“Беларускі гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў с дапамогай тэхналогіяў XVI стагоддзя аднавіў Біблію першадрукара Францыска Скарыны”. Так СМІ апісалі дасягненне беларускага гісторыка. І сапраўды, 3 верасня Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў унікальную кнігу, надрукаваную на адноўленым друкарскім варштаце.
Па словах Ліхадзедава, кніга аддрукаваная на самаробнай ільняной паперы, вырабленай па старадаўняй тэхналогіі вычэрпвання. Усяго на адноўленым станку было выраблена сем асобнікаў скарынаўскай Бібліі.
«Станок дзейны, і гэта вялікая рэдкасць, паколькі ў свеце аднавілі ўсяго некалькі такіх станкоў», — падкрэсліў Ліхадзедаў.
Адноўленую кнігу Скарыны спачатку хацелі абкласці ў скураны пераплёт, адзначыў гісторык, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся, паколькі Біблія не выглядала б аўтэнтычна. Тады было вырашана зрабіць для Бібліі мяккую вокладку, таксама па старадаўняй тэхналогіі. Вокладку праілюстраваў беларускі мастак-графік Барыс Цітовіч.
«Эксперты з Санкт-Пецярбурга, Масквы, а таксама Беларусі далі кнізе высокую ацэнку, — сказаў Ліхадзедаў. — Кніга практычна не адрозніваецца ад арыгінала. Аднак варта разумець, што пры сённяшнім развіцці аргтэхнікі зрабіць факсімільнае або рэпрынтнае выданне нескладана, у той час як адноўленая кніга — рэдкасць».
На сваім варштаце гісторык марыць аддрукаваць «першыя кнігі, якія выдаваліся ў друкарнях Беларусі ў XVI-XVII стагоддзях». Ён таксама адзначыў, што ацаніць вынік яго працы «немагчыма», бо «адноўленая кніга неацэнная». «У дадзены момант купіць яе [адноўленую Біблію] нідзе нельга, але калі будзе зацікаўленая дзяржава або мецэнат, думаю, такая кніга павінна прысутнічаць у бібліятэках краіны», — падкрэсліў Ліхадзедаў.
Naviny.by зазірнулі не толькі да гісторыка, каб паглядзець на яго варштат, але і да эксперта — Аляксандра Сушы, намесніка дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі.
Да Сушы мы прывезлі аддрукаваны ўласнымі рукамі аркуш паперы. Мы ведалі, што наш аркуш не зусім аўтэнтычны, бо зроблены з цэлюлознай паперы, адноўленыя ж Бібліі рабіліся з ільну.
“Прыведзены прыклад, гэта цэлюлозная папера, яна ў часы Скарыны не ўжывалася, выкарыстоўвалася ільняная папера, — падцвердзіў нашыя здагадкі экспрет. — Але ўзноўленая кніга Быцця зроблена на аўтэнтычнай ільняной паперы, вырабленай па тэхналогіі таго часу”.
“З таго, што тут можна бачыць, складана сказаць па самой гравюры, ці тэкст быў наборным, ці ён быў цэльнагравіраваны. Хаця, канешне, мы ведаем, што на той час аўтэнтычныя кнігі Францыска Скарыны набіраліся. Як амаль і кожнае выданне выходзіла дзякуючы набору шрыфтавога масіва ў пэўныя формы, з якіх потым ажыццяўляўся друк”, — працягвае аналіз Аляксандр Суша.
Але “адноўленыя” Бібліі надрукаваныя з дапамогай цэльнагравіраваных старонак. З арыгінаў Скарыны былі знятыя камп’ютарныя копіі, па іх зробленыя віртуальныя формы і, у рэшце рэшт, адлітыя формы для друку.
Як распавеў Naviny.byУладзімір Ліхадзедаў, зроблена гэта было таму, што ў Беларусі няма спецыялістаў, якія б настолькі ведалі мову часоў Скарыны, што маглі б набраць старонкі асобнымі літарамі. Таму, каб пазбегнуць памылак, быў абраны хоць і даражэйшы, але больш дасканалы варыянт.
Уладзімір Ліхадзедаў упэўнены, што яго Бібліямі могуць зацікавіцца музеі і бібліятэкі. Але іх, хутчэй, цікавіць тэхналогія друку, а не яе вынік.
“Мы сення выкарыстоўваем вельмі спецыфічныя рэстаўрацыйныя матэрыялы, адмыслова створаныя для працэсу рэстаўрацыі. І яны не павінныя зусім быць бачныя. А тут, канешне, бачна, што гэта новадалітая папера. Тое, што ў нас сёння ствараецца, гэта тэхналогія, якая дазваляе максімальна кансерваваць кнігу, не зрабіць, каб яна выглядала а-ля новая, а захаваць аўтэнтычны стан і папярэдзіць разбурэнне далейшае”, — распавеў Аляксандр Суша.
“На маю думку, галоўнае тут дасягненне — пэўная атракцыйнасць, яркасць працэсу, — працягвае эксперт. — Тут важней не вынік: гэты аддрукаваны аркуш ці цэлая кніга, але адноўленая тэхналогія. Напрыклад, маладым наведнікам нашай бібліятэкі, ці любога музея было б цікава, і гэта на свяце пісьменства было добра бачна, пабачыць гэтую тэхналогію: як ідзе працэс друкавання, як наносіцца фарба, як кладзецца аркуш паперы, як што чым прыціскаецца, і як гэта рабілася на працягу некалькіх стагоддзяў да нас”.
У “адноўленай” Бібліі выкарыстана аўтэнтычная папера, але не зусім аўтэнтычныя фарбы і зусім не тых часоў друкарскія формы. Затое друкарскі варштат, па меркаванні экспертаў, адпавядае гістарычным аналагам. Таму калі самі Бібліі і не з’яўляюцца цалкам “адноўленымі”, то ўзнавіць працэс друку, у прынцыпе, атрымалася.
“Такім чынам ідэя ўзнаўлення цікавая, яркая, але яе трэба ўспрымаць не як 100% рэканструкцыю творчасці Скарыны. Гэта сучасная творчасць. Якая суадносіцца з дзейнасцю нашага першадрукара, да яе адсылае, але з'яўляецца феноменам сучаснай беларускай культуры”, — падсумоўвае эксперт