Роспіс у стылі эскіза Малевіча "Смерць шпалерам!" неаднойчы "паміраў" і адраджаўся. Яго саскрэбвалі і зафарбоўвлі доблесныя супрацоўнікі ЖКГ, але праз некаторы час малюнак зноў "уваскрасаў". Апошні раз - у 2010 годзе. Але цяпер "сцяна Малевіча" зноў белая.
Ініцыятарам ўзнаўлення эскіза выступіў віцебскі Цэнтр сучаснага мастацтва. "Мы ўжо адаптавалі эскіз да тарца будынку. Магчымасць роспісу ўзгоднена з аддзелам архітэктуры гарвыканкама. Разлічаны бюджэт - грошы, патрэбныя на фарбы і паслугі аўтавышкі. Гэта 4 млн рублёў. Праект будзе выконвацца ў форме эпахальнага перформансу", - распавяла супрацоўніца Цэнтра сучаснага мастацтва Алена Ге.
Яшчэ некалькі прэзентаваных праектаў мелі на мэце насыціць Свята горада вершамі ды кнігамі. Гэта "Музычна-літаратурная пляцоўка" Алеся Замкоўскага і "Вулічны букросінг" Яўгена Камінскага.
Катацца, дык з музыкай
Нямала ідэяў засталося па-за межамі прэзентацыі, але яны таксама былі агучаны. Гэтак, маладыя віцябляне прапаноўвалі "пасадзіць духавы аркестр на трамвай №1 і катаць па горадзе", а таксама наогул адмяніць на свята плату за праезд і зладзіць тэматычныя экскурсіі на грамадскім транспарце. Яшчэ прапаноўвалі сустракаць цягнікі ў Дзень горада з духавым аркестрам. А ідэю забараніць продаж алкаголю падчас Дня горада ўдзельнікі "Кірмашу праектаў" сустрэлі дружнымі апладысментамі.
Акрамя таго, моладзь выявіла жаданне "прыбраць металічную агароджу ў цэнтры горада і перакрыць тут рух транспарту", зладзіць флэшмоб "Сэрца Віцебска", дзень сям'і, конкурс пясчанай архітэктуры і дрыфт-шоу - на аўтадроме побач з ДАІ. Самай салодкай была ідэя арганізаваць конкурс пірагоў і тартоў "Віншуем родны горад". Конкурсную выпечку потым можна было б аддаць дзеткам і звычайным мінакам.
Гарвыканкам: усе праекты можна ажыццявіць
Падводзячы вынікі "Кірмашу праектаў", Наталля Шыянок дзівілася: "Тут практычна ніхто не папрасіў грошай! А калі і просяць, дык адразу знаходзяцца партнёры, якія нешта падказваюць ці абяцаюць. А мы ж дзеці іншага часу: быў дзяржаўны бюджэт, і ўсё было зразумела. Але сённяшні час дыктуе новыя патрабаванні. І патрабуе ад моладзі фантазіі, як гэтыя грошы зарабіць…".
Спадарыня Шыянок падкрэсліла, што ўсе прадстаўленыя праекты "можна ажыццявіць". Некаторыя - ужо на Дзень горада. Гэтак, літаратурныя праекты для апрабацыі можна прывязаць да "Літаратурнай пляцоўкі", якая ўжо прадугледжана праграмай святкавання: "Моладзь можа браць удзел і чытаць вершы побач з масцітымі пісьменнікамі, удзельнікамі і членамі пісьменніцкіх арганізацый. Ніякіх праблем няма…" Танцавальныя праекты могуць ажыццявіцца, як лічыць Наталля Шыянок, на "Тэатральнай пляцоўцы".
"Дабро" на здзяйсненне атрымала таксама "Фотасушка". "Мне здаецца, дрэваў для вяровак у скверы Маякоўскага хапае", - заўважыла прадстаўніца гарвыканкама. Яна таксама паабяцала абмеркаваць у аддзелах адукацыі і спорту праект турніру па футбольным фрыстайле, які падаўся ёй "выдатным і яркім".
Наконт "сцяны Малевіча" заўважыла: "Сцяну мы павінны зрабіць калі не да свята горада, дык да "Славянскага базару". Галоўнае - зрабіць. Тым больш, што мы рабілі ўжо гэта двойчы".
"Давайце, сябры, аб'яднаем высілкі і будзем адкрытыя адзін да аднога. І не трэба баяцца, што недзе ў выканкаме ці ва ўстанове культуры альбо адукацыі сядзяць закамплексаваныя людзі… Вялікі дзякуй, што вы захавалі жаданне жыць творча, крэатыўны і ў плыні часу. Што спрабуеце вырашаць праблемы самі, не разлічваючы на добрага дзядзю. Але мы ўсё-такі пастараемся не застацца ў баку. Частку праектаў ажыццявім бліжэйшым часам, частку - пазней. Жыццё - доўгае…" - запэўніла Наталля Шыянок.
На гэтай ноце прэзентацыйная частка "Кірмашу праектаў" павольна перацякла ў фармат нязмушаных размоў пад каву з цукеркамі.
Чарговая адкрытая прэзентацыя культурніцкіх ідэй "Кірмаш праектаў" у Віцебску прайшла 10 чэрвеня ў новым фармаце. Па-першае, яна адбылася ў Музычнай гасцёўні -...