радыё і тэлебачання, як у горадзе. Мая мара — каб жыццё ў глыбінцы не адрознівалася ад жыцця ў абласным цэнтры ці ў сталіцы. Ва ўсякім выпадку, не так рэзка адрознівалася. — Ці не згубіць Беларускае радыё сваю аўдыторыю, калі будуць адключаць правадное радыё? — Мы пра гэта думаем і стараемся, каб не зменшылася наша аўдыторыя. Ад Беларускага радыё не залежыць тэхнічнае пытанне. Але ад нас залежыць, наколькі цікавыя будуць праграмы. І наша задача — зрабіць іх такімі. І калі ў эфіры з’яўляюцца канкурэнты, то, канешне, трэба больш клапаціцца і пра якасць перадач, каб яны былі прываблівыя, маглі задаволіць патрэбы і моладзі, і пажылых людзей. Каб Беларускае радыё было спадарожнікам і верным сябрам… — Як вы паспяваеце ўсюды: і на радыё, і на тэлебачанне? Увогуле, ці адказна працаваць у такіх сродках масавай інфармацыі? — Безумоўна, адказна. Часам мне можна было і менш займацца творчасцю, таму што ёсць шмат адміністрацыйных абавязкаў. Але творчасць для мяне — гэта вельмі важна. Памятаю, калі прыехаў у Мінск і пэўны час працаваў намеснікам рэдактара часопіса «Вожык», а потым і намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, то ўвесь час думаў: няўжо ніколі не вярнуся на радыё? Таму што мне карцела заняцца журналістыкай. І сёння многа раблю творчай працы, бо мне гэтага хочацца, а не таму, што мяне прымушаюць абставіны ці службовыя абавязкі. І калі прапанавалі весці перадачу «Дыя@блог», з задавальненнем згадзіўся. Гэта вельмі цікавая «дзялянка». Сустракаюся з многімі вельмі шаноўнымі людзьмі. І баліць душа за развіццё нашых мовы, культуры. І ў нас вельмі добрыя размовы атрымліваюцца. І тое, што гледачы пішуць вельмі многа і звяртаюцца на мой блог з клопатам пра родную мову, таксама натхняе на працу. А што тычыцца абавязкаў на радыё, вяду на Першым нацыянальным канале праграмы «Раніца з Беларускім радыё», «Роздум», удзельнічаю ў праекце «Такі дзень». На радыё «Беларусь» не толькі кірую, але з Таццянай Сівец вяду праект «Зямля, што нам дадзена лёсам», а яшчэ і штотыднёвую інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэха падзей». Радыё «Беларусь» — любімае дзіця. Калі ў 2004 годзе стаў дырэктарам радыёстанцыі, яна працавала на чатырох мовах чатыры гадзіны ў суткі. Сёння мы працуем круглыя суткі на васьмі мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай і кітайскай. Вельмі цікава распавядаць пра Беларусь замежнаму слухачу. І, вядома, атрымліваем шмат водгукаў. Дарэчы, шырока выкарыстоўваем Інтэрнэт. У нас там свой сайт, таксама на васьмі мовах. — Навум Якаўлевіч, што пішуць беларусы, якія жывуць за мяжой? — Слухачам расказваем пра Беларусь. Заўсёды гавару супрацоўнікам: каб добра расказваць, трэба любіць тое, пра што ты гаворыш. Трэба любіць сваю краіну, людзей, бачыць тое добрае, што ў нас ёсць. І калі нам часам гавораць, што ў радыёэфіры ідуць толькі пазітыўныя аповеды, то адказваю: калі распавядаюць пра свой дом, то ніколі не гавораць, што недзе там павуцінне, ці не падмецена. Распавядаюць пра самае лепшае. Тым не менш мы гаворым і пра праблемы, якія ў нас існуюць. І як яны вырашаюцца. І калі гаворым пра самыя розныя аспекты нашага жыцця, то з тым пачуццём, каб людзі, якія слухаюць пра Беларусь, даведаліся аб ёй больш. — Вяртаючыся да пректа «Дыя@блог». На вашу думку, ці сувымерная цікавасць слухачоў і гледачоў да роднай мовы, як да пытанняў сацыяльных, палітычных? — Пытанні мовы цікавяць беларусаў, для многіх яны вельмі важныя, але пра іх трэба гаварыць добразычліва, спакойна. Нам важна распавесці пра тыя аспекты мовы, якія сёння менш ведаюць. Мы бачым, што праграма «Дыя@блог» выклікае дастаткова вялікую ўвагу ў многіх тэлегледачоў. Яны з павагай ставяцца да беларускай мовы. Гэта радуе. І мы падкрэсліваем у кожнай праграме: тое двухмоўе, якое ў нас існуе, — гэта вялікі здабытак, паказчык, што беларусы — людзі высокаадукаваныя, культурныя, бо ведаюць дзве мовы. Яны ўзбагачаюць наш духоўны свет. Многія памылкі ў моўных пытаннях ідуць ад навязвання, спешкі, націску. А калі гаварыць з любоўю, доказна, памяркоўна, то гэта даходзіць да людзей. І многія мае суразмоўцы заўважаюць, што калі яны гавораць на вуліцы па-беларуску, то іх падтрымліваюць, ставяцца да гэтага з прыязнасцю. — У апошняй праграме «Дыя@блог» вы з вядомым беларускім літаратуразнаўцам Адамам Мальдзісам разважалі пра трасянку. Гэта, мабыць, не зусім добрая з’ява для развіцця нашай мовы? — Тут ёсць розныя пункты гледжання. Прафесар Мальдзіс казаў, што ён супраць трасянкі, таму што гэта не чыстая мова. Некаторыя сцвярджаюць, што трасянка — пераходная мова да авалодання той ці іншай мовай. Я лічу, што гэта народныя гаворкі. І для мяне яны — родная мова. Напрыклад, паляшук, які выдатна гаворыць па-беларуску, прыязджае дадому і з бацькамі ў сваёй вёсцы размаўляе на палескім дыялекце. І гэта натуральна. Таму што там так прывыклі. Іншая справа, што калі чалавек выходзіць на трыбуну, піша артыкул, павінен імкнуцца гаварыць на правільнай літаратурнай мове. Канешне, на захадзе ў мову людзей ўплятаюцца польскія словы, на ўсходзе — рускія. І нельга патрабаваць ад васьмідзесяцігадовай бабулі, каб яна, як Колас, Купала, Шамякін, размаўляла на чыстай літаратурнай мове. Яна размаўляе так, як прывыкла з дзяцінства. Але калі настаўнік, журналіст, пісьменнік будзе гаварыць на трасянцы — гэта непрыгожа, сведчыць пра тое, што ён мову не ведае. — Кажуць, што праблемы моўныя — псіхалагічныя. Многія ведаюць беларускую мову, але не ў кожнай канкрэтнай сітуацыі могуць яе выкарыстаць… — Згодзен. Ёсць беларусы, для якіх родная мова знаходзіцца ў пасіўным ужытку. Яны яе ведаюць, ёй валодаюць, але ў побыце, у звычайных стасунках не карыстаюцца. Некаторыя саромеюцца размаўляць на роднай мове. Ім здаецца, што яны могуць няправільна гаварыць, што іх беларускі слоўнікавы запас менш багаты, чым рускі. Людзям проста трэба дапамагчы ў гэтым сэнсе трохі раслабіцца. І менш псіхалагічна камплексаваць. Дарэчы, і ў расіян праскокваюць беларускія словы, выразы. І людзі гэтага не заўважаюць. Часам беларусам здаецца, што іншыя мовы — лепшыя, прыгажэйшыя. Але наша мова не горшая, і мы — не горшыя. І ў культуры, і ў навуцы, і ў спорце. Трэба любіць сваё і не старацца пераймаць чужое. — Нягледзячы на праблемы з выкарыстаннем роднай мовы, у Інтэрнэце пішуць, што ў апошні час яна стала даволі папулярнай. Нават сярод бізнесменаў, якія называюць свае прадпрыемствы беларускімі словамі. На вуліцах Мінска стаяць рэкламныя шчыты «Смак беларускай мовы». Родная мова пранікае ў розныя сферы, дзе яе раней не было... — Гэта вельмі добра. Слушны шлях. Так атрымалася гістарычна, што беларускую мову яшчэ ў часы Францішка Багушэвіча лічылі мужыцкай, сялянскай. А ў горадзе больш выкарыстоўваліся польская і руская мовы. Але сёння вёска і горад параўняліся. І гаварыць, што беларуская — гэта вясковая мова, не даводзіцца. Гэта мова ўсяго народа. А паколькі Інтэрнэт і новыя сродкі камунікацыі пашыраюць веды, то новы этап вяртання мовы пойдзе з горада, ад паспяховых, адукаваных людзей… — Але ж, не сакрэт, што беларускамоўныя школы — гэта у асноўным вёска. І атрымліваецца, што родная мова больш жыве ў глыбінцы, чым ў горадзе. — Гэта добра, што на вёсцы ўсе школы — беларускамоўныя. Трэба да гэтага падцягваць і горад. Але ўсе ведаюць, што мову навучання ў нас выбіраюць бацькі. Таму трэба як мага больш прапагандаваць родную мову сярод дарослых. — Яшчэ пытанне да вас як да паэта. Не сакрэт, што многа пішуць вершаў пра вёску. А вось ці ёсць сёння вясковая проза? — Ёсць. Сярод аўтараў магу назваць імя Андрэя Федарэнкі. Яго аповесць так і называецца — «Вёска». Уладзімір Саламаха піша на гэтую тэму… Паколькі Янка Сіпакоў у свой час сказаў: «Усе мы з хат», то беларуская літаратура ў многім выражае вясковы менталітэт. Але многія, хто пакідае вёску і едзе вучыцца ў горад, потым рэдка звяртаюцца да сельскіх праблем. І пра сённяшняе жыццё вёскі глыбока і ярка павінен і можа напісаць толькі той, хто добра ведае яе праблемы, хто жыве сёння там. Таму што многія пісьменнікі пішуць настальгічныя творы пра вёску, якой ўжо няма. — Апошняе пытанне. Як вы бачыце заўтра радыё і тэлебачання? — Хачу бачыць толькі росквіт, толькі далейшае развіццё. Зычу ім выдатнага плёну. Таксама хочацца, каб беларуская мова больш шырока ўкаранялася, знайшла ўвасабленне ў практычным, культурным жыцці, каб яе было больш у музычных, тэатральных творах, а таксама ў побыце, на плакатах, на радыё і тэлебачанні. Лічу, што заўтра яна набудзе новае аблічча, атрымае новае дыханне, больш сучаснае. Між іншым, мы недаацэньваем ролю журналіста. У тых пытаннях, якія мы сёння закранулі, асабліва ў моўных, вельмі вялікая роля менавіта яго. Калі журналіст будзе паказваць цудоўнае валоданне родным словам, то гэта таксама вялікі ўнёсак у развіццё нашай культуры і мовы. — Навум Якаўлевіч, дзякуй за цікавую сутрэчу! Усяго найлепшага! Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«І тут няма нічога супярэчлівага. Таму што на ўскраіне горада, недалёка ад Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў саўгасе «Полацкі» працавала мая мама. У гэтай...
|
|