Напэўна, мала хто ведае, што ў 1919-1921 гадах ў правінцыйным горадзе над Заходняй Дзвіной сімфоніі выконвалі на адкрытым паветры. Было гэта ў перыяд існавання гарадскога сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Мікалая Малько. Мікалай Андрэевіч вучыўся па класах кампазіцыі ў Мікалая Рымскага-Корсакава, Анатоля Лядава і Аляксандра Глазунова. Ён кіраваў рознымі аркестрамі, у тым ліку Ленінградскім філарманічным. У 1925 годзе аркестр пад яго кіраўніцтвам упершыню выканаў першую сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча. Праз чатыры гады дырыжор пакінуў СССР. Працаваў у якасці запрошанага дырыжора ў Вене, Празе, Капенгагене, Лондане і іншых гарадах. Потым кіраваў сімфанічным аркестрам Сіднея, з якім у 1959 гастраляваў у СССР.
- Традыцыя даваць сімфанічныя канцэрты на вуліцы адноўлена ў сувязі з 25-годдзем Віцебскай абласной філармоніі. Вечарам 25 мая ва ўнутраным дворыку адбудзецца вечар сімфанічнай музыкі open air (на адкрытым паветры, - Аўт.). Выступіць сімфанічны аркестр філармоніі. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор - Уладзімір Бяляўскі. Кошт квітка - 50 тысяч рублёў, - паведамілі карэспандэнту "Звязды" ва ўстанове культуры.
Падчас святкавання юбілею таксама пройдуць вечары вакальнай, камернай музыкі і нацыянальнага мастацтва. У прыватнасці, адбудзецца канцэрт ансамбля танца, музыкі і песні "Талака", прысвечаны 20-годдзю калектыву. А падчас вечара камернай музыкі з творчай справаздачай "40 гадоў на сцэне" выступіць лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў актэт балалаек "Віцебскія віртуозы".
29 мая адбудзецца гала-канцэрт закрыцця XXV канцэртнага сезона з удзелам артыстаў і калектываў філармоніі.
У Віцебску, як у паслярэвалюцыйныя гады, зноў загучыць сімфанічная музыка на вуліцы. Такім чынам будзе працягнута незвычайная...