“Паўлінка” ў Купалаўскім тэатры. 70 гадоў папулярнасці. 21.by

“Паўлінка” ў Купалаўскім тэатры. 70 гадоў папулярнасці

23.05.2014 18:40 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Адной з самых папулярных пастановак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — “Паўлінцы” — спаўняецца 70 гадоў. Упершыню спектакль быў пастаўлены 23 мая 1944 года ў расійскім Томску, куды трупа Купалаўскага тэатра была эвакуявана ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сама камедыя Янкі Купалы ўжо адсвяткавала стагоддзе. Сёння спектакль ідзе ў пастаноўцы Льва Літвінава.




21 траўня ў Купалаўскім тэатры прайшла творчая сустрэча актораў, літаратараў, гісторыкаў, супрацоўнікаў і аматараў тэатра. Удзельнікі распавядалі цікавосткі пра тое, як у розныя гады складаўся шлях пастаноўкі. Было месца і для асабістых разваг.

Сваімі думкамі наконт знітавання лёсаў Янкі Купалы і правобразу галоўнай гераіні Паўліны Мядзёлкі падзяліўся літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

“Я пісаў шмат пра Купалу. І даводзілася шмат разважаць над некаторымі пытаннямі. Што азначала для паэта муза Паўліна Мядзёлка? Паэты, як правіла, нешчаслівыя ў каханні. Муза музаю, але шчаслівага кахання не было. Паўлінка ўвайшла ў п’есу, каб зрабіцца гераіняй, а потым выйшла з яе іншай”, — разважае літаратуразнаўца.

Ён ўзгадаў і знакамітую размову паэта і Мядзёлкі ў віленскай цукерні “Зялёны Штраль”: “Там і каву пілі, і цыгарэты палілі. Дарэчы, Паўлінка паліла, як паравоз, але гэта, зразумела, не вайшло ў вобраз на сцэне. І вось, гаварылі яны гаварылі пра нашаніўскія справы, а потым ён раптам кажа ёй: “А што, калі нам ды пабрацца”. А яна яму адказвае: “Я люблю цябе, Янка, як нашага паэта народнага, але кахаю я іншага”. Вось я і задумаўся, а хто той іншы? Гэта таксама Купала, толькі іншы. Вось мы бачым таго, якога яна не кахала, бо занадта той быў фанабэрысты. А ёй бачыўся за Купалам прарок народны, такога яна хацела пакахаць. Але ж такі нікому не належыў”.



Паўліна Мядзёлка

Васючэнка адзначыў, што Мядзёлку, калі яна выйшла з п’есы, чакалі шэсць турмаў — польскія, латыскія, савецкія.

“Я доўга думаў пра фінал п’есы, які прыдумаў Купала. Ён жа напісаў, што артыстка там павінна гаварыць: “Яхімку майго арыштавалі, зорачку маю ясную арыштавалі” і падаць у непрытомнасці. Але такі зусім не камедыйны фінал не спадабаўся драматургу Аляхновічу, і той напісаў новы фінал “Паўлінкі”, дзе ўсё шчасліва скончылася. Купала быў, канешне, незадаволены і казаў “што гэта за мода, творы перапісваць”. Але ў 44-м годзе ставілі ўжо па новым, шчаслівым фінале. Думаю, Купала б не дужа крыўдаваў, калі б даведаўся пра гэта”, — мяркуе крытык.



Раіса Кашэльнікава ў ролі Паўлінкі і Барыс Платонаў у ролі пана Быкоўскага.
1944 г.


Дырэктар літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч адзначыла, што гэты год багаты на юбілеі, бо не толькі “Паўлінка” адзначае сваё 70-годдзе, а і музей імя паэта. Столькі ж гадоў мінула з часу надання імя Янкі Купалы Нацыянальнаму драматычнаму тэатру.

Дырэктар у сваю чаргу распавяла колькі навуковых звестак пра тое, як “Паўлінка” стала камедыяй: “Гэты твор першапачаткова задумваўся і быў напісаны як апавяданне “А вербы шумелі”. Як пасля ўспамінаў Антон Луцкевіч, Купала не любіў пісаць апавяданні. І яно нейкім фантастычным чынам ператварылася ў п’есу”.

Вайна напаткала тэатр у час гастроляў у Адэсе, таму трупа не вярнулася ў Мінск, а была вывезена ў Томск. Калі прыйшла звестка пра раптоўную смерць Купалы, творчы калектыў звярнуўся да савецкага ўрада з прапановай аб наданні тэатру ягонага імя. Такім чынам Томск і стаў тым месцам, дзе ўпершыню купалаўцы паставілі “Паўлінку”. Над ёй працавалі з асобым захапленнем, бо з такім падарункам артысты вырашылі вярнуцца ў Беларусь пасля вайны.

Ужо ў пасляваенныя гады на “Беларусьфільме” знялі карціну “Паўлінка” (1952), дзе ролі выконвалі купалаўцы.



На сёння дакладную колькасць сыграных спектакляў ніхто не ведае, але купалаўцы кажуць, што яна перавышае дзве тысячы. Артысты жартуюць, што праз гэтую пастаноўку прайшлі ўсе супрацоўнікі тэатра.

Некаторым пашчасціла выконваць ў п’есе нават дзве ролі. Так, Ала Доўгая была Паўлінкай з 1965 па 1983 год, а пасля на сцэну выходзіла як маці галоўнай гераіні Альжбета. Ала Доўгая прызнаецца, што за столькі год удзелу ў спектаклі можа ўжо напісаць трактат пра яго.



Паўлінка — Ала Доўгая, 1970 г.

“Я вам скажу, што гэта было вельмі страшна. Калі я пачала выконваць галоўную ролю, яшчэ былі з намі першыя Паўлінкі. Я помню, як Мядзёлка пасля пастаноўкі прыйшла да мяне і сказала: “Я цябе прызнаю”. Гэта быў самы вялікі падарунак”, — узгадвае актрыса.

Яна прызналася, што ў яе было шмат Якімаў (выканаўцаў галоўнай мужчынскай ролі). “Я памятаю, як мы ў вёсцы нейкай гралі. І пасля спектаклю да мяне падыходзіць дзед і кажа: “У цябе ж быў другі жаніх! Чаму ж ты яго кінула?”. То бок людзі па некалькі разоў бачылі спектакль. Ці былі выпадкі, калі падыходзілі людзі і казалі, што мы не дайгралі пастаноўку, бо напрыканцы павінна быць вяселле. Я распавядала, што там няма вяселля, бо Паўлінка напрыканцы кажа — “Майго вяселля ніхто не пабачыць”, але людзі ўпарціліся, бо ў нейкага іншага тэатру бачылі вяселле”, — распавядае Доўгая.

Дарэчы, яна не прытрымліваецца думкі, што ў сучаснай пастаноўкі шчаслівы фінал, бо галоўная гераіня вымушана выбіраць паміж бацькамі і каханым. “Гэта драма для Паўлінкі”, — падкрэсліла спадарыня Доўгая.

За 70 гадоў спектакль перажыў некалькі рэстаўрацый. Напрыклад, у 2000 годзе ў яго вярнулася жывая музыка, бо даволі доўгі час яго гралі пад запіс. Загадчык музычнай часткі Купалаўскага тэатра Уладзімір Кур’ян распавёў, як яму няпроста было захаваць жывое музыкальнае суправаджэнне п’есы:

“Калі я прыйшоў у тэатр, у спадчыну я атрымаў аркестр з сямі чалавек. Але ў пачатку 80-х былі гастролі ў Балгарыі, дзе ўпершыню камедыю выконвалі пад фанаграму. З таго часу і пайшла традыцыя не выкарыстоўваць музыкаў. Справа яшчэ і ў тым, што Яўген Сікорскі напісаў парцітуру для 24 чалавек. І такая колькасць раней змяшчалася ў яму пад сцэнай. Пасля яе скарацілі да дванадцаці. Я ж атрымаў ужо толькі сем чалавек. Я быў самы малодшы з музыкантаў. Тады вельмі хацелася неяк з аптымізмам на ўсё глядзець, але не атрымоўвалася, бо час ад часу чуў размовы, што аркестар трэба “чыкаць”. Нашто ён, калі ёсць фанаграма”.

Але спадар Кур’ян вырашыў так справу не пакідаць. “Я ўліўся ў калектыў, паказаў сябе, набраў новую каманду, што зараз са мной. А я цяпер сярод іх самы стары! Яны імправіізуюць, граюць па нотах. І вось зараз нас восем”, — гаворыць ён.

Трэба адзначыць, што з вяртаннем музыкаў у пастаноўку звязана яшчэ адна гісторыя.

“Калі мяне папрасілі на адзін сезон вярнуцца ў “Паўлінку”, — распавядае Доўгая, — я сказала: ці з аркестрам, ці без мяне. А дзявацца ім не было куды, бо трэба ж граць спектакль”.

“І тады мне прыйшлося перапісаць парцітуру Цікоцкага, — прызнаецца Кур’ян. — Бо 24 чалавекі ў яму не змесцяцца нават голымі, не кажучы ўжо пра інструменты. Цяпер у пастаноўцы ўдзельнічае дзесяць чалавек. Я не памяняў танальнасць і не браў сінтэзатар, каб захаваць чысты тэмбр”.

Ёсць у аркестра і выязны варыянт. На пляцоўках, дзе няма ямы, музыкі граюць на самой сцэне.



Фота minsknews.by

На вечарыне 70-годдзя пастаноўкі ў скарочаным складзе музыкі выканалі некалькі ўрыўкаў. А спявалі разам з імі адразу дзве актрысы, што граюць галоўную ролю: Ала Доўгая — захавальніца традыцый “Паўлінкі” і Кацярына Алейнікава, якую мы можам пабачыць у п’есе сёння.

Пасля імпрэзы маладая Паўлінка прызналася, што хваляванне не пакіндае яе да гэтага часу: “Гэта вялікая адказнасць для мяне. Я думала, што пасля пятай ці дваццатай пастаноўкі мне будзе лягчэй. Але гэтага не адбылося. Асабліва складана было выступаць, калі на адкрыццё тэатра прыехаў прэзідэнт”.



Сучасная пастаноўка

Дарэчы, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін распавёў, што трупу з пастаноўкай “Паўлінкі” сёлета запрасілі ў Томск. Кола замкнулася.


Ролю Паўлінкі ў спектаклі Купалаўскага тэатра ад моманту прэм’еры выконвалі:
Раіса Кашэльнікава Раіса Кашэльнікава
Лілія Драздова Лілія Драздова
Бярута Дакальская
 
Лідзія Шынко
 
Ала ДоўгаяАла Доўгая
Зоя Белахвосцік Зоя Белахвосцік
Таццяна Літвіненка 
Іна Ўсовіч  
Юлія Шпілеўская Юлія Шпілеўская
Святлана ЗелянкоўскаяСвятлана Зелянкоўская
Кацярына ЯворскаяКацярына Яворская
Валянціна ГарцуеваВалянціна Гарцуева
Марта ГолубеваМарта Голубева
Кацярына АлейнікаваКацярына Алейнікава

 


Фота з архіва тэатра імя Янкі Купалы



Марыя ГРЫЦ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сама камедыя адсвяткавала ўжо сваё стагодде, але трупа менавіта Купалаўскага тэатра грае гэтую п’есу з 1944 года…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика