"Звязда" ўжо паведамляла пра тое, што на Віцебшчыне рыхтуюцца да святкавання 170-й гадавіны вядомага на ўвесь свет мастака Рэпіна. Сёлета, дарэчы, яшчэ адзін юбілей: чвэрць стагоддзя таму адкрыўся музей-сядзіба І.Я. Рэпіна "Здраўнёва". Гэтую сядзібу Рэпін набыў у маі 1892 года, калі прадаў славутую работу "Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану". За палатно атрымаў 35 тысяч рублёў серабром, а лецішча купіў за 12 тысяч. Каштоўнасць адноўленай у 1980-я гады сядзібы ў тым, што да нашых дзён цудам захаваліся парк, сажалка, склеп, рэшткі каменнага ўмацавання берага ракі Заходняя Дзвіна. Рэпін, які браў удзел у стварэнні набярэжнай, назваў яе "Крымская".
Сучасны "зорны" мастак Нікас Сафронаў нядаўна заявіў, што хоча пасяліцца побач: пабудаваць дачны дом, каб натхняцца "рэпінскай аўрай". Апошняя насамрэч прываблівае прыхільнікаў творчасці вялікага рускага жывапісца. Сярод іх ёсць людзі, якія сталі сябрамі музея.
…У той суботні дзень, калі рыхтаваўся гэты рэпартаж, у Здраўнёве быў турыстычны бум. Чарговую турыстычную групу просяць трохі пачакаць, пакуль пачатак экспазіцыі агледзяць іншыя. Адзін аўтобус з турыстамі яшчэ не з'ехаў, а ўжо чарговы спыняецца…
Дарэчы, добра што Віцебскі аўтобусны парк №1 аднавіў рэйсавы маршрут з Віцебска да Здраўнёва. Не ва ўсіх жа гараджан і гасцей горада ёсць аўто, каб даехаць "да Рэпіна". З Віцебска да сядзібы каля 20 кіламетраў. Цяпер ходзіць аўтобус, праўда, пакуль што толькі раніцай і вечарам. Мо таму многія гараджане ні разу не былі тут. А некаторыя мае знаёмыя нават і не чулі, што недалёка ад шумнага абласнога цэнтра ёсць унікальнае месца натхнення славутага жывапісца.
З Аляксеем Сухарукавым, дырэктарам музея-сядзібы І.Я. Рэпіна "Здраўнёва", мы пагаварылі пра новыя экспанаты і не толькі:
- Нягледзячы на тое, што юбілей Рэпіна будзе афіцыйна святкавацца 5 жніўня, святочныя мерапрыемствы ўжо праходзяць. Сёлета ў нас двайное свята, бо сядзіба адкрылася ў 1989 годзе. Адпаведнае рашэнне Міністэрствам культуры БССР было прынятае годам раней. Пастараемся прыемна здзівіць наведвальнікаў.
Аляксей Васільевіч паведаміў і навіну, якую можна лічыць сенсацыяй у добрым сэнсе гэтага слова. Жыхары Санкт-Пецярбурга, якія з'яўляюцца сябрамі беларускага музея, збіраюцца падарыць жырандолю, вырабленую напрыканцы XІX стагоддзя, іншыя рарытэтныя прадметы, аксесуары.
- Мы не страчваем сувязь з даўнімі сябрамі музея з Санкт-Пецярбурга, а таксама з Масквы. Яны гадоў дзевяць таму прыехалі да нас на экскурсію, а потым вырашылі нейкім чынам аказаць дапамогу. Гэта не багацеі, а проста энтузіясты, якія любяць творчасць мастака. Людзі розных прафесій аб'ядналіся ў нефармальнае кола сяброў музея. Сярод філантропаў - праўнучка знакамітага акадэміка Паўлава, нашчадкі акцёраў дарэвалюцыйных пецярбургскіх тэатраў. Адным словам, інтэлігенцыя… Не выключаецца, што іх продкі асабіста ведалі Рэпіна. Усяго ўжо перададзена некалькі сотняў рэчаў. Сярод іх - камод, крэсла, ложак, кнігі, сусветны атлас гісторыі, многія прадметы побыту канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя.
Невялікая сядзіба паблізу Віцебска стала для славутага рускага мастака Ільі Рэпіна месцам, дзе яго талент набыў новае дыханне.
- Тут на працягу 1892-1902 гадоў мастак стварыў шэраг карцін, якія ўвайшлі ў скарбніцу рускага і сусветнага мастацтва: "Восеньскі букет" (1892), "На Заходняй Дзвіне. Усход сонца" (1892), "Беларус" (1892), "Месячная ноч" (1896), "Дуэль" (1896), "На сонцы" (1900) і іншыя. Аднак яшчэ ў 1899 годзе творца набыў пад Пецярбургам новую сядзібу - "Пенаты", дзе пазней жыў пастаянна. На жаль, у Віцебску вельмі мала арыгіналаў твораў мастака, і яны захоўваюцца ў фондах абласнога краязнаўчага музея. Арыгіналаў карцін Рэпіна ў сядзібе няма, - расказвае Валерый Шышанаў, намеснік па навуковай рабоце дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Замест арыгіналаў у Здраўнёве можна ўбачыць цудоўныя копіі рэпінскіх твораў. Як расказаў дырэктар музея, пяць гадоў таму 9 копій рэпінскіх работ прывёз Сяргей Нарышкін, старшыня Дзяржаўнай Думы Расіі - ад фонду краін СНД па гуманітарным супрацоўніцтве.
Летась у сядзібе атрымалі 14 копій рэпінскіх работ, якія перадаў у дар Рыгор Рапота, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы.
Аляксей Мілер, кіраўнік кампаніі "Газпрам", летась падарыў каля 30 фота з піцерскага архіва кінафотафонадакументаў. На іх выявы Рэпіна, яго родных і блізкіх.
Нікас Сафронаў пакуль што нічога музею не дарыў. Пры гэтым, нядаўна знаходзячыся ў нашай краіне, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ сказаў, што хоча пабудаваць дом недалёка ад сядзібы Рэпіна. Маўляў, цудоўныя пейзажы вакол, малаком смачным пачаставалі, мо і сам карову куплю.
Работнікі музея расказалі, што насамрэч Нікас некалькі гадоў таму наведаў сядзібу (ёсць адпаведныя фота). Яму вельмі тут спадабалася. Напэўна, так натхніўся ўбачаным, што праз гады і выказаў намер стаць "суседам Рэпіна".
Штогод у Здраўнёва прыязджаюць ад 15 да 17 тысяч чалавек. У год юбілею мастака, вядома, колькасць гасцей павялічыцца, таму ўсё больш турыстычных кампаній выказваюць гатоўнасць супрацоўнічаць з дырэкцыяй музея.
Нядаўна знаходзячыся ў нашай краіне, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Нікас Сафронаў сказаў, што хоча пабудаваць дом недалёка ад...